Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Рамашкі


Ніна Масцілоўская самая актыўная, гаваркая, вясёлая з трох апошніх жыхарак вёскі з прыгожай назвай Рамашкі. Вось у кім змарнавалася актрыса: жарты, прыказкі — калі ласка, экспромтам, нават моцным слоўкам не пагрэбуе, калі эмоцыі захопяць. Ёй бы тэкст і — на сцэну, з любой роляй справіцца. Казала, што два разы чытала «Ганну Карэніну», падабаецца ёй гэты твор...


Жаночая гісторыя

Калі мы прыехалі, 81-гадовая Ніна Уладзіміраўна працавала на агародзе, выбірала часнок. Трэба сказаць, што агарод у яе ўзорна-паказальны, хоць дэлегацыі туды вадзі. Усе градкі роўненькія — адна ў адну, нідзе лішняй зялінкі няма. Не відно, што і засуха была, усё расце, зелянее. За хлявом пасуцца дзве козачкі, так што малако і сыр гаспадыня да стала не купляе. Ёсць чым і ўнукаў пачаставаць, як прыедуць. «Не толькі ўнукі, ужо восем праўнукаў маю» — пахвалілася шчаслівая бабуля сваім галоўным багаццем.

Калі пагаварыць з гэтай жыхаркай Рамашак — столькі энергіі, бадзёрасці, жыцця ад яе ідзе — можа падацца, што жанчына зусім бесклапотнае жыццё пражыла. Аказваецца, далёка не так. Хапіла ўсялякага на яе жыццёвым шляху. Муж яе быў у ліку тых пакутнікаў, якіх цяпер называюць «атамнымі салдатамі». Тады ж гаварыць пра гэта не дазвалялася, скардзіцца забаранялася, ён падпісаў 25-гадовае абавязацельства маўчання...

Але аб усім па парадку. У яе, прыгажуні і весялухі, з вёскі Даматканавічы суседняга Клецкага раёна быў ужо кавалер, але ў войска яго прызвалі. Пасля дзевяці класаў Ніна збіралася ісці вучыцца на медсястру, толькі маці не пусціла, не было за што вучыць. А потым бацькі яе замуж выдалі. Бо паявіўся жаніх, на восем гадоў старэйшы, нарыхтоўшчык кааперацыі, значыць, з грашыма. У той час гэта лічылася вельмі выгаднай партыяй. Бо пра першага жаніха, у сям'і якога было восем дзяцей, маці сказала: «Замучуся табе гаршкі з кашай насіць, а тут хоць галадаць не будзеш». Бацькоў тады было прынята слухацца. Ды і чалавек папаўся добры. Вось толькі са здароўем у яго з самай маладосці нешта было не так. Але ён маўчаў, яна ў душу не лезла. І толькі пасля нараджэння першынца Сяргей прызнаўся жонцы, што падчас службы ў арміі быў на Тоцкім палігоне ў Арэнбургскай вобласці, там у верасні 1954 года выпрабоўвалі атамную бомбу.

Пасля вучэнняў

Яна і цяпер помніць тую першую размову, як ён сядзеў і доўга расказваў. Адабралі лепшых і самых здаровых салдат з часці. Зампаліты расказвалі, што ім выпаў вялікі гонар удзельнічаць у справе дзяржаўнай важнасці. І ўсе выказалі гатоўнасць, ніхто не адмовіўся ехаць. Некаторыя думалі, можа, нават узнагародзяць. Нікому ў страшным сне не прыснілася б, што калі і вернешся адтуль жывы, то без здароўя... Праводзілі на палігон з аркестрам як герояў-добраахвотнікаў. Расказваў, як яны займалі пазіцыі ў акопах, як у цэнтр поля сагналі кароў, коней, іншую свойскую жывёлу. Як пасля выбуху гэтыя жывыя істоты на вачах сталі ператварацца ў чорныя вуглі, як стала страшэнна горача, захацелася піць...

Ні­на Мас­ці­лоў­ская.

Яна тады маладая, з цяжкасцю ўсведамляла перажытае ім. Здавалася, краіна асіліла такую вайну, нічога не можа быць больш страшнага, не хацелася думаць пра страшнае. Але чамусьці Ніна стала баяцца, што муж у любы момант можа памерці. Пасля нараджэння другога сына яму станавілася горш, праблемы са здароўем набывалі яўны характар. І яна аднойчы, падхапіўшы дзяцей, уцякла да сваіх бацькоў, спакойна расказвае пра факт свайго маладушша жанчына. Але прыехаў, стаў прасіць-умольваць, не змагла здрадзіць-пакінуць, вярнулася. А потым нарадзілася трэцяе дзіця — дачушка.

Дзеці і ўнукі

— Дачка — першая апора маці, запомніце гэта, — кажа нам Ніна Уладзіміраўна з пазіцыі пражытых гадоў. — Вось і мая дачушка найчасцей цяпер бывае ў мяне. Як толькі прыязджае, адразу бяжыць дапамагаць, хоць і праблемы са здароўем мае...

