Вы тут

Так і будзе?


Гэта была самая звычайная выязная сесія аблсавета, як і іншыя падобныя форумы, калі ўдзельнікі спачатку наведваюць пэўныя аб'екты. А паколькі тэма датычылася развіцця турызму, аб'екты абяцалі быць цікавымі, прынамсі для тых, хто меў убачыць іх упершыню. Варта сказаць, сесія прыйшлася на Іванаў дзень, які наступае пасля купальскай ночы, і ў аўтобусе гаворка зайшла пра купальскія традыцыі.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дарога вяла ў заказнік, які цяпер называюць біясферным рэзерватам «Прыбужскае Палессе». Старшыня камітэта прыродных рэсурсаў Тамара Ялкоўская стала расказваць пра каралеўскі чыставуст, які расце толькі ў гэтых мясцінах і занесены ў Чырвоную кнігу. Ён адметны тым, што пры выспяванні верхнія лісты набываюць чырвона-карычневае адценне, яны відаць здалёк. Цалкам верагодна, што каралеўскі чыставуст стаў правобразам той папараць-кветкі, пра якую складзены легенды. Цікава было слухаць, думалася, як многа мы не ведаем нават пра тое, што зусім побач... Вось гэтыя спакойна-дабратворныя разважанні перапыніў глухі ўдар, які прыйшоўся недзе ў бок аўтобуса ззаду.

Кіроўца рэзка затармазіў. Супрацоўніца Брэсцкага райвыканкама, якая стаяла тварам да пасажыраў, бо падчас паездкі праводзіла экскурс па раёне, сілай інерцыі памкнулася назад, але яе падхапілі мужчыны з пярэдніх крэслаў, не далі ўпасці. Мой погляд у той момант аказаўся скіраваным у акно насупраць... а там вярцелася-перакульвалася, як паказваюць у фільмах, машына. Колькі разоў яна перакулілася, я падлічыць не змагла. Усё адбывалася за долі секунды. Адны потым казалі, што разоў пяць, другія, што тры. Аўтамабіль праляцеў перпендыкулярна шашы, перакруціўся па свежаўзараным полі і ўпаў верхам кабіны на раллю. Машына захрасла перадам у зямлі, нібы збіты самалёт. У яе паадрывала колы і іншыя часткі. Калі мы ўсе, хто стаў нявольнымі сведкамі гэтых кульбітаў, выдыхнулі разам, то першая думка была, што ў салоне нічога жывога застацца не магло. Адразу з нашага аўтобуса ў бок пакарабачанай машыны пабег старшыня Брэсцкага гарсавета Мікалай Красоўскі, ён урач па прафесіі. Рушылі і другія мужчыны. Але не паспелі яны яшчэ туды прыйсці, мы ўбачылі, як з машыны выпаўз дзяцюк у светлых шортах і майцы і стаў бегаць вакол таго, што раней было аўтамабілем. Потым Мікалай Васілевіч вярнуўся і супакоіў: у кабіне кіроўца быў адзін, зараз ён у шокавым стане, навакольнае ўспрымае неадэкватна, але прыкметных пашкоджанняў на целе не мае, акрамя хіба маленькіх драпін. Машына, праўда, аднаўленню не падлягае. Ды што тая машына пасля такога!

Мы стаялі на ўзбочыне. Да прыезду міліцыі і «хуткай» быў час на асэнсаванне таго, што здарылася, і на разважанні. Заставалася дзівіцца, колькі разоў за лічаныя секунды гэтаму нехлямяжаму вадзілу лёс падарыў жыццё. Забягаючы наперад, скажу: ён двойчы быў пазбаўлены пасведчання кіроўцы, гэта значыць, садзіцца за руль не меў ніякага права. А ехаў на вялікай хуткасці, няўдала спрабаваў абагнаць наш аўтобус, зачапіў яго і, відаць, затармазіў. Магчыма, адным колам выскачыў на ўзбочыну, і аўтамабіль пачало вярцець. Дык вось там паабапал дарогі растуць вялікія дрэвы. І каб машына ўрэзалася ў дрэва, яе, пэўна, разарвала б на дзве часткі, бо нават без усялякіх перашкод колы паадляталі. А яму пашанцавала «лятаць» паміж дрэвамі — гэта першае шчасце. Другое: мясцовы калгас убраў пасевы і заараў поле. Аўто і на мяккай раллі сплюшчыла, а каб там была высушаная спёкай зямля, не кажучы ўжо пра асфальт ці бетон, калі б машыну пачало шпурляць уперад, мала што засталося б і ад машыны, і ад яе змесціва...

Ні пра што іншае гаварыць ужо не атрымлівалася, як разважаць, ці дойдзе да гэтага патэнцыйнага дарожнага забойцы, які пабываў нават не на валаску — на краёчку валаска — ад смерці, што нельга так сябе паводзіць на дарозе. Не факт, што дойдзе, калі меркаваць па колькасці аварый, якія ўчыняюць тыя, каго пазбаўляюць правоў. І як з гэтым змагацца, ніхто не ведае. Бо кожны падсвядома супакойвае сябе: такі тып мне не сустрэнецца, мяне падобная з'ява абміне. Нехта ж бачыў з яго знаёмых, родных, суседзяў, як ён садзіцца за руль, а можа яшчэ і машыну далі. У іншай еўрапейскай краіне незаконную спробу кіравання аўтамабілем перапынілі б адным званком. У нас так не прынята. А прынята мірыцца са становішчам, калі п'яныя бяспраўнікі нахабна парушаюць правілы, падводзяць пад рызыку, а то і наогул забіваюць выпадковых людзей. Пакуль усе разам і кожны паасобку будзем мірыцца з гэтым, так і будзе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.