Вы тут

Што паглядзець у Вялікабрытаніі?


Геаграфічна Англія — гэта нібы Еўропа. І у той жа час Еўропа своеасаблівая. Па-першае, туды няпроста патрапіць. І не толькі з прычыны фінансавага складніка — хоць дарога і пражыванне не слаба ўдараць па кашальку сярэдняга беларуса. Яшчэ і візу цяжка атрымаць. Дакументаў для яе патрэбна куды больш, чым на звычайны «шэнген». І каштуе віза, самая танная, пад 150 долараў. Праўда, даюць яе тэрмінам на паўгода і на некалькі паездак.


А яшчэ, нягледзячы на наяўнасць візы ў пашпарце, вас па прылёце чакае абавязковая размова з прадстаўніком пагранічнай службы. І як быць чалавеку, калі не ведаеш англійскай мовы, — не ўяўляю. Перада мной дапытвалі кітаянку, якая ці мову не ведала, ці ў адказах блыталася. Якое выйсце знайшлі? Памежнік надыктоўваў ёй у тэлефон пытанні, яна іх адпраўляла знаёмым, тыя перакладалі, прысылалі назад. Дзяўчына канструявала адказ — пасылала назад, там ёй яго перакладалі. І так па крузе...

Галоўны сэнс пытанняў, што задаюць турыстам, — ці хопіць сродкаў на пражыванне, ці не маецца намеру застацца? А вось на вылеце ніякіх пагранічных праверак няма, назад адсюль адпускаюць спакойна.

Прыляцеў я рана, аўтобус з аэрапорта ў горад, білет на які быў набыты загадзя, адпраўляўся значна пазней. Усё ж пакрочыў да адыходзячага цяпер транспарту: можа возьмеце? — Няма праблем, — адказаў кіроўца, амаль не глянуўшы на білет, — садзіся. А потым на міжгароднім аўтавакзале пры перасадцы білет наогул некуды заваліўся ў рукзаку. Сабраўся шукаць, але мяне спынілі. — Дакладна маецца білет? — пацікавіўся кантралёр. — Ну і добра, ідзіце і садзіцеся. І толькі ў спіну дадаў нечаканае: «Калі вы джэнтльмен».

Відаць, тут яшчэ давяраюць слову. Чуў, што нават іх суды часцяком вуснае абяцанне могуць прыраўняць да афіцыйнага дакумента ці заверанай даведкі. Зразумела, калі палічаць вас джэнтльменам, які ведае цану свайму слову.

Вялікабрытанія і да свайго знакамітага рэферэндуму аб выхадзе з ЕС была членам еўрапейскай сям'і з нацыянальнымі асаблівасцямі. Віза для ўезду сюды патрэбна свая. Грошы таксама ўласныя — фунт стэрлінгаў. Дарэчы, тут аднымі з першых увялі наяўныя пластыкавыя банкноты, якія не камечацца і не гараць нібыта. Я паспрабаваў пакамечыць іх пяцёрку — выраўноўвалася як новенькая. А вось падпальваць ужо не рызыкнуў, прабачце. Пра левабаковы рух на дарогах казаць залішне. Вельмі цяжка да яго прызвычаіцца, асабліва ў першыя дні.

А яшчэ тут пешаходы смела ідуць на чырвонае святло святлафора. Калі няма машын, зразумела. Адвыкшы ад мінскага парадку, пачаў так хадзіць і я. Аднойчы сабраўся перайсці дарогу на чырвонае ды тармазнуў, угледзеўшы побач траіх паліцэйскіх. Дык яны мяне самі ледзь не падштурхнулі — чаго марудзіш, маўляў. І самі пакрочылі. Тут святлафор папярэджвае, але не забараняе. А рызыкі і сваю адказнасць, калі што здарыцца, чалавек павінен вызначаць сам.

