Вы тут

Атмасферны фронт не адступае


Не першыя суткі сталіцу і іншыя населеныя пункты краіны правярае на трываласць непагадзь.


Што да Мінска, то ліўні не першы год для жыхароў ператвараюцца ў сапраўднае выпрабаванне. Зараз, напрыклад, падтапленні сталі галаўным болем для ўладальнікаў кафэ і офісаў на першых паверхах будынкаў нядаўна рэканструяванай вуліцы Рэвалюцыйнай. Пасля першага патопу ваду з памяшканняў выграбалі вёдрамі і анучамі, а кліенты вымушаны былі пакідаць гэтыя ўстановы праз вокны. На наступны дзень тут падрыхтаваліся адмысловым спосабам: уваходы былі закладзены мяшкамі з пяском, якія мусяць крыху спыняць патокі вады. Паводле слоў гаспадароў, дзякуючы такім барыкадам вады гэтым разам у памяшканнях было меней.

На яшчэ адной з цэнтральных сталічных вуліц — Кірава — другі дзень запар ваду адкачвае МНС разам з валанцёрамі Чырвонага Крыжа. Сведкай гэтага «пашчасціла» стаць асабіста. Сесці ў разгул непагадзі за руль прымусілі абставіны: дачка апынулася ў цэнтры горада без парасона. Паездка на аўтамабілі ў такі час — тое яшчэ выпрабаванне на пільнасць і ўважлівасць. За шчыльным патокам вады, з якім не паспяваюць спраўляцца шчоткі, не відаць не тое што дарожнай разметкі — нічога не відаць. Бакавым зрокам заўважаю, што машына з суседняга рада рэзка перастройваецца ў мой, і хуценька тармажу. Збіраюся пасігналіць нахабнаму кіроўцу, але бачу, што ў яго паласе ляжыць матацыкл, стаіць мінівэн, аб які апошні ўдарыўся, і вельмі спадзяюся, што тут усё абышлося без ахвяр...

Першая водная перашкода (калі не лічыць, што ўся праезная частка — вялікі паток) сустракае перад пад'ёмам на мост на вуліцы Кальварыйскай. У нізіне сабралася невялікае возера. Хтосьці імкнецца перастроіцца ў крайнюю левую паласу, дзе вады меней, хтосьці проста павольна праязджае. Але нават і думкі не ўзнікае, што наперадзе можа чакаць сапраўды непераадольная перашкода. Без праблем праязджаю скрыжаванне з вуліцай Нямігай, яе пасля будаўніцтва калектара, здаецца, больш не падтапляе, гэтак жа прамінаю частку праспекта Незалежнасці. Як ні дзіўна, на галоўным праспекце сталіцы, нягледзячы на стыхію, затораў няма. І выязджаю на вуліцу Кірава. У нізіне за стадыёнам «Дынама» на праезнай частцы разлілося возера. Пасярэдзіне стаіць заглухлы аўтамабіль, дзяўчына-кіроўца выбралася на сушу і з надзеяй паглядае ў бок аўтамабіля МНС, які з мігалкамі спяшаецца на дапамогу. Па краях таксама затопленыя ледзь не па самыя вокны прыпаркаваныя раней аўтамабілі — калі б ведалі кіроўцы, чым скончыцца гэта часовая стаянка, відавочна, пакінулі б свае машыны ў больш надзейным месцы. Карціна вельмі працвярэжвае: больш ніхто штурмаваць водную перашкоду не адважваецца, усе разварочваюцца і мяняюць маршрут. Мне ж увогуле хацелася паставіць аўтамабіль у надзейным месцы і больш не выпрабоўваць яго на трываласць...

МНС сапраўды ў гэтыя суткі працуе ў напружаным рэжыме. Толькі ў сталіцы ў розных раёнах ветрам павалена больш за дзясятак дрэваў. На вуліцы Якуба Коласа паваліўся рэкламны шчыт, а на Кальварыйскай упаў гандлёвы павільён, прычым тут без пацярпелых не абышлося: двое 20-гадовых студэнтаў — хлопец і дзяўчына — дастаўлены ў бальніцу з ранамі галавы.

Былі ў ратавальнікаў і нестандартныя выклікі: у Рагачоўскім раёне падчас разгулу стыхіі ветрам знесла частку буслінага гнязда. Трое буслянят апынуліся на зямлі, пра што паведамілі відавочцы. Ратавальнікі знайшлі птушанят і з дапамогай лесвіцы вярнулі іх «дадому».

На Гродзеншчыне ў вёсцы Падліпяны Астравецкага раёна маланка трапіла ў гаспадарчую пабудову, якая загарэлася. Гэтак жа загарэўся і драўляны дом у Івацэвічах, у здарэннях, на шчасце, ніхто не пацярпеў.

На сёння, 19 ліпеня, сіноптыкі зноў аб'яўляюць аранжавы ўзровень небяспекі: на большай частцы краіны чакаюцца моцныя ліўні, град, шквалісты вецер. Прырода працягвае выпрабоўваць. Каго — на трываласць, некага — на цярпенне...

Алена КРАВЕЦ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.