Вы тут

Якія праблемы турбуюць жыхароў Магілёўшчыны?


Дарогі, недаробкі ў новабудоўлях, праблемы з вадой і шмат чаго іншага турбавала жыхароў Магілёўшчыны, якія звярнуліся ў суботу са сваімі праблемамі на прамую тэлефонную лінію ў аблвыканкам. За тры гадзіны губернатар вобласці Уладзімір Даманеўскі паспеў выслухаць і ўзяць на кантроль 26 пытанняў.


Асабліва шмат было «сігналаў» па дарогах. Людміла Юр'еўна папрасіла прывесці ў парадак «гравійку» па вуліцы Садовай у вёсцы Кастрыцы Магілёўскага раёна. Яна паскардзілася, што пяску, каб яе падсыпаць, хапіла толькі на пачатак і канец вуліцы, а вось пасярэдзіне яна засталася ў дрэнным выглядзе. Станам дарогі па вуліцы Валгаградскай у Магілёве заклапочаны і Віталій Гардзееў, старшыня вулічкама. Ён паведаміў, што яна ўся ў ямах і калдобінах. На працягу трох гадоў ён звяртаецца ў розныя інстанцыі, каб зрабілі нармальнае пакрыццё, але ўвесь час узнікаюць нейкія праблемы. Дарэчы, «Звязда» таксама пісала пра гэтую набалелую тэму.

Юрый з аграгарадка Буйнічы Магілёўскага раёна незадаволены станам дарогі па вуліцы 2-й Пралетарскай. Ён звярнуў увагу на тое, што асабліва цяжка перасоўвацца па ёй пасля моцных дажджоў. З аналагічнай праблемай ў вёсцы Карзуны Шклоўскага раёна папрасіла разабрацца тутэйшая пенсіянерка. Маўляў, пасля дажджоў дарогу залівае так, што яе не перайсці. Пытанне, дарэчы, «з барадой», яго падымалі нават у абласной газеце.

Канстанцін Георгіевіч нагадаў пра адсутнасць нармальнай дарогі да могілак у раёне вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна. Пасля дажджу там без гумавых ботаў не прайсці, а машыны наогул не могуць праехаць. Мінчанін Сяргей Міхайлавіч папрасіў, каб «асвяжылі» дарогу на пад'ездах да вёскі Сушчоў Быхаўскага раёна. Мужчына, дарэчы, сам робіць для сваёй малой радзімы ўсё магчымае — абкошвае траву, даглядае тутэйшае воінскае пахаванне...

Частка зваротаў датычылася праблем з водазабеспячэннем. Жыхарка з Мінска паскардзілася, што ў вёсцы Глускага раёна, дзе знаходзіцца яе лецішча, калгас адключыў помпу, таму цяпер у населеным пункце няма вады. Алена Барысаўна з горада Круглае таксама перажывала з-за адсутнасці вады. Толькі гарачай. Маўляў, райцэнтр не ў сілах забяспечыць ёю жыхароў — фінансавыя цяжкасці. Тамара Віктараўна паскардзілася, што ў вёсцы Зубава Круглянскага раёна не чысцяць калодзеж. Кажуць, няма спецыяліста. Дарэчы, закрыць вакансію не могуць ужо некалькі месяцаў.

Тамара Дзмітрыеўна паведаміла, што у вёсцы Лыкава Магілёўскага раёна забаранілі карыстацца калодзежам. Жанчына марыць далучыцца да цэнтралізаванага водазабеспячэння. Пажадана бясплатна. А вось жыхарка магілёўскага пасёлка Брады паскардзілася на... баброў, якія робяць плаціну, у выніку чаго ў падвалах жыхароў стаіць вада.

Яшчэ некалькі пытанняў датычыліся новабудоўляў і адсутнасці паблізу ад жылых дамоў крамы. Адна шматдзетная маці з Магілёва паведаміла, што яе сям'я не можа справіць наваселле, бо ўжо другі месяц будаўнікі ліквідуюць недаробкі.

