Вы тут

Уладзімір Цвірка. Заказель


Кветка Палесся!


Па-добраму зайздрошчу таму, хто здолеў літаральна ў двух словах выказаць усю чуллівасць, прыгажосць і каштоўнасць гэтай вытанчанай капліцы, якая цудам захавалася ў межах былога Пінскага княства, частка якога цяпер вядома як Драгічынскі раён.

Круцілася ў галаве: трэба ехаць і глядзець. Глядзець і ўяўляць, можа, нават зусім неверагоднае — дзе вы маглі б быць гаспадарамі гэтых мясцін. Архітэктарамі і будаўнікамі гэтага цаглянага цуду. Звычайнымі вернікамі, якія зранку ці ўвечары зайшлі сюды на імшу. Ці яшчэ цікавей — быць у марах сведкамі і будаўніцтва, і ўсяго доўгага і насычанага жыцця капліцы да таго моманту, як пачалося яе разбурэнне праз нечалавечае жаданне сцерці з твару зямлі такую прыгажосць. І тут паўстае пытанне: як бы вы сябе павялі пры такіх абставінах, што б зрабілі, каб абараніць капліцу, каб не дапусціць страшэннага вар’яцтва?

Але вось вы скінулі з сябе покрыва чараў і з палёгкай уздыхнулі, вярнуўшыся ў сучаснасць. Тут усё спакойна, утульна. Вы на траве, побач капліца.

Настойліва прабівалася пытанне: «Што мы робім, каб гэтая кветка не знікла назаўсёды?»

Калі ў 1867 годзе ўлады паспрабавалі перабудаваць капліцу, другімі словамі, знішчыць яе эстэтыку, вытанчанасць і непаўторнасць, мясцовы люд, уласнікі некалькіх навакольных сядзіб дружна выступілі ў абарону заказельскай святыні. І толькі дзякуючы гэтаму калектыўнаму супраціву, грамадзянскаму ўчынку мы можам сёння цешыць вока рэдкай архітэктурнай пабудовай.

Згадваецца Заказель амаль з ХІІІ стагоддзя. З 1521 года паселішча — каралеўская маёмасць у межах Вялікага Княства Літоўскага. З пачатку XVIII стагоддзя новымі гаспадарамі сталі прадстаўнікі шляхецкага роду Ажэшкаў.

Капліца па прызначэнні — родавая пахавальня Ажэшкаў, была ўзведзеная з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі па праекце вядомага на той час польскага архітэктара Францішка Яшчальда.

Даследчыкі даўніны і сёння ў адзін голас сцвярджаюць, што перад намі адзін з рэдкіх (і не толькі для нашай краіны) помнікаў архітэктуры, які адметны кампазіцыяй, высакаякасным матэрыялам і прафесійнай працай будаўнікоў, вонкавым і ўнутраным дэкорам такой насычанасці і складанасці. Некалі ў капліцы быў дах з якасных медных лістоў, над якім велічна ўздымаўся вытанчаны шпіль з літым крыжам. Дарэчы, паводле аднаго падання, у гераічныя часы паўстання 1863—1864 гадоў пісьменніца Эліза Ажэшка хавала ў невялічкім патаемным памяшканні пад гэтым шпілем параненага генерала Рамуальда Траўгута, найбліжэйшага паплечніка Кастуся Каліноўскага.

Над кутамі даху, якія былі ўпрыгожаныя спаранымі контрфорсамі, імкнуліся ўгару невялічкія вежачкі, побач з якімі стаялі скульптуры евангелістаў у чалавечы рост, якія, мабыць, першымі і былі разбураныя ці скрадзеныя. Самі вежы цяпер у вельмі дрэнным стане. Галоўны шпіль над дахам яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя трымаўся, але сёння яго няма. Медны дах, які падчас Першай сусветнай вайны быў зняты, пасля аднавілі, але з цягам часу і ён страціў сваю галоўную функцыю — сцерагчы будынак ад непагадзі.

Дык усё ж, што зробім мы, каб палеская кветачка не згінула ў адзіноце, каб ужо заўтра, адчуўшы нашу агульную дапамогу, яна перастала баяцца бязлітаснага часу?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».