Вы тут

Метр «адвяжуць» ад долара. Канчаткова


Дакумент аб гэтым можа быць прыняты ўжо ў кастрычніку.

У нашай краіне плануецца забараніць заключэнне дагавораў долевага будаўніцтва ў замежнай валюце. Гэтую інфармацыю агучыла начальнік аддзела рэгулявання жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Таццяна Затурэнская.


Змены ва Указ № 263 аб долевым будаўніцтве прадугледжваюць норму, згодна з якой будзе выключаная магчымасць дагавораў, якія датычацца як жылых, так і нежылых памяшканняў, з прывязкай да валюты. Таццяна Затурэнская прызналася, што забудоўшчыкам гэтая прапанова не вельмі спадабалася. Але ў цэлым яе ўсе прынялі ў рамках палітыкі дэдаларызацыі.

«Мы ў найбліжэйшы час уносім праект на разгляд ва ўрад і далей кіраўніку дзяржавы. Да кастрычніка дакумент, магчыма, будзе прыняты», — сказала Таццяна Затурэнская.

Адказваючы на пытанне, ці зменіцца кошт квадратнага метра ў сувязі з новаўвядзеннем, прадстаўнік Мінбудархітэктуры падкрэсліла, што пры вызначэнні яго кошту забудоўшчык улічвае прагнозны індэкс інфляцыі на дату заключэння дагавора. «Беларускі рубель досыць стабільны. Калі і далей Нацыянальны банк будзе праводзіць такую ж макраэканамічную палітыку ў адносінах да нацыянальнай валюты, мы не бачым праблем, якія могуць паўстаць у працэсе будаўніцтва», — дадала яна. Змены ў дзеючы ўказ аб долевым будаўніцтве ў цэлым закліканы дадаткова ўрэгуляваць адносіны заказчыкаў, забудоўшчыкаў і падрадчыкаў, зыходзячы з напрацаванай правапрымяняльнай практыкі.

Жыллё з дзяржпадтрымкай — шматдзетным

Паводле аператыўных даных, са студзеня да чэрвеня сёлета дзяржпадтрымкай пабудавана 41,6 % дамоў ад запланаванага аб'ёму. Усяго на год па гэтай катэгорыі плануецца пабудаваць 900 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы. А агульны аб'ём будаўніцтва жылля ўсіх катэгорый на год — гэта чатыры мільёны квадратных метраў, з якіх цяпер гатова толькі каля 42 %.

Амаль усё жыллё, уведзенае па Указе № 240 аб адрасным субсідзіраванні будаўніцтва жылля, выдзяляецца шматдзетным сем'ям. Указ прагрэсіўны, ён прадугледжвае аказанне дзяржпадтрымкі непасрэдна грамадзянам. «Аднак агульная чарга рухаецца вельмі павольна, колькасць шматдзетных сем'яў пастаянна расце. Гэта сведчыць пра тое, што дэмаграфічная сітуацыя паляпшаецца», — дадала прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

З пачатку гэтага года па ўказе складзена 6290 крэдытных дагавораў, у тым ліку 1959 — з індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Адкрыта крэдытных ліній на больш чым 317,7 млн рублёў, выдадзена крэдытаў на суму амаль 224,6 млн рублёў. У стадыі будаўніцтва знаходзяцца 142 жылыя дамы, з іх уведзена ў эксплуатацыю 63 жылыя аб'екты.

«У работу ўключылася дастатковая колькасць камерцыйных банкаў», — адзначыла Таццяна Затурэнская. Сёлета крэдытаванне чаргавікоў па Указе № 240 прадугледжана Беларусбанкам, Белаграпрамбанкам, БПС-Ашчадбанкам, Пріорбанкам, Белінвестбанкам і банкам БелВЭБ.

Працягваюць ужываць і Указ № 13. Па ім даюцца льготныя крэдыты ў аб'ёме толькі зваротных сродкаў для тых, хто атрымліваў крэдыты раней. Дзеянне гэтага ўказа будзе заканчвацца, але адмяняць яго ніхто не плануе.

«Арыенціровачна сярэдні кошт квадратнага метра жылля, пабудаванага з дзяржпадтрымкай, складае 800 рублёў. Думаю, што да канца года ён не павялічыцца», — заявіла начальнік аддзела.

Самая доўгая чарга — у сталіцы

Па звестках Мінгарвыканкама, агульная чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў складае 199 858 сем'яў. З іх 5578 — шматдзетныя. З 2012 года было прыпынена фарміраванне жыллёвых кааператываў і гэта вельмі ўскладніла сітуацыю для ўсіх чаргавікоў.

Зараз з усіх шматдзетных чаргавікоў 793 практычна вырашаюць сваё кватэрнае пытанне, а астатнія толькі чакаюць. Са звычайных чаргавікоў сёлета на паляпшэнне пакуль не накіравана ні адна сям'я.

З шматдзетнымі ёсць яшчэ адна праблема. Вядома, ім лепш за ўсё мець 4-пакаёвую кватэру. Але за тры гады ў Мінску іх пабудавана толькі 14. Таму адну шматдзетную сям'ю ўлады імкнуцца накіраваць адразу на дзве кватэры. Звычайна гэта кватэры з агульным тамбурам. Трэба ўлічыць пры гэтым, што ў мінскай чарзе ёсць 139 сем'яў, дзе чацвёра і больш дзяцей. Іх пытанне ўладам неабходна вырашаць у першую чаргу. Таму такія сем'і імкнуцца накіроўваць, куды толькі атрымліваецца. Калі прымальна для людзей, то ім прапануюць і камерцыйныя варыянты.

Паводле прагнозу сталічных уладаў, сёлета яшчэ 300—350 шматдзетных сем'яў сыдуць з чаргі за кошт будаўніцтва новых дамоў. А за 3—3,5 года Мінгарвыканкам спадзяецца з большага разгрузіць «шматдзетную» чаргу, якая сабралася прыкладна за апошнія 5—6 гадоў.

З Мінска ў Смалявічы без чаргі

Мінбудархітэктуры падрыхтавала праект указа аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве эксперыментальнага жылога дома ў Смалявічах. Праект указа ўжо ўзгоднены зацікаўленымі бакамі. «Мяркуецца, што ў Смалявічы будуць перасяляцца грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў Мінску, — сказала Таццяна Затурэнская. — Як паказаў папярэдні аналіз сітуацыі, дастатковая колькасць такіх грамадзян з задавальненнем пераедуць у гэты горад пры ўмове выдзялення ім дзяржаўнай падтрымкі па Указе № 240».

Мінчане, якія пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Смалявічы, будуць атрымліваць дзяржпадтрымку без уліку часу пастаноўкі на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў. Мінск будзе фарміраваць пералік жыхароў эксперыментальнага дома, у гэты пералік могуць увайсці і тыя, хто стаў на чаргу ўсяго год таму.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.