Вы тут

У Акадэміі кіравання непатрэбных у кіраванні людзей вучыцца не павінна


З 1 верасня ў Акадэміі кіравання непатрэбных у кіраванні людзей вучыцца не павінна.

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка перад тым, як заслухаць даклад аб выкананні даручэнняў па ўдасканаленні дзейнасці гэтай ВНУ.


«Прызначаючы новага рэктара, мы дамаўляліся пра тое, што істотна адновім работу Акадэміі кіравання па ўсіх кірунках, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба зрабіць так, каб кожны чалавек, які пройдзе падрыхтоўку, перападрыхтоўку, атрымае адукацыю, павысіць кваліфікацыю ў Акадэміі кіравання, быў запатрабаваны».

Беларускі лідар падкрэсліў: не патрэбны людзі, якія проста пройдуць па Акадэміі, атрымаюць дыплом і не будуць запатрабаваны ў органах кіравання. «Вы самі разумееце, што гэта адзіная навучальная ўстанова пры Прэзідэнце. Там павінны быць падрыхтаваны кваліфікаваныя, разумныя, выхаваныя людзі, адданыя нашай дзяржаве і народу. Няхай тое нават гучна прагучыць, але гэта так», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе прысутнічалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка і рэктар Акадэміі кіравання Генадзь Пальчык. Прэзідэнт нагадаў ім, што да верасня яму павінны ўнесці прапановы па ўдасканаленні навучальнага працэсу. «Па асобах, якіх мы будзем туды запрашаць для навучання па ўсіх кірунках. Па выкладчыках: якія крытэрыі і патрабаванні, унесці прапановы па выкладчыцкім складзе — калі ўжо прапрацавана, спешкі тут быць не павінна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Па методыцы выкладання, па рознага роду метадычных матэрыялах. Цэлы комплекс адукацыйны — і па ім павінны быць прапановы».

Беларускі лідар звярнуўся да прысутных з наступнымі пытаннямі: што зроблена на сённяшні дзень і што неабходна яшчэ зрабіць, якія патрэбны дапамога і падтрымка? «Часу для разварушвання няма. З 1 верасня ў Акадэміі кіравання непатрэбных у кіраванні людзей быць не павінна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Як расказаў Генадзь Пальчык, кіраўніцтвам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь была праведзена наступная работа. Па-першае, быў дапрацаваны дзяржаўны заказ на падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кіруючых кадраў, а таксама асоб, уключаных у рэзервы кіруючых кадраў, на новы навучальны год.

У Акадэміі вывучылі патрэбу дзяржаўных органаў і арганізацый у адпаведных спецыялістах. Аб'ёмы падрыхтоўкі неабходных прафесіяналаў былі скарэктаваны на падставе маркетынгавых даследаванняў. Быў спынены набор на перападрыхтоўку кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, па дзяржаўным заказе па дзесяці спецыяльнасцях.

Пазаўчора ў лік студэнтаў залічана 100 чалавек. Прахадны бал на дзённую форму навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на спецыяльнасць «дзяржаўнае кіраванне і права» склаў 343 балы (у 2017 годзе — 338), «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» — 336 балаў (291 — у папярэднім годзе), «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» — 341 (310 — у 2017-м). Плануецца, што ў будучым годзе абітурыентам акрамя цэнтралізаванага тэсціравання неабходна будзе праходзіць і гутарку, што падтрымаў і Прэзідэнт, — пры ўмове, што праходзіць яна будзе празрыста.

Важна, што сярод першакурснікаў 84% — іншагароднія. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на гэты аспект, паколькі такія студэнты ведаюць жыццё не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах і малых населеных пунктах. Абмяркоўвалі і матэрыяльна-тэхнічную базу — не толькі Акадэміі кіравання, але і ўсіх ВНУ. Беларускі лідар запатрабаваў прывесці ў парадак інтэрнаты і сталовыя.

Дарэчы, асабліва кіраўнік дзяржавы адзначыў, што выпускнікі Акадэміі кіравання павінны быць выключнымі, бо ў будучыні яны сфарміруюць кіраўнічы склад краіны. І яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта: навучальныя працэсы ў кожнай ВНУ трэба аптымізаваць на прыкладзе Акадэміі, нідзе не павінна быць нічога лішняга, пры гэтым да падрыхтоўкі кадраў трэба падыходзіць без фармалізму.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Без баласту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.