Вы тут

ІT-роту сфарміруюць у лістападзе


Сярод крытэрыяў адбору — вышэйшая тэхнічная адукацыя па профільных ІT-спецыяльнасцях і добрае здароўе.

Рота інфармацыйных тэхналогій афіцыйна з'явіцца падчас будучага восеньскага прызыву. На першым этапе плануецца прызваць два ўзводы агульнай колькасцю ў 40 чалавек. Пра гэта падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Парка высокіх тэхналогій паведаміў начальнік Ваеннай акадэміі Віктар Лісоўскі. Стварэнне ІT-роты абяцае быць узаемавыгадным для ПВТ і Узброеных Сіл. Дзякуючы новаму праекту ІT-спецыялісты, якія прызываюцца на тэрміновую ваенную службу, змогуць прыносіць карысць сістэме ваеннай бяспекі. Пры гэтым за перыяд армейскай службы яны працягнуць удасканальваць свае прафесійныя навыкі.


Што будуць рабіць?

Асноўная мэта стварэння ІT-роты будзе заключацца ў распрацоўцы праграмнага забеспячэння, спецыяльных і прыкладных праграм сумесна з падраздзяленнямі Ваеннай акадэміі, іншымі навуковымі, навучальнымі ўстановамі.

Сярод праектаў, якімі займаецца акадэмія, ключавое значэнне маюць тыя, што звязаны з мадэляваннем ваенных дзеянняў, навігацыйным забеспячэннем, распрацоўкай аўтаматызаваных сістэм кіравання і радыёлакацыі.

«Задачы ваеннаслужачых новага падраздзялення будуць звязаныя перш за ўсё з матэматычным абгрунтаваннем праектаў і вытворчасцю праграмнага прадукту. Для працы спецыялістам будзе выдзелена самае сучаснае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне», — адзначыў Віктар Лісоўскі.

Адбяруць па конкурсе

Рота інфармацыйных тэхналогій будзе камплектавацца ў два этапы. Першы набор адбудзецца ўвосень — гэта 40 чалавек, два ўзводы. Вясной — яшчэ адзін. Усяго — 60 чалавек. Сярод крытэрыяў адбору — вышэйшая тэхнічная адукацыя па профільных ІT-спецыяльнасцях.

«Таксама прызыўнікі будуць адбірацца як усе вайскоўцы — па здароўі. У абавязковым парадку праз сістэму ваенных камісарыятаў будуць праводзіцца гутарка, тэсціраванне», — растлумачыў Віктар Лісоўскі.

У выніку патэнцыйным кандыдатам выставяць пэўны рэйтынг, на аснове якога будзе прынята рашэнне аб залічэнні.

Новае падраздзяленне будзе адыгрываць дапаможную ролю. Прызваныя вайскоўцы будуць праходзіць тэрміновую службу як звычайныя салдаты і па заканчэнні навучання атрымаюць ваенна-ўліковую спецыяльнасць аператара ПЭВМ.

Ад навабранцаў патрабуецца веданне хаця б адной аб'ектна-арыентаванай мовы праграмавання, уменне працаваць з сістэмамі кіравання базамі даных. Таксама вітаецца камунікабельнасць і ўменне працаваць у камандзе, ініцыятыўнасць і захопленасць новымі тэхналогіямі.

Праца спецыялістаў будзе арганізавана ў асобнай аўдыторыі з абсталяванымі персанальнымі рабочымі месцамі, якія маюць выхад у глабальную інфармацыйную сетку і аб'яднаных у лакальную інфармацыйную сетку.

Размяшчацца рота інфармацыйных тэхналогій будзе асобна ў складзе падраздзялення. Ад роты штодня прызначаецца толькі ўнутраны нарад у складзе трох чалавек. У іншыя віды нарадаў і каравул асабовы склад роты не назначаецца.

Плануецца, што каля 913 тысяч рублёў выдаткуюць на рамонт рабочых месцаў і казармаў. Тэхнічнае абсталяванне роты абыдзецца ў 280 тысяч беларускіх рублёў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?