Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Добрая справа: доктар медыцынскіх навук, прафесар, выдатнік аховы здароўя, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Цыркуноў у час наведвання родных Целяхан бясплатна кансультаваў сваіх землякоў.


На прыём да прафесара сабралася каля сарака чалавек. Не ўсе іх скаргі ды звароты былі па профілі Уладзіміра Максімавіча як інфекцыяніста і гепатолага, але карысныя парады атрымаў кожны.

Свежы і прафесійны погляд на заключэнні калег, жыццёвы досвед і аптымізм знакамітага земляка многіх прымушалі паглядзець на свае праблемы з іншага боку, атрымаць накіраванне на дадатковае абследаванне, папоўніць свой багаж ведаў па тым ці іншым захворванні.

Цікавілі месцічаў і адкрыцці ў галіне медыцыны, у лячэнні гепатыту.

Слухаць прафесара было вельмі цікава, занепакоенасць хваробамі міжволі саступала месца здзіўленню, як складана «ўстроены» чалавек, як важна для яго паспяховага лячэння ўлічваць розныя абставіны.

І калі б у зале, дзе вялося кансультаванне, былі старшакласнікі, упэўнена, многія з іх захацелі б стаць дактарамі, як Цыркуноў.

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА


«А мясціны тут былі прыгожыя...»

Апошнім часам у інтэрнэце з'явілася шмат відэаролікаў пад агульнай назвай «Гісторыя з геаграфіяй». Яны расказваюць пра беларускія вёскі, якія паміраюць. Балюча думаць пра гэта, балюча глядзець такое «кіно». А тым больш калі там, у гэтым «фільме», родная Рудня.

Сэрца здрыганулася: няўжо гэта яны, мясціны майго дзяцінства!? Ні лугоў, ні палёў, ні суседніх вёсак. Канава, зарослая хмызам, замест празрыстай рэчачкі Лабжанкі, прытока Сожа.

Пільна ўглядалася ў твары людзей — нікога не пазнала. Засталося шэсць двароў, якія стаяць паасобку ў розных канцах былой прыгажуні-вёскі. Дзякуй Богу і людзям, што лес пасадзілі: сосны ўсё ж лепей, чым бур'ян-трава.

А мясціны тут былі прыгожыя: вясною — у бела-ружовым вэлюме садоў, у водарах чаромхі і бэзу, летам — у кветкавых дыванах і пчаліным гуле, што толькі ўначы заціхаў над векавымі ліпамі. А ягады-грыбы, якія можна было касіць касою, а стаўкі і азёры, што літаральна кішэлі рыбай...

А галоўнае — людзі, дружныя, працавітыя. Іх клопатам падрасталі дзеці, каласілася збажына і радзіла бульба. Шчодрая зямля: нездарма ж яе аблюбавалі далёкія продкі. У 1994 годзе студэнты Магілёўскага педуніверсітэта праводзілі тут раскопкі. На месцы вёскі была знойдзена стаянка старажытных людзей. Так што радзімічы ведалі, дзе сяліцца...

Аб гэтым — асабліва цяпер, калі падводзіць здароўе — думаю ўсё часцей і часцей: вяртаюся сэрцам у родны куточак. Як жа там добра было, як прыгожа! Некалі ў Клімавіцкі раён мы з аднакурснікамі прыехалі на бульбу. І я пешшу павяла сяброў «у родную Рудню». Яны потым казалі, што нарадзіўшыся сярод такой прыгажосці, немагчыма не пісаць вершаў. І я пісала. І пішу.

Даўно няма бацькоў. Няма і хаты. Хіба што здымак печы, на якой выраслі пяцёра дзяцей:

...З вайны вярнуліся, адбудаваліся,

Палі засеялі. Цвілі сады.

Мы з песняй матчынай тут гадаваліся.

Чаму ж не ў радасці сягоння ты?

Хаціны рэдкія, непазнавальныя.

Знаёмай вуліцы нібы няма.

Сасёнкі гонкія заместа яблыняў,

А па-над соснамі — густы туман.

Год Малой Радзімы. З вялікай літары ўсе тры словы я пішу невыпадкова: так адчувае сэрца.

