Вы тут

Адзін дзень працы печніка з Верхнядзвіншчыны


Чалавек славіцца сваёй працай. Славу печніку прыносіць яго ручная, дакладней, мадэльная работа: печы, грубкі, каміны, пячныя камбайны — гэтыя адвечныя агмені жыцця. Валерый Яфрэмаў, жыхар вёскі Лісна Верхнядзвінскага раёна, заканчвае працу над сваім чарговым пячным творам. І гэтым самым творца «ажывіў» яшчэ адзін дом: у вёсцы Мілавіды Расонскага раёна для маладой сям'і навукоўцаў-біёлагаў ён спраектаваў і «запусціў» ужо дваццаты ў яго кар'еры пячны комплекс, які складаюць шчыток-грубка для абагрэву памяшкання, пліта, камін і духоўка.

Пра адзін дзень працы ліснянскага печніка на адным прыкладзе, дакладней, на адной печы, мы сёння і раскажам.


Аднойчы я даведаўся, што мой знаёмы пячнік, які звычайна неахвотна бярэцца за пячную працу, згадзіўся дапамагчы маладой сям'і наладзіць побытавыя ўмовы. Таму я накіраваўся ў лясны край на поўнач Беларусі. Ведаў, што Валерый Яфрэмаў не любіць надоўга адлучацца з дому, бо на яго папячэнні шмат сяброў — тры сабачкі і пяць кошак, — якіх трэба даглядаць. Ён не «хаўтурыць», не калыміць, не спекулюе на такіх будоўлях. І не спяшаецца, калі ўсё-такі згаджаецца на работу. Працуе толькі для сяброў. Дарэчы, пра сяброў. Аднойчы яны пашуткавалі: напісалі аб'яву і павесілі ў вёсках на відным месцы: «Магу пабудаваць камін альбо печ любой складанасці, але не хачу!». І ўнізе — тэлефон Валерыя. Але майстар не крыўдаваў, бо гэта была праўда: умее, але не хоча, не жадае. Яго можна зразумець, бо кожная печ для Яфрэмава — як песня, як карціна для мастака.

Пячны стаж у Валерыя... лічы з 1991 года, калі аднойчы рашыўся парамантаваць печку на бацькоўскай дачы. Разбурыў старую і ўзвёў зусім новую пячную канструкцыю — з нуля, па чарцяжы з часопіса «Наука и жизнь». Потым рамантаваў печы ў суседняй Ізубрыцы, разбіраў шмат печаў вядомага на Асвейшчыне пячнога майстра Аненскага. Наогул, ніколі не прамінаў магчымасці паглядзець на працу старых майстроў. Новых печаў паставіў болей за паўсотню.

Пячнік ніколі не паўтараецца, таму яго працу нездарма называюць эксклюзіўнай. Тым больш што ён дзейничае традыцыйным спосабам. Пачынаючы з прасейвання пяску і прыгатавання раствору да кладкі цаглін на коміне, майстар давярае толькі сваім надзейным рукам, быццам найлепшаму рыштунку. Гэтак, прынамсі, у Яфрэмава. Гледзячы на гатовую працу майстра — на кладку, на форму і геаметрыю аб'екта, — атрымліваеш сапраўднае эстэтычнае задавальненне. Кожны шоўчык, кожны выступ, вугал, кожная фаска на цагліне — дэталёвая работа. У Валерыя ўсё быццам бы пад лінеечку.

— Добрая печ атрымліваецца ў таго, хто мае ў сабе задаткі канструктара, будаўніка, дызайнера і архітэктара. І вядома, філосафа, — разважае майстравіты вясковец.

Філасофія Валерыя Яфрэмава як пячніка — у тым, каб спалучыць у адным усё — пажарную бяспеку, даўгавечнасць, зручнасць і эстэтыку. Арыенціровачная гарантыя Валеравых печаў — 30—40 гадоў бесперабойнай службы.

— Цяпер ужо ніхто не хоча мець рускую печ, бо яна непрактычная, а месца займае шмат, — кажа Валерый. — У модзе пячныя комплексы. І абавязкова з камінам. Новы час, новая эстэтыка і задачы. Пячнік заўсёды павінен адпавядаць свайму часу.

На ўзвядзенне печы, якую Валерый заканчвае ў Мілавідах, па падліках майстра, пайшла тысяча дзвесце цаглін, 350 кіло пяску і 120 гліны.

— Дастаткова, каб стварыць класічны пячны ўзор для беларускага дома, — кажа Яфрэмаў.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.