Наогул, Брытанія ставіцца да прыезджых прыязна. У тых, хто перавёз сюды сабраныя на радзіме мільярды, — зразумела, свая планета той прыязнасці. Існуюць цэлыя фірмы, якія абслугоўваюць іх запыты, дапамагаюць абжывацца і задавальняюць усе капрызы. Але і простаму турысту тут раздолле. І пра яго дбаюць. На вуліцах паўсюдна падрабязныя карты навакольнага раёна і блізкіх знакамітых турыстычных пунктаў — не заблукаеш. Многія ўстановы культуры, нават самыя шыкоўныя, зроблены бясплатнымі для наведвання. У тым ліку і славутыя Брытанскі музей, Музей імперыялістычных войнаў, Музей сучаснага мастацтва. Меркаваў, што за ўваход у Лонданскую карцінную галерэю з мяне нешта возьмуць. Але і там палюбаваўся творамі Манэ, Тыцыяна, Рэмбранта і «Сланечнікамі» Ван Гога — да «Сланечнікаў» давялося праз натоўп праціскацца — таксама за проста так. На знакамітую аглядную пляцоўку Скай-гардэн (Нябесны сад) — адну з папулярных сучасных турыстычных «фішак» брытанскай сталіцы — таксама ўваход свабодны, толькі чаргу велізарную трэба выстаяць. Калі гарадскія ўлады прапаноўвалі гэты ўчастак пад бізнес-хмарачос, то выставілі інвестарам патрабаванне: не парушыць прыроду тэрыторыі. Але на месцы будоўлі быў скверык — як тут было будавацца? Але ж пабудаваліся. Сення скверык той квітнее, перанесены... на верхні паверх хмарачоса. Падзівіўся і я адтуль, з вышыні, на Лондан. І ў знак удзячнасці будаўнікам рашыў замовіць там, на даху пад аблокамі, крыху віна і кубачак кавы. Піў за іх здароўе і адносіны да свайго горада. Напоі ў рэстаране на даху Скай-гардэна каштавалі амаль столькі ж, колькі і ў звычайным вулічным кафэ.

У Лондане сёння ёсць і яшчэ адна цікавая новабудоўля — да ўсяго і з беларускім каларытам. Будынак беларускай мемарыяльнай царквы нават намінаваны на прэмію Сусветнага фестывалю архітэктуры — так званы Оскар у галіне архітэктуры. Ён прапанаваны адразу па дзвюх намінацыях — як сусветны рэлігійны будынак года і як прыклад найлепшага выкарыстання драўніны ў будоўлі. Праектаваў царкву брытанскі архітэктар Цзывай Со, які стаў яе вернікам.

У органах мясцовай улады тут ёсць чыноўнік, пасада якога гучыць як... кансультант па архітэктурнай эстэтыцы і шчасці. (Туды адбіраюць аўтарытэтных спецыялістаў з добрым мастацкім густам.) У абавязках яго — сачыць, каб любая новабудоўля не толькі інвестыцыі прыносіла ці працоўныя месцы стварала, але і прыгожай была, ландшафт не псавала, людзей радавала. (Эх, як патрэбны быў бы такі спецыяліст у нас — хоць бы для работы ў раёне Траецкага прадмесця ці сталічнага парка Горкага.)

Зразумела, шмат размоў тут было і ёсць пра Брэксіт, пра распачаты выхад краіны з Еўрасаюза. Таксіст, які вёз па горадзе, прызнаўся, што ўся яго сям'я галасавала за выхад. Бо надта шмат эмігрантаў прыехала ў краіну. Пры галасаванні, праўда, была ўпэўненасць, што акажуцца ў меншасці. А яно вось як выйшла. Калі б рэферэндум паўтарылі, магчыма, галасавалі б ужо інакш... Паліцэйскі сказаў, што быў катэгарычна супраць выхаду. Калісьці салдацкую службу праходзіў у Заходняй Германіі і ўсё планаваў паехаць прайсціся па мясцінах салдацкай маладосці. Цяпер жа, можа, і не атрымаецца такая паездка, калі збярэцца. А можа, і візы для яе спатрэбяцца, ужо англічане ад гэтага адвыклі.

