Вы тут

Як моладзь вывучае праблему гандлю людзьмі


18 актыўных маладых людзей сабраліся ў летнім лагеры пад Мінскам, каб больш даведацца і знайсці свой спосаб супрацьстаяць адной з глабальных пагроз сучаснасці — гандлю людзьмі. У праграме ў хлопцаў і дзяўчат — шэсць дзён, насычаных яркімі майстар-класамі з аўтарытэтнымі экспертамі.


Лагер пад назвай «Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся» праходзіць ужо другі раз. Леташняе мерапрыемства паказала вялікую цікавасць з боку моладзі, таму сёлета была сабрана новая група неабыякавых да тэмы актывістаў. Ініцыятарам правядзення лагера выступіла прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі сумесна з Міністэрствамі замежных і ўнутраных спраў. Акрамя таго, праект падтрымалі розныя агенцтвы ААН: ПРААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА, Дэпартамент грамадскай інфармацыі (ДГІ) ААН, УВКБ ААН, ЮНЭЙДС сумесна з USAІD — Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці. Не засталіся ўбаку і прадстаўніцтвы МЗС Каралеўства Нарвегія і пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама камерцыйныя арганізацыі, якія выступілі ў якасці спонсараў.

— Гандаль людзьмі з'яўляецца адной з найбольш небяспечных праяў арганізаванай транснацыянальнай злачыннасці. З 2002 года ў Беларусі выяўлена больш за 5600 ахвяр гандлю людзьмі, з якіх каля 5000 — ахвяры сексуальнай эксплуатацыі. Многае зроблена, каб мінімізаваць маштабы гэтай з'явы. Вядома, у адзіночку мы б не змаглі з гэтым справіцца, у нас напрацаваны добрыя сувязі з замежнымі калегамі і грамадскімі арганізацыямі. Правядзенне такога лагера — адна з мер прафілактыкі ў маладзёжным асяроддзі негатыўных з'яў, звязаных з гандлем людзьмі, — падкрэсліў падчас адкрыцця лагера намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (МУС) Уладзімір ЕМЯЛЬЯНАЎ.

Часам правядзення лагера — сярэдзіна лета — абрана нездарма: 30 ліпеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Дарэчы, менавіта Беларусь стала ініцыятарам надання яму ў 2013 годзе афіцыйнага статусу. Па даных Міжнароднай арганізацыі працы, на дадзены момант больш за 20 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце з'яўляюцца ахвярамі прымусовай працы, прычым каля 70 % з іх — жанчыны і дзеці. Як расказаў кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь Зейнал ГАДЖЫЕЎ, на гэты год запланавана падпісанне глабальнага дагавора аб міграцыі. Ён стане першым пагадненнем, дасягнутым у выніку міжурадавых перагавораў і заключаным пад эгідай ААН, якое ахопіць усе аспекты міжнароднай міграцыі. Як чакаюць эксперты, гэта дапаможа істотна паўплываць у тым ліку і на праблему гандлю людзьмі.

Вяртаючыся да работы лагера: нягледзячы на тое, што гэтая тэма стала асноўнай, удзельнікі таксама закрануць пытанні спынення распаўсюджвання ВІЧ і СНІД, бежанства, устанаўлення гендарнай роўнасці і многае іншае. Увогуле — абмяркуюць усё тое, што звязана з Мэтамі ўстойлівага развіцця, якія былі прынятыя дзяржавамі — членамі ААН. Усяго мэт 17, і накіраваны яны ў глабальным сэнсе на ліквідацыю галечы, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на рашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі зменамі.

Асноўная мэта лагера — растлумачыць, што кожны чалавек са свайго боку можа зрабіць, каб спыніць распаўсюджванне гэтых з'яў. Тое, што ўнесці свой уклад у змяненне сітуацыі да лепшага сапраўды можа кожны, незалежна ад свайго ўзросту, месцазнаходжання і сацыяльнага статусу, даказвае падбор удзельнікаў лагера. Гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў з усёй Беларусі з розным жыццёвым і валанцёрскім вопытам. Каб стаць удзельнікам, трэба было ўсяго толькі запоўніць анкету, канчатковае ж рашэнне прымала конкурсная камісія. Так, напрыклад, выбраная Аліна МЕТНЕР працуе педагогам-арганізатарам у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Росквіт» у Бабруйску, а таксама з'яўляецца валанцёрам грамадскага аб'яднання «Маці супраць наркотыкаў». Там актывістка вядзе клуб для дзяўчат, таму адна з мэт наведвання лагера — атрымаць новую карысную інфармацыю, якой можна будзе падзяліцца з падапечнымі экспертнага пункту гледжання. Акрамя таго, па выніках работы лагера яго ўдзельнікі прадставяць свае праекты на тэму міграцыі або процідзеяння гандлю людзьмі, якія будуць рэалізоўваць на працягу наступнага года ў рэгіёнах пры падтрымцы экспертаў і агенцтваў ААН.

Як расказала ўдзельніца лагера мінулага года журналістка Яўгенія ЛЕСНІКОВА, праект дазволіў не толькі значна больш даведацца аб праблеме гандлю людзьмі, але і бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю спецыяльных устаноў ААН, а таксама ўсталяваць кантакты з актывістамі з розных сфер. У сакавіку гэтага года ўдзельнікі сабраліся на двухдзённую сустрэчу, каб падзяліцца сваім вопытам арганізацыі і ўдзелу ў мерапрыемствах, на якія іх натхніла навучанне. Плануецца, што фармат бесперапыннага ўзаемадзеяння будзе прымяняцца і далей. І, як у прывітальным слове падкрэсліваў кожны з экспертаў, калі пасля ўдзельнікі падзеляцца атрыманай інфармацыяй хоць бы з блізкімі — значыць, праца праведзена не дарэмна.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Час дзейнічаць

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.