Вы тут

Як роўна 400 гадоў таму беларусы выдалі «Буквар языка словенска»


Пра ўшанаванне друкаванага слова ды любоў да кніжнай мудрасці гаварылі яшчэ Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. Археалагічныя знаходкі пацвярджаюць: нашы продкі ўмелі чытаць і пісаць з самых даўніх часоў, прычым актыўна гэтымі ведамі карысталіся. Настаўнікі знаёмілі вучняў з таямніцамі слова праз тэксты рэлігійных кніг, найперш — Псалтыра і Новага Запавета. Аднак роўна 400 гадоў таму, 24 ліпеня 1618 года ў мястэчку Еўе (цяпер на тэрыторыі Літвы) была надрукавана асаблівая кніга, правобраз цяперашняга падручніка для самых маленькіх школьнікаў. «Буквар языка словенска» стаў першым у свеце выданнем з такой назвай. Пра гэту надзвычайную падзею старажытных часоў, яе перадумовы і наступствы расказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь СУША.


Ты­туль­ны ар­куш пер­ша­га ў све­це бук­ва­ра.

Кніга як выйсце з крызісу

— Калі паглядзець на археалагічныя знаходкі, стане зразумела, што адукацыя ў мінулыя часы не была такой ужо прывілеяванай з'явай. Тыя ж берасцяныя граматы, дзе купцы абмяркоўвалі побытавыя пытанні, сведчаць, што грамата была вядома не толькі князям і манахам, але і мяшчанам, — расказвае спадар Алесь.

Людзі пісалі на камянях, пакідалі «аўтографы» на будынках і сценах храмаў. Самы знакаміты беларускі асветнік Францыск Скарына таксама выдаваў свае кнігі з яўным намерам зрабіць друкаваныя кнігі больш даступнымі для чытача «сярэдняй заможнасці». Можна меркаваць, што спецыяльна «для навучання люду паспалітага» ён друкаваў кнігі асобнымі выпускамі, драбніў іх на невялікія часткі. Такім чынам, іх набывалі купцы і святары, гараджане, мяшчане, вайскоўцы — прадстаўнікі не самых «высокіх» прафесій.

І ўсё ж такі была вялізная патрэба ў кнізе, якая б знаёміла чытача-пачаткоўца з граматай. Стварылі такі падручнік манахі праваслаўнага віленскага Свята-Духава манастыра. Падзея незвычайнай значнасці, асабліва, калі ўлічыць, што сфарміраванай сістэмы адукацыі тады яшчэ не было.

— У канцы XVІ стагоддзя праваслаўная царква знаходзілася ў крызісе. З аднаго боку — перад войскамі мусульман паў Канстанцінопаль, які да гэтага быў духоўным цэнтрам праваслаўя. З другога — пэўны ўплыў на розум вернікаў зрабіла Рэфармацыя. Вельмі шмат людзей, у тым ліку багатых і ўплывовых, перайшлі ў пратэстанцтва. Пётр Скарга і многія іншыя дзеячы сур'ёзна папракалі Царкву ў перажытках. Маўляў, і ў традыцыях яна закасцянела, і царкоўнаславянскай мовай, на якой вядуцца набажэнствы, просты люд даўно не карыстаецца... Ды што там, нават школ пры праваслаўных храмах няма! — малюе вобраз тагачаснай эпохі Аляксандр Суша.

Зразумела, знайшліся людзі, што вырашылі даць годны адказ на папрокі. Пры праваслаўных храмах з'яўляліся царкоўныя брацтвы, а потым і школы, друкарні. Віленскі Стара-Духаў манастыр стаў асноўным «метадычным цэнтрам» у кіраванні адукацыяй. Пры ім узнікла манастырская школа, якая стала галоўным адукацыйным цэнтрам на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Таму нічога дзіўнага, што праз нейкі час манахі падрыхтавалі і адпаведны падручнік для першапачатковага навучання. Ён быў напісаны на царкоўнаславянскай мове, але аўтары выпадкова ці наўмысна дадалі ў кнігу значную частку беларусізмаў, прычым у больш позніх выданнях сустракаюцца нават асобныя тэксты на тагачаснай беларускай мове.

