Вы тут

Перачытваючы Уладзіміра Сямёнавіча


25 ліпеня я заўжды перачытваю Караткевіча. Не штосьці любімае з мастацкай прозы, а яго апошні дзённік, які пісьменнік вёў у сваім так і не скончаным падарожжы па Прыпяці. У маім жыцці ён з'явіўся нашмат раней, чым у сеціве на адмысловым сайце, — дзякуючы зашмальцаванаму часам і пальцамі чытачоў асобніку часопіса «Маладосць» за лістапад 1990-га, калісьці «пазычанаму» (назаўсёды — менавіта з-за Караткевіча!) у бібліятэцы, якой ужо даўно няма. Шыкоўная публікацыя Валянціна Ждановіча, сябра пісьменніка, які разам з мастаком Пятром Драчовым выправіўся з ім у тое апошняе падарожжа на плыце па вялікай рацэ, спадзеючыся, што менавіта любімае Караткевічам Палессе верне яго да жыцця пасля страты жонкі і цяжкай хваробы. Фотаздымкі з таго падарожжа, у тым ліку і апошняе прыжыццёвае фота пісьменніка, зробленае 16 ліпеня 1984-га...


Чытаю гэтыя запісы Караткевіча штогод, з кожным годам няўмольна ўсё бліжэй і бліжэй становячыся да таго ўзросту, у якім ён іх пісаў. І кожны год знаходжу ў іх для сябе нешта новае, раблю нейкае адкрыццё (хаця ж і запісаў тых няшмат, усяго некалькі старонак, і пазнак немастацкіх у іх хапае, накшталт «адплылі-мінулі»). Гэтым разам зачапіла падабенства надвор'я, якое было 34 гады таму — суцэльная задуха і дажджы. А яшчэ бадай упершыню за скупымі заўвагамі кшталту «Вечарам мне кепска... Ледзь магу хадзіць...» убачыўся хворы, вельмі хворы чалавек. Які за ўласным болем наўрад ці мог што іншае бачыць і заўважаць. Але вось яно — паглядзіце, пачытайце, здзівіцеся:

Сава вылецела да агню, цікаўнасць, нырае ў паветры. Уначы над Пінскам нізкія здалёк гроны чырвоных ракет. Нехта сваволіць. Гэта дзень Пётры і Паўла. У дзень, калі змаўкаюць усе зязюлі...»

«Курадава ў вялікіх кронах дрэў. У намёт коннік з узятым з табуна канём. Коні пад Курадавай. Вербы на пясчаным узгорку. На гэтыя вербы вечарам села такая чарада маладых шпакоў, якой мне дагэтуль не даводзілася бачыць. Спачатку яны доўга і ўпарта ганялі над берагам, дзе мы спыніліся (луг, балотцы, зарасці вярбоўніку), вялізнага коршака. Міла было, з якім гвалтам, як упарта і ў канцы з якім трыумфам...»

«Вусце Ясельды. Уліваецца ў Прыпяць крыштальна-чыстая вада, піць можна. А яшчэ ніжэй па правым, паўдзённым беразе Прыпяці рака зрабіла «наглядны дапаможнік па аграноміі» (такі звычайна робяць штучна), «што такое глеба». Над ярам спелае жоўтае жыта, ніжэй пласт чорнай глебы, яшчэ ніжэй жоўценькі, аж белы, пясочак, яшчэ ніжэй — вада...»

«Узгорак. На ім вербы, спавітыя ажыннікам, хмызы парэчкі. За намі азерца, дзе кумкаюць жабы, і хмызы густыя, што аж гудуць ад камарынага звону...»

«Першы ў шэрагу дрэў старажытны каравы дуб. Застаўся пры працах. Злітаваліся. Дрот. Палын. Таполі з адбіткамі ў вячэрняй вадзе, як на карцінах Пісаро...»

«Затока вельмі рыбная, б'е і б'е рыба — аж срэбныя цэпы плотак лятуць у паветра. Затока з лілеямі, якія закрываюцца на ноч, вялікія-вялікія, як на кепскіх рэкламах...»

