Вы тут

Пажараў па віне электраправодкі быць не можа... Але яны ёсць


Амаль штодня сродкі масавай інфармацыі даносяць трагічныя весткі: то тут, то там адбываюцца ўзгаранні, пажары, часам — з чалавечымі ахвярамі.

Мяне — як спецыяліста ў галіне электразабеспячэння — найбольш непакоіць, што гэтыя трагедыі (успомнім жудасную ў расійскім Кемераве, дзе загінула 64 чалавекі, з іх — 41 дзіця!) адбываюцца па віне электраправодкі, чаго ў прынцыпе быць не павінна!

Нехта скажа: не павінна, але ж ёсць.


Тады — заканамернае пытанне: чаму?

На мой погляд, прычына відавочная: стан электраправодкі, здольнасць выконваць «ускладзеныя» на яе функцыі ніхто і ніколі не правярае. Папросту кажучы, яе зрабілі (добра, калі сумленна і якасна) ды забыліся, прычым начыста.

Тут вось што кідаецца ў вочы: і машына, і жылы дом, напрыклад, з'яўляюцца прыватнай уласнасцю чалавека. Аднак без штогадовага тэхнічнага агляду, без вогнетушыцеля ды аптэчкі на аўтамабілі наўрад ці доўга паездзіш: цябе хутка спыняць і аштрафуюць. Што датычыцца дамоў — нават старых, драўляных, то туды могуць наведвацца газавікі (да нас, напрыклад, заходзілі не так даўно, загадалі замяніць кран, шланг і паставіць лічыльнік)... Могуць завітаць і пажарнікі — праверыць печы, дымаходы, пакінуць свае прадпісанні. І паспрабуй іх не выканай... А вось стан электраправодкі не цікавіць нікога.

Зноў жа заканамернае пытанне, чаму? Яна што — не ўяўляе ніякай небяспекі для маёмасці людзей, для іх здароўя і нават жыцця? Але ж факты сведчаць аб зусім адваротным.

...Сёння падача (увод) электраэнергіі ў кожнае памяшканне: кватэру, дом, офіс, гандлёвы цэнтр і г. д. у абавязковым парадку вядзецца праз ахоўныя прыстасаванні: тыя ж пробкі з калібраванымі (!) на адпаведны ток плаўкімі ўстаўкамі, аўтаматычныя пробкі альбо аўтаматычныя выключальнікі (таксама на адпаведны ток)... Калі ўсё гэта знаходзіцца ў рабочым стане, то пры любых пашкоджаннях праводкі ўзгарання не адбудзецца: ахова спрацуе раней, ток не дасягне небяспечнай велічыні — электраэнергія адключыцца.

Гэта ж — прычым імгненна, але, паўтаруся, пры наяўнасці спраўнага ахоўнага абсталявання — адбудзецца і ў выпадку кароткага замыкання, пры якім узнікае вялікі ток, правады пачынаюць перагравацца, іскрыць...

На нашых электрастанцыях, падстанцыях, прамысловых і іншых прадпрыемствах дзейнічаюць спецыяльныя правілы: падрабязна распісана перыядычнасць і аб'ём прафілактычных і ўзнаўляльных работ (рамонтаў), кваліфікацыя абслуговага персаналу. Усе гэтыя правілы
безагаворачна выконваюцца, бо інакш, відаць, узнік бы поўны калапс — не гарэла б ніводная лямпачка.

Гэта — што датычыцца вытворцаў і буйных спажыўцоў электраэнергіі. Тэхнічнае абслугоўванне ахоўнага абсталявання на дробных — перыядычна і, што важна, кваліфікавана маглі б праводзіць, па-першае, прадпрыемствы раённых электрасетак (цяпер зона іх абслугоўвання абмяжоўваецца электрашчыткамі), па-другое, энергазбыт, які вядзе пакуль толькі ўлік скарыстанай электраэнергіі ды мяняе лічыльнікі адзін раз на чатыры гады, па-трэцяе, персанал ЖКГ, які да электраправодкі сёння не мае амаль ніякіх адносін, па-чацвёртае — самі карыстальнікі.

Які з варыянтаў найлепшы? Гэта, здаецца, відавочна: першыя два і хоць бы таму, што работнікі гэтых прадпрыемстваў маюць, на мой погляд, самае галоўнае — кваліфікаваных спецыялістаў, якія могуць сачыць за станам электраправодкі і несці потым адказнасць, бо пакуль яна цалкам ускладзена на... спажыўца электраэнергіі.

Карацей, варыянты вырашэння праблемы ёсць. Можна і трэба выбраць найлепшы, бо калі не выбіраць і нічога не мяняць, калі пакінуць усё як ёсць, то колькасць трагічных навін — аб новых пажарах з-за няспраўнай электраправодкі ды новых ахвярах, баюся, не зменшыцца, а наадварот — з гадамі будзе толькі расці.

Яўген Кавальчук, ветэран працы і энергетыкі, вынаходнік,

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.