Для розуму і для душы

Першая частка «Буквара» змяшчала ў сабе азбуку — царкоўнаславянскі алфавіт і склады, па якіх вучылі аб'ядноўваць літары. Затым пачыналіся тэксты для вывучэння. Замест мамы, якая мыла раму, дзеці пачатку XVІІ стагоддзя чыталі пералікі запаветаў, хрысціянскіх дабрадзействаў і цнотаў, а таксама грахоў, каб ведаць, як рабіць не трэба. Такім чынам, выданне адначасова выконвала не толькі адукацыйную, але і выхаваўчую ролю.

Мялецій Сматрыцкі.

— Трэба разумець, што «Буквар» не быў наогул першай кнігай для пачатковага навучання. У Еўропе ўжо існавалі выданні падобнага кшталту, так званыя «абэцэдарыумы», «алфавіты», але «Буквар» стаў пачынальнікам прынцыпова новай і важнай для Усходняй Еўропы традыцыі выхавання, — тлумачыць Аляксандр Суша. — Яно грунтавалася на мясцовых асаблівасцях, захоўвала візантыйскую практыку ў малітвах, вызнанні веры, цнотах. Гэта значыць, захоўвала характэрныя для нашых зямель культурныя аспекты.

На першым буквары не пазначаныя яго аўтары. Дакладна вядома толькі, што падрыхтаваны ён вандроўнымі манахамі віленскага манастыра. Адным з магчымых укладальнікаў даследчыкі лічаць Мялеція Сматрыцкага. Гэты культурны дзеяч ужо неаднойчы праяўляў сябе ў выдавецкай дзейнасці, напрыклад, выданне яго «Трэнаса», дзе змяшчаліся даволі жорсткія нападкі на каралеўскую ўладу і касцёл, фактычна, і зрабіла манахаў манастыра Свята-Духава вандроўнымі. Пасля выгнання з Вільні браты ў веры перанеслі друкарню ў мястэчка Еўе, што належала Багдану Агінскаму — аднаму з патронаў манастыра. Цікава, што Мялецій Сматрыцкі там жа выпусціць сваю «Граматыку» — лагічны працяг «Буквара».

Другім найбольш верагодным аўтарам можна лічыць Лявонція Карповіча — кіраўніка манастыра, а таксама друкарні і школы пры ім. Гэта быў актыўны асветнік і прапаведнік, добра абазнаны ў кніжнай і наогул выдавецкай справе.

Мялецій Сматрыцкі вучыўся ў заходніх універсітэтах, шмат вандраваў і чытаў на замежных мовах. Ён цудоўна ведаў еўрапейскую практыку асветы і, натуральна, яе выкарыстаў. Лявонцій Карповіч працаваў са Стэфанам і Лаўрэнціем Зізаніямі, шмат бачыў выданняў віленскіх і замежных. Абодва гэтыя асветнікі цудоўна ведалі грэчаскія, лацінскія і польскія традыцыі выдання кніг. Так што яны выкарысталі найлепшыя моманты еўрапейскай адукацыі, звязаўшы іх з мясцовымі рэаліямі, сваёй моваю і духоўна-выхаваўчай практыкай.

Аднак былі і яскравыя адрозненні ад лацінскіх «абацэдарыумаў». Напрыклад, вучням прапаноўвалі азнаёміцца з пералікам запаветаў, блажэнстваў, дабрадзействаў, «парад Гасподніх» і гэдак далей. Натуральна, усё гэта бралася з Бібліі, але пад пералікамі можна бачыць спасылкі на духоўных аўтарытэтаў візантыйскага хрысціянства.

Падручнік для імператара

Па якой жа кнізе вучыліся дзеці ў XVІI стагоддзі? Гартаем разам з Алесем Сушай фотаздымкі друкаваных старонак, (на жаль, арыгінала ў Беларусі няма).

Лявонцій Карповіч.

— Гадоў пятнаццаць назад я ўпершыню пачуў згадку, быццам бы недзе ў замежных бібліятэках захоўваецца самы стары буквар і нібыта выдадзены ён быў на тэрыторыі Беларусі, — дзеліцца суразмоўнік. Мяне падобныя звесткі зачапілі, таму, калі надарылася нагода з'ездзіць у Лондан па працоўным заданні, вырашыў паспрабаваць дабрацца да гэтай кнігі. У бібліятэцы Мідл Тэмпл я пераканаўся, што гэта кніга не памылка і не міф. У далейшым удалося адшукаць і папрацаваць з дацкім экзэмплярам, так што сёння даследчыкі могуць параўнаць два гэтыя асобнікі.