«Нізкі бераг, і на ім рыжы, маладзенькі, гладзенькі косю...»

«Прыпяць бы ў цясніне з высокіх берагоў, а на іх дубы. Дуб упаў у ваду верхавінай. Даўно ўжо мёртвы, на зямлі, што засталася між каранёў (ці, можа, яе нанесла), цвітуць высокія жоўтыя і ліловыя краскі. Прыклад табе, чалавеча...»

Вось так. Ніякі не мастацкі твор. Проста падарожныя запісы, якія, апрацаваныя, адшліфаваныя, маглі б стаць асновай выдатнага нарыса ці новай захапляльнай аповесці. Не склалася. Але, нават не апрацаваныя, не адшліфаваныя, напісаныя чалавекам, які адчуваў сябе вельмі дрэнна, — як гучаць! Якое пільнае вока, якая дзівосная мелодыка мовы, якія параўнанні... Хто з маладых сёння, якія гучна найперш саміх сябе залічваюць у пісьменнікі, зможа — вось так?..

Я, уласна, да чаго. Мы, беларусы, яшчэ не адкрылі для сябе Караткевіча, не зразумелі да канца, які геній, які Майстар жыў побач з намі, як нам пашанцавала, што ён падарыў свой талент нашай зямлі, апісаўшы яе з кранальнай любоўю і непазбыўным гонарам. А можа, зразумелі, ды саромеемся чагосьці, паводзім сябе, як героі яго верша, з якіх ён злосна кпіў, пішучы: «Не бачыце света за ўласнай клумбай // У марах аб нейкім цудоўным раі. // Што вам да тых вялікіх Калумбаў, // Якія край ваш вам адкрываюць?»

25 ліпеня — дзень яго памяці, у гэты дзень 34 гады назад Караткевіча не стала. Вы пачулі пра гэта ў навінах па тэлебачанні або па радыё? Ці, можа, на радзіме пісьменніка або ў якім іншым кутку Беларусі (а нагода знайшлася б ці не ў кожным населеным пункце, бо Караткевіч аб'ездзіў і абышоў пешшу ўсю сваю любімую краіну) было зладжанае нейкае адмысловае мерапрыемства? Напрыклад, па маршруце яго апошняга падарожжа? Не, нешта не чуваць было нічога падобнага. Затое ў шмат якіх месцах ушаноўвалі памяць яшчэ аднаго геніяльнага Уладзіміра Сямёнавіча — Высоцкага: яны з Караткевічам пайшлі ў нябыт у адзін дзень з розніцай у чатыры гады. У Брэсце шукалі (і знаходзілі?!) яго беларускія карані, у Навагрудку і ваколіцах ладзілі цэлы фэст з той нагоды, што Высоцкі тут здымаўся ў фільме і некалькі дзён жыў у мясцовым гатэлі... І ў выпусках навін не прамінулі сказаць і пра дату, і пра мерапрыемствы, і — як жа без гэтага — пра «амаль даказанае» беларускае паходжанне Высоцкага...

Нічога супраць Высоцкага я не маю і яго геніяльнасць пад сумненне не стаўлю. Мне проста крыўдна. Не, не за Караткевіча — ён бы, хутчэй за ўсё, да ўсяго гэтага паставіўся з гумарам. За нас саміх. Бо з таго часу, як Караткевіч пісаў: «Вы седзіцё тут ад лямпы сінія // І марыце пра піраміды над Нілам, // А што вы ведаеце пра краіну, // Ў якой вас маці на свет нарадзіла? // Яна вам нудная, шэрая, сумная. // Ясце яе бульбу, ясце яе сала, // А самі былі толькі ў мінскім ДУМе, // Ды чулі аднойчы імя Купалы», мінула шэсцьдзясят гадоў, а, атрымліваецца, мала што ў нашых галовах змянілася.

Давайце паспрачаемся, калі гэта не так...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.