Вы тут

«Адукацыя і выхаванне» прэзентавала шэсць кніг


Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» прэзентавала шэсць кніг пра выдатных асоб найноўшай беларускай гісторыі.


Калісьці супрацоўнікамі выдавецтва разам з «Настаўніцкай газетай» ужо была распачата серыя нарысаў пра слынных гістарычных дзеячаў. Але публікацыя ў перыёдыцы — адно, а паўнавартасная кніга — зусім іншы ўзровень. Так у 2014 годзе з'явілася ідэя заснаваць новую біяграфічную серыю «Асобы». Першым выданнем стала кніга на аснове ўспамінаў сяброў, калег, знаёмых «Віктар Парфёнаў: пакланіся травінцы. Экспедыцыя акадэміка» за аўтарствам Уладзіміра Ліпскага.

— Мы хацелі, каб «Асобы» расказвалі не проста пра чалавека, які знайшоў сваю справу і добра яе робіць, але пра асобу, якая разважае пра сябе, наша прызначэнне ў свеце, пра служэнне роднай зямлі, — абазначае мэты Мікалай СУПРАНОВІЧ, ініцыятар і заснавальнік серыі, дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».

Плануецца, што серыя кніг стане своеасаблівай «гісторыяй навейшага часу Беларусі», расказанай праз лёс людзей, якія ў многім яе і вызначалі.

На прэзентацыі ўжо надрукаваных шасці кніг удзельнікі маглі сустрэцца з галоўнымі героямі гэтых выданняў: першым касманаўтам Беларусі Пятром Клімуком, пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім, акадэмікам НАН Беларусі Віктарам Парфёнавым, аграрыямі Рыгорам Бабчанком і Аляксеем Скакуном, разведчыкам і контрразведчыкам, героем афганскай вайны Уладзімірам Гаркавым.

— Кожны раз, калі праязджаю міма могілак, я думаю: «Божа, ляжыць бібліятэка непрачытаных кніг!» Нам, як пісьменнікам, журналістам, трэба паспець запісаць той вопыт, што накапіў чалавек, з чаго потым стане складацца наша гісторыя, — такую думку выказаў падчас прывітальнага слова Уладзімір Ліпскі, пісьменнік, а таксама яшчэ адзін ініцыятар і заснавальнік біяграфічнай серыі «Асобы».

Сапраўды, за сваё жыццё чалавек часта набірае падзей і думак на паўнавартасны раман. А бываюць жа яшчэ жыцці-эпапеі, чые багатыя сэнсы дапамагаюць раскрыць сведкі, знаёмыя, сябры і калегі. Менавіта таму ўспаміны, сабраныя ў кнігах, датычацца не толькі агульнай «прафесійнай» дзейнасці беларускіх дзеячаў. Ёсць там месца і для выпадкаў, якія раскрываюць характар, знаёмяць са звычкамі, марамі і захапленнямі.

— Асабліва прыемна, што ў кнізе сабраныя словы маіх знаёмых, сяброў — усіх тых людзей, з кім я меў зносіны, — выказаў словы падзякі Пётр Клімук.

Яшчэ першы беларускі касманаўт падзяліўся ўспамінамі пра сваё вясковае дзяцінства і пра тое, якім было жыццё ў Зорным гарадку.

— Я лічу, што прыдумка стварыць такія кнігі — надзвычай удалая ідэя. Калі літаратар піша мастацкую кнігу, ён хоць крышачку, але павінен дабавіць у яе выдумкі. А тут жа аўтары-складальнікі запісвалі рэальныя размовы і праўдзівыя ўспаміны. Яны маглі параіцца і ўдакладніць некаторыя моманты з самімі «героямі твораў», — лічыць Віктар Парфёнаў.

Цяпер выдавецтва працуе яшчэ над трыма кнігамі пра знакамітых беларусаў. Наступныя выданні раскажуць пра Віктара Пякарскага, былога начальніка сталічнага крымінальнага вышуку, паэтэсу Раісу Баравікову і вучонага ў галіне распрацоўкі новых матэрыялаў, акадэміка НАН Беларусі Пятра Віцязя.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Як зразумець чалавека-легенду?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».