Вы тут

Новая кнігарня адкрылася ў Віцебску


У Віцебску 16-га ліпеня, адкрылі кніжную краму «Прамень». Адбылося гэта ў новым мікрараёне Білева-2 — на ўскраіне абласнога цэнтра. Цяпер па кнігі мясцовым жыхарам не трэба будзе ездзіць далёка, бо крама ў крокавай даступнасці.


У афіцыйнай цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі, прадстаўнікі мясцовай улады, творчая інтэлігенцыя.

Паводле слоў Ігара Бузоўскага, грамадзяне нашай краіны ў час інтэрнэту па-ранейшаму цікавяцца друкаванымі кнігамі. І гэта вельмі добрая з'ява. Людзі разумеюць, што кнігі чытаць трэба, бо гэта дазваляе інтэлектуальна і духоўна расці, атрымліваць новыя веды. І кнігі ў ліку іншага дазваляюць правільна выхоўваць дзяцей.

Прыемным сюрпрызам для першай пакупніцы стаў падарунак з рук намесніка міністра — кніга перакладаў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе» на мовах свету». Выданне сёлета атрымала Гран-пры міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД. Яе Ігар Бузоўскі ўручыў жыхарцы мікрараёна, дзе адкрылася крама.

Алена Прорашнева — мама трох дзяцей, раней працавала ў гандлі. У размове з карэспандэнтам «Звязды» адзначыла, што купіла паштоўку ручной работы, каб падарыць яе на дзень нараджэння старэйшай дачцэ. Ёй споўніцца 21 ліпеня 23 гады. У краму прыйшла з малодшым сынам Мацвеем, які скончыў першы клас віцебскай гімназіі № 7. Ён і падпіша сястры паштоўку. Хлопчыку, кажа маці, лёгка даюцца мовы. Таму яна вельмі рада, што ён будзе чытаць твор беларускага класіка на розных мовах. І вельмі ганарыцца тым, што, як убачыла ў кнізе, яе наклад усяго 800 экзэмпляраў. Яшчэ яна, як ні дзіўна, стала пераможцай у латарэі. Выйграла кнігу Валянціна Пікуля «На задворках вялікай імперыі».

 

У гонар адкрыцця наведвальнікам давалі 10-працэнтную зніжку — на кніжную прадукцыю.

У новай краме, якая займае 110 квадратных метраў, прадстаўлены шырокі асартымент кніг і канцылярскіх тавараў. Таксама ёсць цацкі, пазлы, наборы для творчасці і многае іншае. Дзякуючы адкрыццю крамы, створаны тры новыя рабочыя месцы.

Дарэчы, «Прамень» стаў дзявятай па ліку ў Віцебску кніжнай крамай сеткі ААТ «Белкніга», 16-м гандлёвым аб'ектам у Прыдзвінскім рэгіёне і 108-м — у Беларусі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Кнігарня ў новым мікрараёне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».