Потым зноў працягвае свой аповед, як цяжка хварэў муж, як яму нагу аднялі. Хваробы нібы на галаву звальваліся адна за адной. Ні дапамогі, ні льготаў як пацярпеламу ад высокай дозы радыяцыі на ядзерных выпрабаваннях не было, нават гаварыць пра гэта не выпадала. І ўжо 23 гады яна ўдава. Але галоўнае, што пакінуў ёй муж, добрых дзяцей. Усе вывучыліся, мелі альбо маюць прыстойную работу, жыллё, дастатак. Унукі не адстаюць ад сваіх бацькоў, пайшлі па самых розных спецыяльнасцях, напрыклад дзве ўнучкі скончылі кансерваторыю, ёсць у сям'і педагогі, музыканты, вайскоўцы.

Ніна Масцілоўская лічыць, што цяпер жыць добра, трэба толькі не ленавацца працаваць, беражліва ставіцца за заробленага і такім чынам будаваць уласны дабрабыт. Яна з задавальненнем паказвае сваю дамашнюю гаспадарку. У гаспадыні шафы ломяцца ад адзення, поўны халадзільнік. А на стале — мноства здымкаў, альбомаў — унукі, праўнукі. Асобнае фатаграфічнае папуры яны зрабілі спецыяльна да 80-гадовага юбілею бабулі.

Суседкі

Ніна Уладзіміраўна ўзялася правесці да сваіх аднасяльчанак Марыі Шапель і Груні Саўко. «Трое нас засталося, жывых. А з гэтай суседкай насупраць, — паказвае на заросшы двор — часам гавару: уставай, суседачка, наводзь парадак. Але яна ўжо там, адкуль не прыходзяць».

Гру­ня Са­ўко і Ма­рыя Ша­пель.

У доме ў Марыі Ізідораўны Шапель аказалася і трэцяя жыхарка, самая маладая з іх, 77-гадовая Груня Саўко. Груня Іванаўна пахавала дваіх сыноў, у яе засталіся ўнукі і хворая дачка. Здавалася б, мора слёз даўно выплакана, але яны ізноў падступаюць, як толькі жанчына пачынае гаварыць пра дзяцей. Ёй спачуваюць яе сяброўкі-аднасяльчанкі, бо няма на свеце нічога горшага, як пахаваць уласных дзяцей. Але ж жыць усё роўна неяк трэба. І яны збіраюцца разам, прыгадваюць ранейшае жыццё, успамінаюць маладосць.

А раней у Рамашках жыло многа людзей, пасля вайны нават пачатковая школа была, працаваў магазін. Цяпер вось аўтакрама прыходзіць. «Збяромся і думаем, каторая з нас першай памрэ, — усміхаецца Марыя Ізідораўна. — Нехта ж сыдзе першым, астатнія правесці прыйдуць. Ужо і малодшыя за мяне памерлі, а я жыву, бачыце». Пытаю, ці клічуць іх дзеці-ўнукі да сябе ў горад. Кажуць, што клічуць, і настойліва. 88-гадовая Марыя Шапель чакае наступнай раніцай дачку. Тая адпрацуе начную змену ў бальніцы і прыедзе са сваім сынам, каб дапамагчы маці і бабулі па хатняй гаспадарцы. Вядома, ім было б зручней, каб маці жыла побач. Але ніхто з трох апошніх жыхарак не хоча ехаць са сваіх Рамашак.

Найлепшыя на свеце Рамашкі

— «Ромашки спрятались, поникли лютики, — напяваюць бабулькі радок папулярнага некалі шлягера. — Бачыце, як у нас хораша! Як прыгожа наша вёска называецца». У ранейшыя часы гэтае сяло называлася Рамашкавічы, як сказана ў кнізе «Памяць» Ляхавіцкага раёна, Барбара Радзівіл яго падарыла ляхавіцкаму пану Чаркоўскаму, потым гаспадары мяняліся. Кажуць, што тут некалі спрэс раслі рамонкі. Зразумела, што гэтая версія і лічыцца асноўнай у тлумачэнні назвы.

Яны, цяперашнія жыхаркі Рамашак, калгасныя працаўніцы, так многа перажылі, адпакутавалі на сваім вяку, але не скардзяцца, не наракаюць на лёс. Вырошчваюць кветкі ў агародчыках, выглядваюць з акон дзяцей і ўнукаў, радуюцца выпадку пагаварыць з любым чалавекам. Яны вельмі прасілі падзякаваць цяперашняму кіраўніку мясцовага сельгаспрадпрыемства «Жарабковічы» Антону Булатаму, бо «На Новы год, уяўляеце, нам прывезлі падарункі, кожнай — па аграмадным пакеце цукерак, дарагіх. Пра нас не забыліся, што мы тут сядзім старыя ў гэтых Рамашках! Так што хай ім Бог здароўя дае, кіраўнікам нашым!» — бабулькі расчуліліся і змахваюць слёзы. Тут і сам можаш заплакаць, ад таго, як мала трэба ўвагі, дабрыні, каб гэтыя вясковыя жанчыны адчулі сябе не адзінокімі, не забытымі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.