Нашым землякам, што тут абжываюцца, вынікі рэферэндуму таксама неабыякавыя. А іх тут нямала. Ведаю, што толькі ў 2015 годзе і толькі па стыпендыях Еўрасаюза, навуковых фондаў ці саміх універсітэтаў у навучальных установах Вялікабрытаніі вучылася не менш за сотню нашых дзяўчат і юнакоў. Адольвалі беларусы нават прыступкі знакамітых Лонданскай школы эканомікі, Оксфардскага і Кембрыджскага ўніверсітэтаў — ВНУ сусветнай топ-дзясяткі. Вучыцца ў Англіі цяжка, але адукацыя таго вартая. Лынды біць няма калі. Студэнцкія бібліятэкі — і тыя працуюць кругласутачна, і нават глыбокай ноччу не пустуюць. Ніякіх паблажак на абставіны тут не даюць — краіне патрэбныя веды.

Нашы землякі тут найперш згадваюць Кірыла Чыкіюка і Арцёма Ставенку. Кірыл, апроч звычайнай універсітэцкай адукацыі, адолеў і аспірантуру кафедры фізікі ў Оксфардзе. Арцём адольвае аспірантуру Лонданскага ўніверсітэцкага каледжа (ЮсіЭл). Удвух яны зрабілі адкрыццё, за якім цяпер ганяюцца вядучыя вытворцы электронікі. Хлопцы прыдумалі, як утрымліваць выяву фармату тры джы ў адкрытай прасторы — што раней лічылася справай немагчымай. Калі Кірыл абараняў сваю вучоную ступень, то строгія оксфардскія прафесары не раз прасілі яго прыпыняцца — не паспявалі мэтры за ходам навуковых думак ураджэнца Брэста. У выніку строгі савет ацаніў яго працу як бліскучую. Шматабяцальным вучоным лічаць тут і Максіма Дадонава — выпускніка кафедры фізікі Кембрыджскага ўніверсітэта. А ў Лондане адным з найлепшых універсітэцкіх выкладчыкаў эканомікі прызнана мінчанка Юлія Карастылёва.

На Стаўбцоўшчыне ведаю бабульку, чый бацька ў 1939 годзе быў прызваны ў польскае войска на вайну з Германіяй і больш дахаты не вярнуўся. Толькі ў сямідзясятыя гады дайшлі да сваякоў пісьмы з Англіі, дзе ён абжыўся пасля службы ў войску. Там і памёр, ні разу дома ўжо не пабываўшы... Бабулька мяне ні аб чым не прасіла, але не паленаваўся я дабрацца да гарадка за сто кіламетраў ад Лондана і там прайшоў па адрасе, што быў пазначаны на старэнькім канверце з бабуліных скарбаў. Шмат часу прайшло пасля смерці нашага земляка, у доме жылі ўжо іншыя людзі. Але спадара Ліпніцкага там памятаюць. «Ён быў храбрым салдатам Другой сусветнай, героем бітвы пад Монтэ-Касіна», — распавялі мне жыхары суседніх дамоў.

Адлятаючы, у аэрапорце купіў і пагартаў адну з мясцовых газет. На бачным месцы там — расповед як дзевяностагадовая каралева ў сваю загарадную рэзідэнцыю ў Віндзары — туды, дзе нядаўна гулялі вяселле яе ўнука Гары — дабіраецца звычайнай электрычкай. І праз іншыя крокі Елізавета спрабуе эканоміць дзяржаўныя расходы на сваё ўтрыманне. І моцная яшчэ — у дажджлівае надвор'е на афіцыйных цырымоніях парасонік трымае сама.

Вікенцій Ключнік

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.