Беларуская палата моды сумесна з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам запусцілі праект «Новыя магчымасці», у рамках якога людзі з асаблівасцямі змогуць паспрабаваць сябе ў якасці дызайнераў. Разам з айчыннымі мадэльерамі (сярод якіх Павел Доўнар, Аляўціна Расолька, Вольга Бігель) яны распрацуюць калекцыю адзення і прадставяць яе 14 кастрычніка падчас тыдня моды ў Мінску.
— Сфера fashіon з'яўляецца той індустрыяй, якая заўсёды прыцягвае ўвагу і дапамагае данесці да грамадства вострыя і важныя тэмы, — лічыць Яніна Ганчарова, старшыня Беларускай палаты моды. — Гэта не першы наш вопыт супрацоўніцтва з асацыяцыяй. Мы ўжо прадстаўлялі калекцыю для дзяцей (над ёй працавала віцебскі дызайнер Таццяна Яфрэмава) і запрашалі дзяцей з інваліднасцю паўдзельнічаць у яе паказе. Быў таксама праект па стварэнні адзення на тэму яснай мовы — на майках змяшчаліся простыя для разумення піктаграмы.
У калекцыі, якую прэзентуюць у кастрычніку, будзе 20 вобразаў, пяць з іх — мужчынскія. Натхненнем стаў стыль 1930-х гадоў, але ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Мужчынскія вобразы будуць брутальныя, жаночыя — пачуццёвыя. Яркім акцэнтам стане вышыўка, у аснове якой — малюнкі насякомых і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Адзенне разлічана на сезон лета 2019 года, таму адным з матэрыялаў быў выбраны лён. Людзі з інваліднасцю будуць займацца дэкорам і пашывам рэчаў.
— Мы не любім нічога рабіць «у шафу». Гэта будзе калекцыя, якую можна насіць штодня. Мы паспрабуем зацікавіць вытворчасці, каб яе адшылі для продажу. Сабекошт матэрыялаў невялікі, адпаведна і вырабы будуць недарагія, — расказвае Яніна Ганчарова.
— Вынікі праекта складана прагназаваць. Але мы спадзяёмся на станоўчы эфект, — дзеліцца каардынатар праекта Ірына КУКСІК. — Добра, калі некалькіх людзей удасца ўладкаваць на адкрыты рынак працы — магчыма, прадпрыемствы лёгкай прамысловасці зацікавяцца.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.