Вы тут

165-годдзе пажарнай службы Беларусі адзначылі ў Мінску


25 ліпеня 1853 года Мінскае губернскае праўленне і гарадская дума прынялі эпахальнае рашэнне – стварыць першую пажарную часць. У яе склад увайшоў 51 брандмайстар. З цягам часу пажарная справа эвалюцыянавала – ад бочкі на калёсах, якая кіравалася канём, да сучасных цыстэрнаў умяшчальнасцю ў 10-11 тон, верталётаў, катараў… Гэты дзень пасля і стаў святам у прафесійных пажарных.


А ў суботу, напярэдадні Дня пажарнай службы, у Мінску прайшоў вельмі прыгожы парад. За конным разлікам, званок якога не адно дзесяцігоддзе прымушаў жыхароў хвалявацца – дзе што загарэлася? – ішлі аўтамабілі савецкай вытворчасці, якія сталічныя ратаўнікі захавалі і аднавілі. Больш за тое – вярнулі ім афарбоўку ў адпаведнасці з тагачаснымі дзяржаўнымі стандартамі. І калі брычку і “ЗіСы” шмат хто бачыў толькі на вельмі даўніх чорна-белых фота і нямых кінастужках, то ярка-чырвоныя “ЗіЛы” нагадалі шмат каму часы дзяцінства.

Некаторыя аўтамабілі ратаўнікі паказалі публіцы ўпершыню. “Разыначкай” стала гідраўлічная аўталесвіца з вышынёй пад’ёму ў 30 метраў, зробленая яшчэ… у 60-я гады, калі акцэнты будаўніцтва жылых шматпавярховых дамоў у Мінску толькі павярнуліся ў бок класічных цяпер 9-павярховак.

Яшчэ больш маштабная праграма разгарнулася ў парку Горкага. Водная феерыя, ратаванне чалавека са Свіслачы з дапамогай верталёта, дэсант парашутыстаў, святочны салют… І за ўсім гэтым назіралі тысячы гледачоў. Шмат хто з іх прыйшоў на свята разам з дзецьмі. Яны з вялікай ахвотай лазілі па пажарных аўтамабілях, атрымлівалі налепкі, глядзелі верталёты, часалі за вухам сабак-лабрадораў, мерылі пажарную форму і нават каталіся на машыне-перавёртышы!

- Вялікую ўвагу развіццю службы МНС надзяляе кіраўнік дзяржавы. Нашы ратаўнікі гатовы сёння выконваць любыя пастаўленыя перад імі задачы, - падкрэсліў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. – Для гэтага створаны два дзясяткі разнастайных службаў. Але наша аснова – гэта пажарная служба. А сённяшняе свята – гэта даніна памяці тым людзям, якія 165 год таму спрычыніліся да першага кроку ў пажарнай справе. Менавіта тады былі закладзены традыцыі, якія мы шануем і па сёння.

Таму калі вы не трапілі на сёлетні парад ратаўнікоў – абавязкова пастарайцеся завітаць на наступны!

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».