Вы тут

Каналізацыйную трубу ў Мінску замянілі толькі пасля ўмяшання «Звязды»


Да нас на гарачую лінію «Звязды» звярнулася мінчанка Ала КІСЯЛЁВА. Маўляў, ратуйце, бо я ўжо не ведаю, у якія званы біць... Сітуацыя сапраўды жудасная. У мінулую нядзелю ў кватэры зверху пачала працякаць каналізацыйная труба. Жыхары дома нумар сем па Горным завулку выносілі бруд, які ліўся са столі, у літаральным сэнсе вёдрамі. Камунальныя службы на бяду быццам бы адгукнуліся, але сказалі, што праблему змогуць вырашыць не раней як у апошнія дні ліпеня...


Перш за ўсё жыхары дома патэлефанавалі ў адзіную дыспетчарскую службу ЖКГ г. Мінска 115. Там іх заяўку прынялі і сказалі звязвацца наўпрост з ЖЭСам. На наступны дзень прыйшоў сантэхнік, які паабяцаў далажыць аб сітуацыі на нарадзе. Як высветлілася, чакаць пацярпелыя павінны былі яшчэ не менш за два тыдні: каб замяніць пашкоджаную трубу, трэба знайсці новую, а гэта, хто б мог падумаць, не так проста! Пакуль, як варыянт, можна наогул перакрыць водазабеспячэнне. Аднак такі адказ мясцовых жыхароў не задаволіў: у доме шмат пажылых людзей, некаторыя з іх сур'ёзна хварэюць, у іншых сем'ях — маленькія дзеці. А перспектыва пражыць у такіх умовах нават дзень нагадвае эпізод з начнога кашмару. Гэта пры тым, што зараз у доме і так праходзіць планавае адключэнне гарачай вады.

Суседзі пачалі спрабаваць датэлефанавацца ў розныя падраздзяленні ЖКГ — беспаспяхова. Адказ адзін: вам проста трэба крыху пачакаць. Тады Ала Цярэнцьеўна вырашыла звярнуцца ў рэдакцыю газеты «Звязда». У яе жыцці ўжо быў выпадак, калі дзякуючы спецыяльнаму карэспандэнту па Гродзенскай вобласці камунальныя службы нарэшце спілавалі старое аварыйнае дрэва.

Першы ж званок журналіста ў аддзел жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкама па «пытанні каналізацыі» паказаў — так, як ёсць, быць не павінна. «Ды вы што? Не, гэты выпадак адназначна адносіцца да тых, якія павінны вырашацца адразу ж. Зараз будзем звязвацца з раённымі службамі», — растлумачыла спецыяліст. А вось у аддзеле жыллёвай гаспадаркі Савецкага раёна спачатку не былі настроеныя так аптымістычна: «Так, на жаль, пакуль трубы няма і раней названых дат не будзе». Але — ці то згадванне вышэйстаячых інстанцый, ці то маляўнічае апісанне пакут ні ў чым невінаватых мінчан займела сваю сілу — размова завяршылася на пазітыўнай ноце: «Мы зараз паглядзім, што ўсё ж такі можна зрабіць». Самае дзіўнае, што не прайшло і паўгадзіны, як пачуўся паўторны званок на гэты раз шчаслівай Алы Цярэнцьеўны: «Знайшлася труба! Майстры ўжо ў нас. Дзякуй вам велізарны ад усіх жыхароў дома». І быццам бы і радуецца душа, што праблема вырашылася. А з другога боку, накатвае смутак: ну няўжо нельга было так адразу?.. І ўсё ж шчаслівы канец ёсць шчаслівы канец.

Тэлефануйце нам на гарачую лінію па нумары (017) 287-17-41, будзем вырашаць праблемы разам.

Дар'я КАСКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.