Вы тут

У Гродзенскім рэгіёне расце бязвізавы турыстычны паток


Падлік бязвізавых турыстаў ідзе на дзясяткі тысяч. У Гродне за ўік-энды рэгіструецца па 200—300 чалавек, а бывае і да тысячы даходзіць. Але замежныя госці не спяшаюцца заставацца тут на ноч ці дзве, бо колькасць месцаў абмежаваная. Не хапае менавіта гасцініц, каб задаволіць попыт сярэдняга турыста.


Бязвіз падштурхнуў турыстычныя фірмы, якія амаль забылі пра патэнцыял краіны. Зараз яны пра яго ўспомнілі, бо замежныя турысты імкнуцца ўбачыць самыя цікавыя мясціны. Каб гэта здзейсніць, турагенцтвы абследавалі бязвізавую тэрыторыю ўдоўж і ўпоперак і сталі наладжваць партнёрскія адносіны з гасцініцамі і аб'ектамі грамадскага харчавання, колькасць якіх значна павялічылася апошнім часам. Як зазначыла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева, калі падсілкавацца ў горадзе есць магчымасць, то з гасцініцамі існуе пэўная праблема.

— Так, у нас будуюцца гасцініцы, хостэлы, але іх не хапае. Нам патрэбны гасцініцы турыстчнага класа мінімум на 50 месцаў, — адзначае Таццяна Лідзяева, — у гэтай справе павінна быць канкурэнцыя. Пакуль яе няма. Таму і цэны даволі высокія. А трэба, каб за турыста ішла барацьба, а, значыць, і цана за начлег будзе падаць.

Трэба сказаць, што з гасцініцамі ў Гродне і раней былі праблемы, іх не хапала, і яны былі даволі дарагія. Паступова база многіх гарадскіх аб'ектаў прыйшла ў заняпад і перастала адпавядаць сучасным патрабаванням. Напрыклад, не працуе частка нумароў гасцініцы "Беларусь". Поўнасцю выведзена з абароту самая буйная ў горадзе гасцініца "Гродна". Аб'ект набылі кітайскія інвестары, якія вядуць работы па яе рэканструкцыі. Былая гасцініца свой статус часткова захавае.

Нельга сказаць, што прыватны бізнес не звярнуў увагу на праблему пражывання. Гэта не так. З'яўляюцца бюджэтныя хостэлы і апарт-гатэлі. Таксама будуецца дзве гасцініцы на 26 і 40 месцаў. Налета пачне дзейнічаць палацавы комплекс "Свяцк" і былая сядзіба Гурскіх у вёсцы Радзівілкі. На абодвух комплексах прадугледжаны гасцініцы на 20 і 40 чалавек. Гэтыя старажытныя палацы забяспечаць пражыванне турыстам, якія прыедуць на Аўгустоўскі канал.

У цяперашні час пад хостэлы вядзецца рэканструкцыя адразу трох будынкаў у цэнтры горада, агульнай колькасцю 126 месцаў. Усе яны размесцяцца па вуліцы Савецкай, якая з'яўляецца пешаходнай і лічыцца гродзенскім Арбатам з-за наяўнасці вулічных музыкантаў, мастакоў і майстроў. З нядаўняга часу месца сабе тут аблюбаваў музыкант, які выконвае песні на французкай мове. Дарэчы, як раз пад вокнамі будучага хостэла.

Таццяна Лідзяева згадвае магчымасць пражывання турыстаў у санаторыях. І сапраўды, у бязвізавай зоне апынуліся тры такія ўстановы ў Гродне і Гродзенскім раёне. Сёлета ў іх пабывала каля 800 бязвізавых турыстаў. Сюды можна прыехаць як на 10 дзён, згодна з новымі правіламі, так і на ўік-энд.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.