Вы тут

Вядомы культуролаг — аб праектах і адсутнасці страху перад будучыняй


Многія з нас жывуць аднолькава, думаюць аднолькава і нават не ўяўляюць, што можна жыць па-іншаму — бо няма перад вачыма прыкладаў. Наша гераіня — гэта той самы прыклад. Жыццёвая стратэгія Маргарыты Корзун цікавая і не зусім звыклая для большасці беларусак. Затое ў выніку — насычанае, канцэнтраванае, нібы правільна завараны японскі чай, жыццё, у якім нашмат больш інтарэсаў, зносін, развіцця і вынікаў, чым «у сярэднім па папуляцыі», як сказаў бы які-небудзь біёлаг...


Такім чынам, знаёмцеся — Маргарыта Корзун, вядомы ў мінскіх колах арт-менеджар, прадзюсар, культуролаг, выкладчык, і яе аповяд пра жыццёвыя прыярытэты, смак гарбаты і выдатны вопыт рэалізацыі дзіцячай мары.

«Мне 55 гадоў. Першая мая адукацыя — факультэт радыёфізікі і электронікі БДУ, чырвоны дыплом (чым мая мама ганарыцца дагэтуль)... Другая — Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ — культуралогія. Цяпер вучуся фінансаваму менеджменту ў магістратуры Школы бізнесу БДУ. Мне падабаецца вучыцца. Свет мяняецца, не хочацца ад яго адставаць...

Цяпер працую памочнікам кіраўніка праекта ў Рэспубліканскім мікрафінансавым цэнтры. Арганізацыя некамерцыйная, а наш праект — гэта міжнародная тэхнічная дапамога па паляпшэнні доступу да фінансаў сельскаму насельніцтву Беларусі. Паралельна я выкладаю прадзюсарства і менеджмент культуры ў БДУ, на кафедры сацыяльнай камунікацыі».

* * *

«У маім жыцці было даволі шмат замежных стажыровак. Такім чынам у мяне з'явілася мноства знаёмых з самых розных краін. З некаторымі мы дагэтуль падтрымліваем кантакты... Я лічу сябе чалавекам свету, але пры гэтым жыву на сваёй зямлі і не збіраюся адсюль з'язджаць. У маладосці ў мяне нярэдка пыталіся, чаму я не засталася ў ЗША, і я адказвала: калі б мне прапанавалі там цікавую працу, я яшчэ б падумала. А застацца проста так і займацца ўборкай офісаў — для чаго? А тут у мяне ёсць людзі і праекты...

Адзін з праектаў — гэта Мінскі форум вулічных тэатраў (Міжнародны фестываль вулічнага мастацтва, які штогод праводзіцца з 2013 года. За гэты час стаў прафесійнай пляцоўкай для ўсіх вулічных тэатраў Беларусі, а таксама вывеў на вуліцу прафесійны цырк і драматычны тэатр. — аўт.). Я член аргкамітэта, мы якраз зараз абмяркоўваем дату яго правядзення сёлета, плануецца, што ён адбудзецца 8 верасня ў Верхнім горадзе. А яшчэ я ўваходжу ў экспертны савет фэсту вулічных мастацтваў «На сямі вятрах», які праходзіць падчас «Славянскага базару».

Я заўсёды захаплялася тэатрам, яшчэ з дзяцінства. Займалася ў тэатральнай студыі, калі вучылася ў школе, потым — ва ўніверсітэце. Потым у тэатры-студыі, з якой вырас першы рэпертуарны недзяржаўны тэатр — «Альтэрнатыўны тэатр», я нават перайшла туды працаваць у свой час»...

* * *

«Цяпер я, апроч іншага, з'яўляюся яшчэ прафесійным траблшутарам — вырашальнікам праблем («траблшутар» з англійскай перакладаецца як «адстрэльвальнік праблем». Гэта эксперт па рашэнні складаных бізнес-задач. — Аўт.). Я магу паглядзець на складанае пытанне з усіх пунктаў гледжання і выбраць той, з якога яго вырашаць прасцей за ўсё. У аснове майго падыходу ляжыць ТРВЗ — тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач і рэйтынг-аналіз»...

* * *

«Я не ідэальная. Магу і адкласці важныя справы на потым, люблю артыкульчыкі пачытаць, напрыклад... Але ў нейкі момант усё пакідаю і пачынаю працаваць.

І ў мяне таксама бываюць хістанні і няўпэўненасць, але я стараюся доўга не «хістацца» — пачынаю дзейнічаць. Я не баюся займацца нечым новым, вельмі часта ў сваім жыцці я пачынала нешта рабіць з нуля, так прыходзілася. Дзявацца не было куды — у мяне ж дзеці. Я іх выхоўвала шмат гадоў адна пасля разводу з мужам. Калі пачалася перабудова, мне трэба было «варушыцца», каб іх вырасціць...

У мяне сын і дачка. Сыну 30 гадоў, ён піша доктарскую ў ЗША па новых культурных практыках у Мінску. Дачцэ 17 гадоў, і яна зараз шукае сябе. Я заўважыла на яе прыкладзе і прыкладзе яе сяброў і знаёмых, што для дзяўчынак яе пакалення гэта сапраўды вялікая праблема — самавызначэнне. Іх так «носіць», гэтых дзяцей — з крайнасці ў крайнасць! Яны так пакутліва сталеюць! У нашага пакалення гэта не праяўлялася ў такіх крайніх формах...»