Двойчы ўзнікалі пытанні па безбар'ерным асяроддзі. Магіляўчанка Алена Валер'еўна заклапочана тым, што ў іх доме па вуліцы Каштанавай няма пандуса і калясачнікам цяжка трапіць да сябе дамоў і наадварот. Надзея Аляксееўна з Клічава, інвалід 1-й групы, папрасіла дапамагчы ёй разабрацца, ці мае яна права на інвалідную каляску. Тры гады таму ёй каляску далі, але яна ўжо зламалася. Цяпер сцвярджаюць, што каляска ёй наогул не прадугледжана.

Некалькі магіляўчан сутыкнуліся з цяжкасцямі па аплаце за камуналку. Таццяна Ісаева звярнулася, каб ёй дапамаглі разлічыцца з запазычанасцю за кватэру. Сума вялікая, жанчына не ведае, як яе пагасіць. А Ларыса Уласаўна наогул расказвала пра сваю бяду скрозь слёзы. Яна пэўны час не жыла ў сваёй кватэры, але нейкім незразумелым для яе чынам набег доўг за электрычнасць. Энергетыкі, сказала заяўніца, не пажадалі вывучаць яе праблему, таму яна і звярнулася да губернатара на прамую лінію.

З Быхава патэлефанавала малады спецыяліст, якая прыехала працаваць у райцэнтр па мэтавым размеркаванні, але яе муж жыве ў Мазыры і пераязджаць не збіраецца. Раён, у сваю чаргу, не жадае страчваць патрэбнага ім спецыяліста. Але маладая жанчына спадзяецца, што ёй пойдуць насустрач і сям'я не распадзецца. Ірына сведчыць, што калі брала накіраванне, пра шлюб нават не думала.

Бабруйчанін Валерый Ануфрыевіч расказаў, што на працягу чатырох гадоў змагаецца за тое, каб грузавыя машыны не ездзілі праз яго двор да крамы, і прасіў дапамагчы паставіць у гэтай справе кропку.

Магіляўчанка Людміла Ільінічна паведала пра цяжкасці падключэння да газаправода. Яна не супраць унесці сваю лепту, але пасільную. А ўлічваючы, што пры будаўніцтве тутэйшай АЗС пяць дамоў знеслі, было б справядліва далучыць да фінансавання і яе. Да таго ж станцыя павінна была зрабіць ліўнёўку, але, напэўна, там забыліся пра сваё абяцанне. У выніку заяўніца пакутуе ад сцёкавых водаў.

Віктар Віктаравіч з Бабруйска паскардзіўся на фірму, якая год не плаціла яму зарплату, а калі ён звольніўся, не дала канчатковы разлік. Суд яшчэ летась прымусіў прадпрыемства заплаціць пацярпеламу амаль шэсць тысяч рублёў, але яно не спяшаецца.

Валянціна Іванаўна ад імя ўдзельнікаў дачнага кааператыва, што ў Кадзінскім сельсавеце Магілёўскага раёна, паскардзілася, што папярэдні старшыня кааператыва не лічыць патрэбным даць справаздачу па грашовых выдатках. І нават зараз, калі перавыбралі новага старшыню, не аддае дакументы.

Ніна Рыгораўна з Магілёўскага раёна паведаміла, што ў выхадныя дні дачнікам не хапае аўтобусных рэйсаў.

Заклапочанасць будучым птушкафабрыкі «Прыдняпроўская» выказаў жыхар вёскі Раманавічы Магілёўскага раёна, былы старшыня сельсавета Георгій Германовіч. Ён паведаміў, што можа параіць некалькі кандыдатур талковых работнікаў на пасаду кіраўніка. Зараз фабрыка ў стадыі санацыі і патрэбны вопытны спецыяліст, які б вывеў яе на стабільны рытм работы. Губернатар прапанаваў заяўніку асабіста сустрэцца і выслухаць яго прапановы па паляпшэнні работы прадпрыемства. Ён адзначыў, што фабрыцы аказана фінансавая падтрымка для стабілізацыі яе дзейнасці і робяцца іншыя захады.

Уладзімір Даманеўскі даў на ўсе пытанні канструктыўныя адказы. Нейкія з праблем пачалі вырашацца адразу ж у суботу. Найбольш складаныя будуць разгледжаны ў абмежаваны заканадаўствам тэрмін.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Дарогі, недаробкі ў новабудоўлях, праблемы з вадой...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?