Вы тут

Арт-агляд ад Вікторыі Аскера


Для мастацкага асяроддзя лета — адзін з самых спакойных перыядаў года: выставачныя пляцоўкі бяруць «адпачынак». Адкрыццё мастацкіх праектаў адбываецца зрэдку. Але ўсё ж такі некаторыя музеі і галерэі могуць парадаваць гледачоў цікавымі экспазіцыямі, лічыць Вікторыя Аскера.


1. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстаўка графікі і скульптуры Юліі і Алеся Шацілаў «Знікае час». Тэма часу, абраная мастакамі для ўвасаблення, прымушае разважаць.

Графічныя аркушы Юліі Шацілы выкананыя ў класічнай тэхніцы літаграфіі. Дзякуючы выкарыстанню алоўкавай манеры, рухомаму спакойнаму штрыху, мяккаму каларыту, што задае лёгкую вібрацыю, ствараецца адчуванне міражу, вобраза, які паступова знікае. Творы мастачкі дыхаюць лёгкасцю.

Скульптуры Алеся Шацілы прасякнутыя нацыянальнай тэмай, якая раскрываецца праз алегорыі і сімвалы. У пластыцы яго мініяцюрных работ заўважаецца імкненне злавіць і захаваць імгненне, зафіксаваць кадр і адлюстраваць характар свайго героя з дапамогай дробязных мастацкіх элементаў.

Юлія і Алесь узаемадапаўняюць адно аднаго, іх яднае адсылка да нацыянальных матываў і вобразнасць. Творы мастакоў у адной прасторы глядзяцца арганічна. Музей гісторыі Віцебскага народнага вучылішча


2. У межах фестывалю «Славянскі базар-2018» адбылося адкрыццё праекта «Восіп Цадкін. Вяртанне».

Восіп Цадкін — яркі прадстаўнік Парыжскай школы, знакаміты скульптар мінулага стагоддзя. Творца нарадзіўся ў Віцебску. У свой час Цадкін вучыўся ў адным класе з Маркам Шагалам, а пазней браў урокі малявання ў віцебскай школе-студыі Юдэля Пэна. Пасля ад’езду з Віцебска аўтар жыў у Лондане і Парыжы, дзе такое ж артыстычнае асяроддзе шмат у чым сфарміравала яго стыль мастацтва. Галоўным відам творчасці Восіпа стала скульптура, цягу да якой ён адчуваў з дзяцінства. Скульптура Цадкіна сфарміравалася пад уздзеяннем кубізму, яна блізкая да экспрэсіянізму.

На выстаўцы «Вяртанне. Восіп Цадкін» прадстаўленыя чатыры экспанаты: «Возера» (1925), «Трое аголеных за сталом» (1928) і скульптурныя кампазіцыі «Вяртанне блуднага сына» (1952) і «Малая П’ета» (1961). Творы, безумоўна, вартыя таго, каб іх убачыць. Выстаўка — частка праекта галерэі «Арт-Беларусь», які рэалізуецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і ААТ «Белгазпрамбанк».


3. Мастацкая галерэя «АРЦЕЛЬ»

Адна з самых стыльных галерэй Мінска прэзентуе ў ліпені жывапісны праект Эдуарда Зеньчыка «Дотык прыгажосці».

На выстаўцы прадстаўлена 55 жывапісных работ апошніх гадоў. Кожная карціна распавядае пра сакрамэнт і сэнс старажытных знакаў. Мастак спрабуе спасцігнуць утоеную сутнасць сусвету і сэнс быцця. Імкнецца пранікнуць у сутнасць любові і падзяліцца ёю праз свае творы. Місія карцін — адчыніць вокны паміж чалавекам і светам фантазіі, выкарыстоўваючы для гэтага матывы пазачасавых вобразаў жаночай прыгажосці. У цяперашнім мітуслівым свеце глядач можа на імгненне перавесці дух, адмовіцца ад вонкавай прасторы і часу, адчуць далікатнае дакрананне чыстай прыгажосці.

Выставачны праект «Дакрананне прыгажосці» трансфармуецца і пастаянна аднаўляецца. Экспазіцыя была прадстаўлена ў Латвіі, Фінляндыі, Эстоніі і цяпер у Беларусі. Мастак па нацыянальнасці беларус.


4. Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

Галерэя «Ў» аднаўляе працу на новым месцы і абяцае далей паказваць сучаснае мастацтва, якое хвалюе і ўздымае пытанні, што падказвае жыццё, прапаноўвае разам шукаць адказы, у тым ліку праз фармальныя і эстэтычныя пошукі.

Галерэя «Ў» за некалькі гадоў стала месцам, якое ўвасабляе адкрытасць і дыялагічнасць мастацтва, пляцоўкай не толькі мастацкіх, але і адукацыйных праектаў. Новым доўгатэрміновым шматжанравым праектам (жывапіс, фотаінсталяцыі) «Без выключэнняў! У працэсе» куратары Міхаіл Гулін, адзін з самых актыўных сучасных мастакоў Беларусі, і Элтадж Зейналаў з Баку падкрэсліваюць скіраванасць галерэі на адкрытасць і інтэрактыўнасць, уцягненне ў размову і дыскусіі пра тое, што ёсць сучаснае мастацтва, у якіх формах яно існуе ў Беларусі і ў свеце. Таму на працягу праекта «Без выключэнняў! У працэсе» запланаваныя шэраг сустрэч, перформансаў, інклюзіўных творчых майстэрняў, якія будуць праводзіць самі аўтары, каб сцвердзіць: для мастацтва няма межаў — ні сэнсавых, ні ў формах, ні ў глядацкай аўдыторыі. І галерэя гэта пацвярджае ў сваім новым памяшканні, дзе створана безбар’ернае асароддзе, даступнае да ўсіх. Без выключэння — гэта значыць, што і без абмежаванняў, таму праект адразу абазначае ўсе асноўныя прыярытэты ў працы галерэі «Ў».

Адной з самых жывых формаў сучаснага мастацтва з’яўляецца перформанс. І ў рамках праекта адна з яго ўдзельніц Ірына Ануфрыева правяла пяцігадзінны перформанс-прысвячэнне Людміле Русавай «Замест танцаў». Сама Ірына Ануфрыева мае добрую практыку ў выказванні праз пластыку — яшчэ з часоў працы ў тэатры ІnZhest. Але ў гэтым перформансе гаворыць не пра сябе. Пра жыццё і смерць наогул. Але праз асобу мастачкі Людмілы Русавай, якая пайшла з жыцця некалькі гадоў таму. Яна была тым апантаным чалавекам, які ў сваёй практыцы яшчэ ў 1980-я і 1990-я ствараў перформасы і даказваў, што праз новыя формы мастацтва можна гаварыць пра важныя рэчы.


5. Новы замак (Гродна)

У Новым замку адкрылі выстаўку, дзе прадстаўлена каля трыццаці скарбаў, знойдзеных у Гродне і вобласці за апошнія гады. Сярод экспанатаў — каля трыццаці кілаграмаў манет, кухоннае начынне і сярэбраныя сталовыя наборы, фатаграфіі, дакументы, шкляныя талеркі. Ёсць на выстаўцы і частка рыцарскага абмундзіравання, якое знайшлі школьнікі на беразе Нёмана каля Старога замка.

Некалькі скарбаў, у тым ліку і два апошнія, знойдзеныя ў Гродне, належалі яўрэям. Напрыклад, рэчы Ісаака Капіцы і яго сям’і. Скарб быў знойдзены рабочымі на гарышчы дома на вуліцы Вялікая Траецкая ў 1993 годзе падчас рэстаўрацыі будынка. Скарб рэчавы і складаецца з фатаграфій, дакументаў, ручніка з вышыўкай, скрыначак. Спецыялісты мяркуюць, што рэчы былі схаваныя пасля 1938 года.

Выстаўка будзе вельмі цікавая тым, хто любіць гісторыю і каму падабаецца адкрываць неверагодныя факты пра гарады, асобныя вулкі і мясціны. Такія скарбы даюць магчымасць зазірнуць у жыццё людзей, якія жылі ў горадзе і ваколіцах дзясяткі і сотні гадоў таму.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?