* * *

«Гадоў сем таму я захапілася... чаем. Ужо была знаёмая з Аленай Вялічкай (стваральніцай і кіраўніком Чайнай студыі ў Мінску. — Аўт.). І тут яна якраз абвясціла, што будзе ствараць Чайную школу, дзе навучыць разбірацца ў гэтым напоі. І я падумала: чаму б і не? Да гэтага я піла звычайны чорны чай, любіла гарбату з траў... А калі скончыла Чайную школу, выявіла, што дакладна адчуваю адценні смаку — на дэгустацыях свабодна вызначаю розныя белыя, жоўтыя, чорныя, чырвоныя чаі...

Напой будзе розны ў залежнасці ад умоў: тэхналогіі вытворчасці, тэрыторыі, на якой ён сабраны, часу збору, якасці сыравіны (пупышкі, лісточкі, з галінкамі або без). Я стала ўдзельнічаць у чайных чэмпіянатах. Памятаю, Другі чайны чэмпіянат праходзіў у Нацыянальным мастацкім музеі, і я думала: ну калі яшчэ ў жыцці я змагу заварыць чай у музеі, у вялікай зале пад шкляной столлю? Гэта былі незабыўныя адчуванні...

Паміж другім і трэцім чэмпіянатамі я далучылася да паездкі ў Кітай на Міжнародны чайны чэмпіянат і Чайны форум. Убачыла там велізарную колькасць выдатных людзей з усяго свету, улюбёных у чай! Яны такія цікавыя, так тонка адчуваюць жыццё і робяць кожны яго момант выдатным... І я зразумела, што паглыбленне ў чай, яго нюансы, тонкасці, у чайнае мастацтва — мяняе жыццё чалавека. І што мне падабаецца такое жыццё.

Цяпер я купляю і каштую розныя чаі, у мяне ўжо сабралася цэлая калекцыя. Асаблівая мая любоў — белы чай. У яго ёсць такія тонкія, паветраныя, гатункі, якія трэба рассмакаваць, паглыбіцца ў іх...

Наогул, чай для мяне — гэта светлая фарба ў жыцці, светлы яго момант. Гэта такое прыгожае хобі. Але я ўжо задумваюся пра тое, каб большую частку свайго жыцця звязаць з гэтым напоем. І думаю, наступная мая адукацыя будзе звязана з ім. Я не хачу атрымліваць яе ў выглядзе кароткатэрміновых курсаў. Ведаю, у Кітаі ёсць Чайны інстытут, але я пакуль не вызначылася.

* * *

«Страху перад будучыняй, перад невялікай пенсіяй у мяне няма. Мяне гэта не моцна бянтэжыць, таму што мая мама біёлаг, а ў бабулі быў свой агарод. Мама перажыла вайну, голад, калі яны выжылі за кошт агарода, і я спакойна стаўлюся да таго, каб жыць з яго. Таму я магу ўбачыць і такую сваю будучыню, калі я паехала ў вёску і вяду там экалагічна дружалюбны лад жыцця.

Хоць, наогул, трэба думаць пра дадатковы даход, калі выйдзеш на пенсію. Я, напрыклад, магу рабіць адукацыйныя, культурныя праекты. І магу займацца якім-небудзь рукадзеллем. Прыйдзе пара — я ўбачу, у чым праблема, і буду яе вырашаць, а зараз чаго трывожыцца?»

* * *

«Нядаўна я занялася музыкай. Гэта мая дзіцячая нерэалізаваная мара. Я хацела іграць на фартэпіяна, але ў нас у сям'і не было грошай, каб купіць інструмент. А зараз я паволі пачала іграць у сваё задавальненне і спяваць.

Я бяру ўрокі ігры ў выдатнага педагога. Валерыя Іванавіча я даўно ведаю, ён піяніст па адукацыі, шмат гадоў працаваў у філармоніі, але яшчэ падпрацоўваў і настройкай піяніна. І ён аднавіў мне гэты інструмент. Гэта абышлося даволі дорага, але я плаціла ў растэрміноўку — ён пагадзіўся. У мяне тады зусім не было грошай, і я нават не ведаю, што мной тады рухала, можа, прыгажосць... Гэтае фартэпіяна — канца XІX стагоддзя, да яго дакраналася столькі людзей! Мне было шкада адпраўляць яго на сметніцу.

Вядома, нялёгка вучыцца іграць на ім, гэтым трэба займацца кожны дзень. Часам я прыходжу позна, пасля дзевяці вечара не іграю, берагу спакой суседзяў. Таму ўсё рухаецца вельмі павольна. Але гэта так цудоўна! Мы нават з сяброўкамі зладзілі кватэрнік, хоць гэта гучна сказана. Самі для сябе мы назвалі гэта рэпетыцыяй кватэрніка — мы сабраліся неяк у мяне ў нядзелю, калі суседзі раз'ехаліся па дачах, і сталі іграць на гэтым інструменце. І зразумелі, што, калі іграеш для слухачоў, хай нават для аднаго, — гэта значна складаней, чым проста для сябе... Але гэта выдатны вопыт!»...

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Не баюся заняцца нечым новым»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.