Арыгінал «Буквара» мае звычайную драўляную вокладку, якая раней была абцягнута скурай. На тытульным аркушы бачны герб Агінскіх — патронаў выдавецкай справы. Наступная старонка — малітва, без якой у тыя часы не пачыналася ніякая добрая справа.

Далей чытач знаёміцца з алфавітам. Для спецыялістаў ён добра зразумелы, а вось сучаснаму неабазнанаму чалавеку было б цяжкавата разабрацца з «фетамі» ды «іпсіланамі». Дарэчы, літары надрукаваны як у прамым, так і ў адваротным парадку. Цікавая асаблівасць звязана з літарай «г» — іх насамрэч дзве. Такім чынам вучань адразу раздзяляў «г» выбухное і «г» фрыкатыўнае, характэрнае для беларускай і ўкраінскай моў. Прычым у ранейшых выданнях падобнае адасабленне амаль не сустракаецца, а тут, у падручніку, пададзена як норма.

Што датычыцца візуальнай часткі, то нягледзячы на маленькі фармат, друкары стараліся зрабіць кнігу яшчэ і прыгожай. Яны выкарыстоўвалі шрыфты розных памераў, літы наборны арнамент, гравюры, буквіцы, канцоўкі і застаўкі. Дарэчы, некаторыя элементы выкананы ў стылістыцы, блізкай да афармлення кніг Францыска Скарыны.

— Адзін з парадоксаў «Буквара» — нягледзячы на шматтыражнасць і частыя перавыданні, да нашага часу захавалася літаральна пара асобнікаў. Не, кнігі не знішчалі, як можна было б падумаць. Проста чытачы так актыўна імі карысталіся, што літаральна зачытвалі да дзірак. Асобнік у Лондане захаваўся толькі таму, што быў набыты калекцыянерам і некалькі стагоддзяў праляжаў у архівах без ужытку, — расказвае Алесь Суша.

Традыцыя выдання адукацыйных кніг на Беларусі перарвалася з Першым падзелам Рэчы Паспалітай і аднавілася толькі ў пачатку ХХ стагоддзя. Аднак ініцыятыва, якая ўзнікла 400 гадоў таму, прыжылася на іншых землях і знайшла працяг. Слова «Буквар» увайшло ў дзясяткі моў: ад цыганскай, чарнагорскай і балгарскай да чукоцкай і якуцкай, не кажучы ўжо пра беларускую, рускую і ўкраінскую. Цікава, што асабліва многа сіл для распаўсюджвання «Буквара» прыклаў Сімяон Полацкі.

Як вядома, асветнік і педагог з Полацка быў выхавацелем дзяцей рускага цара. Пасля таго як выданне трапіла ў Расію, Сімяон Полацкі ў 1679 годзе выпусціў самы поўны і самы дакладны буквар на маскоўскіх землях і падараваў яго маленькаму царэвічу, што ў будучым увойдзе ў гісторыю як Пётр І. Так што, хто ведае, можа «заходніцкія ўплывы», якімі папракалі Сімяона Полацкага, падзейнічалі ў тым ліку і на светапогляд расійскага імператара?

Да канца жніўня супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі абяцаюць выдаць трохтомнае факсімільнае выданне першага ў свеце буквара. Плануецца, што адзін том будзе дакладна перадаваць змест старажытнай кнігі, у другім змесціцца яго пераклад на сучасную беларускую мову, а трэці стане зборам даследаванняў па гісторыка-культурных, педагагічных, лінгвістычных і іншых аспектах.

Акрамя таго, сёння ідзе падрыхтоўка мерапрыемстваў па ўшанаванні першага выдання ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Вільні, на месцы, дзе буквар быў задуманы, і ў Лондане, дзе захаваўся адзіны поўны асобнік, і яшчэ шмат у якіх іншых гарадах: Маскве, Парыжы, на кватэры ААН у Швейцарыі...

Для замежнага даследчыка будзе цікава пагартаць першы ў свеце буквар з некалькіх прычын. Так, адны ўбачаць у ім важны крок у гісторыі адукацыі, другія змогуць адсачыць важны зрух у галіне развіцця царкоўнаславянскай мовы, трэція ацэняць важную з'яву кніжнай культуры, чацвёртыя зразумеюць яго як знамянальную падзею ў гісторыі рэлігіі і духоўнасці.

Што датычыцца Беларусі, то наша гісторыя асветы ўзбагацілася яшчэ адной значнай падзеяй.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: «Гэта не памылка і не міф»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».