Вы тут

Рэшткі мануфактуры па вырабе шкла ХVIII ст. знайшлі ў Вілейскім раёне


Гісторыкі БДУ знайшлі рэшткі мануфактуры па вырабе шкла XVIII стагоддзя графаў Салагубаў. Унікальны артэфакт быў раскапаны падчас археалагічнай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ ў аграгарадку Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Кіраўнікамі даследчых работ выступаюць дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта ўніверсітэта Вольга Ліпніцкая і выкладчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Паліна Курловіч.


Упершыню на тэрыторыі Беларусі выяўлена і зафіксавана канструкцыя плавільнай печы, выкладзенай з гліны, цэглы і камянёў, атрыманы ўнікальныя звесткі па тэхналогіі вытворчасці шкла таго часу і вызначаны асаблівасці бытавой культуры шкларобства.

 У гісторыкаў з БДУ атрымалася ўстанавіць, што ў XVIII стагоддзі ў Ільі вырабляўся тарны, сталовы і аптэчны посуд, а таксама ліставое аконнае шкло. Прадукцыя мела розныя адценні: зялёны, ружовы, блакітны, сіні. Выраблялі тут і крыштальны посуд. Частка вырабаў дэкарыравалася. Знойдзена таксама цэлая серыя адходаў ад фармоўкі сасудаў, вялікая колькасць фрагментаў гатовай прадукцыі, у тым ліку і келіх для піва з зялёнага шкла.

Унікальнымі для айчыннай археалогіі з'яўляюцца знойдзеныя інструменты шкловыдзімальнікаў, сярод якіх  выдувацельная трубка, нож, мерная гірка, пры дапамозе якой маглі адмерыць колькасць рэчываў, што дадаваліся ў сыравіну пры вытворчасці шкла.

Упершыню ў айчыннай навуцы знойдзены прадметы побыту вытворцаў шкла: гэта трубка для тытуню, ключ ад скрыні, нацельны крыжык (фота 6). Рэдкай знаходкай сталі фрагменты тканіны сіняга колеру, знойдзеныя побач з печчу. Аб наведванні мануфактуры жанчынамі сведчаць тры іголкі і шпількі для замацавання тканіны жаночага галаўнога ўбору (фота 6). Навукоўцы мяркуюць, што, верагодна, жанчыны прыносілі ў майстэрню абеды, паколькі культурны пласт насычаны фрагментамі керамічнага посуду і косткамі.

Мануфактура ў Ільі праіснавала да пачатку XIX стагоддзя і пазней была перанесеная ў сучасную вёску Новая Гута. Датыроўка помніка пацвярджаецца выяўленымі тут манетамі Рэчы Паспалітай другой паловы XVII - сярэдзіны XVIII стагоддзя.

"Добрая захаванасць гутнай печы Ільянскай мануфактуры дае падставы для адкрыцця ў будучыні на гэтым месцы музея, паколькі  мануфактура ў Ільі -- адзіны шклоробны  комплекс на тэрыторыі Беларусі, які быў заснаваны ў першай палове XVIII стагоддзя і прайшоў усе этапы станаўлення і развіцця прамысловай вытворчасці. Ён праіснаваў да канца ХХ стагоддзя ў суседнім паселку Партызанскі, дзе дзейнічаў шклозавод", - пракаментавала ўнікальнасць археалагічных даследаванняў Паліна Курловіч.

Раскопкі ў Ільі будуць доўжыцца да канца ліпеня. Акрамя студэнтаў БДУ ў іх удзельнічаюць валанцёры, а таксама студэнты Вяцкага дзяржаўнага ўніверсітэта з расійскага Кірава.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?