Вы тут

Дзе прачынаецца жывапісец?


Апошнім часам мастацкая супольнасць усё часцей канстатуе: пейзаж становіцца менш цікавы гледачу. Многія мастакі наогул не пішуць краявіды і шукаюць сябе ў іншых жанрах выяўленчага мастацтва. Але ж у коле мастакоў ёсць асобы, якія ніколі не прамяняюць пейзаж на іншыя кірункі творчасці. Яркі прыклад — Юрый Козел, персанальная выстаўка якога нядаўна адкрылася ў Палацы мастацтваў.


«Залатыя палі», 2004 г

Аўтарскі почырк Юрыя Козела запамінаецца хутка. Цеплыня адценняў, вытанчанасць ліній і станоўчая энергетыка разам фарміруюць прыемны настрой. Майстар звяртаецца да гледача з пасылам любові і павагі да роднай зямлі. Яму цікавыя навакольныя працэсы, цікава, як па законах прыроды будуецца сістэма жыцця чалавецтва. Праз краявіды майстар разважае і адчыняе дзверы душы для новых уражанняў і адкрыццяў.

— Усё сваё жыццё я закаханы ў пейзаж. Мне не зразумела, калі ў грамадстве гучаць меркаванні, што ў наш час пейзаж як жанр мастацтва не актуальны, — тлумачыць Юрый Козел. — Паглядзіце, на маёй выстаўцы прадстаўлена каля 60 твораў, большасць з іх — краявіды беларускай зямлі. І ні адзін не падобны на іншы. Пейзаж не трэба разглядаць толькі з пункту гледжання прасторавай кампазіцыі. Бо ён можа быць гарадскі або вясковы, зімовы ці летні, прыдуманы або рэальны. Наша праблема ў тым, што мы разглядаем пейзаж праз прызму простага, а глыбей не бачым.

Майстар лічыць, што жывапіс для яго хутчэй задавальненне, чым праца. Яму падабаецца падоўгу стаяць каля палатна і з дапамогай пэндзля ствараць сюжэты, якія запалі ў душу. Аўтар часта ўспамінае роднае Дзятлава. Гэтаму месцу прысвечана шмат твораў Юрыя Козела. Дарэчы, майстар практычна не прэзентуе творы ў Мінску, у асноўным выстаўляецца ў рэгіёнах.

— Гэта асаблівая для мне персанальная выстаўка, прыемна, што яна падыходзіць па тэматыцы да рэспубліканскай акцыі «Год малой радзімы», — падкрэслівае мастак. — Галоўнае, што хочацца данесці да гледача, — прыгажосць, на якую багатая Беларусь. Я памятаю, як пачаў маляваць у дзяцінстве. Уставаў раніцай, глядзеў, што адбываецца за акном. Пасля заўважыў, як з кожнай хвілінай змяняюцца колеры. За кошт святла мяняецца танальнасць — гэта ж сапраўдны цуд прыроды! Мне здаецца, тады ўва мне і прачнуўся жывапісец. Дзякуй богу, жыве і дасюль.

Акрамя краявідаў, мастак стварае партрэты і нацюрморты. У яго неверагоднае адчуванне характару герояў. Творца тонка і глыбока перадае іх эмацыянальны настрой. Праз партрэт можна зразумець шмат пра чалавека, якога напісаў мастак. Сам жа творца — чалавек добры і мяккі, таму і яго работы заўсёды цёплыя, насычаныя дабрынёй.

— Мяне цікавяць розныя поры года, бо ў кожнай — сваё зачараванне. Стан прыроды ўплывае абсалютна на ўсё: на настрой, натхненне, на саму творчасць, — падкрэслівае аўтар. — Я лічу, што праз мае творы чалавек можа камунікаваць з прыродай, вывучаць яе, бо я дзялюся сваім досведам зносін з наваколлем. Прыемна, калі ў сэрцы гледача мае творы адгукаюцца цеплынёй. Як мастак заўсёды залежу ад успрымання маёй творчасці гледачамі.

Выстаўка Юрыя Козела падобная на энцыклапедыю жывапісных месцаў Беларусі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».