Наталля Сівак (Зольнікава),

в. Заполле, Чэрвеньскі раён


Грыбны авантурызм, або Спантаннае падарожжа па родным краі

Ліпень адплакаў, прычым шчодрымі дажджамі. Ці не час наведацца ў лес, у грыбы? Памятаючы паведамленні пра няўдачлівых грыбнікоў, праверыў зарадку мабільніка, напоўніў бутэльку вадой з малінавым варэннем. У заплечнік — посуд для грыбоў, туды ж ножык...

Матацыкл, дзякуй богу, не падводзіць, чатырнаццаты сезон. Еду на ім да галоўнай дарогі і думаю, што налева — блізка (два-тры кіламетры і ты ў сваім лесе), а вось направа — гадоў, можа, з дваццаць не ездзіў.

Не іначай авантурызм гоніць у некалі вядомую грыбную мясціну: спыняюся, «даследую», вяртаюся з... дзвюма жоўтымі «сястрычкамі».

За мостам цераз Дрысу вітаю прагаліну маладзейшага лесу на месцы атокінскага кургана, які мы ў школьныя гады даследавалі пад кіраўніцтвам (светлай памяці) Георгія Васілевіча Штыхава. Там жа прастую міма каменя з надпісам «Беражыце лес», паўз які за дзень праязджаюць мо тысячы людзей і не «бачаць», то-бок — не берагуць: месцамі — бязладная высечка, месцамі — параскіданыя пакеты, бутэлькі — нават з-пад шампанскага.

А дарога між тым працуе, шуміць, кліча далей: кірую ў бок вядомай станцыі Дрэтунь, дзе такія баравіны, такія імшары журавін, такія чарнічнікі... Нездарма людзі едуць туды з Расонаў і Полацка, часам — за дзясяткі кіламетраў. Да таго ж лясныя дарогі там пралягаюць, як правіла, па пясчанай мясцовасці: яны прыдатныя для легкавушак, а яшчэ больш — для матацыкла. Адзінае — не дужа разгонішся: страшнавата «злавіць» сустрэчную...

Да таго ж на ўзбочынах часта сустракаюцца навешаныя на дрэвы пакеты, пластыкавыя бутэлькі — арыенціры для «наступнікаў», вядомыя толькі ім.

На адным з чарговых прыпынкаў у пошуку лісічак (менавіта па іх я збіраўся ў лес) натрапіў на косці і «коўдру» з ласінай шэрсці. З якой прычыны загінуў той горды прыгажун, невядома. І рагоў, на жаль, не пакінуў.

Я між тым ехаў далей, ужо... не ведаючы, дзе канкрэтна знаходжуся і... не шкадуючы, бо была ў тым і нейкая рамантыка, чараўніцтва ды перакананне, што назад дарогі няма!

Раптам уверсе мільганулі правады, потым — трансфарматар і пабудова, на якой чорным па шэраму было напісана: «НП Сургут — Полоцк 3197 км».

Гэта падымала настрой. Падумаў: грыбоў не назбіраю, дык хоць павандрую ад душы. Спыніўся ў прыцішаным лесе, паслухаў птушак, міжволі падумаў, які ўсё ж кароткі год!.. Натрапіў на лапік чарніц. Яны такія салодкія! І чарнічнікі чыстыя, без зараснікаў багуну.

А далей між маладзенькіх соснаў мільганула азярцо. Рыбакі сказалі, Звярынае. Берагі ў яго высокія, абрывістыя. У суседняга возера Страдань — якраз наадварот: да берага не падысці — балота, зыбучы мох, затым вада і неабсяжны прастор...

У лесе шчэрацца вялізныя копанкі-сховішчы для танкаў, зарослыя мохам. Пра экалогію тады, напэўна, не думалі, зладзілі вялікае ваеннае вучэнне. Танкі ўціснулі ў грунт і частку брукаванкі Дрэтунь — Празарокі. Цяпер яна звузела да амаль што лясной дарогі...

Вось па ёй я і кіруюся дахаты — амаль без грыбоў (толькі пакаштаваць), але з асалодай ад уражанняў, вартых таго, каб аддаць ім адзін дзень жыцця. Шкада толькі, што фотаапарат не ўзяў. Прыйдзецца яшчэ раз паехаць направа.

А налева, трохі адпачыўшы, мы з'ездзілі з жонкай. Хутка, хвілін за сорак, набралі столькі ж грыбоў, колькі я за цэлы дзень.

Аляксандр Матошка,

в. Янкавічы, Расонскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?