Вы тут

Як падлеткі гуляюць у «Зарніцу»


У першай палове ліпеня ў краіне праходзіць рэспубліканскі злёт навучэнцаў, якія наведваюць класы ваенна-патрыятычнай скіраванасці. Ён прысвечаны 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі.


Арганізатары, сярод якіх Міністэрствы абароны і адукацыі, распрацавалі вялікую праграму злёту. Але самай відовішчнай стала ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, якая прайшла на базе 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады.

102 вучні з усіх куткоў Беларусі з’ехаліся на ўскраіну Мінска. Сярод іх шмат дзяўчынак. Яны паглядаюць на паласу перашкод, праз якую пабягуць праз паўгадзіны…

- На жаль, надвор’е за ноч сапсавалася. Трава мокрая, зямля мокрая, таму, нягледзячы на ўсё імкненне да перамогі, будзьце гранічна асцярожнымі, - праводзіць інструктаж намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай працы палкоўнік Сяргей Корнеў. - Важная поўная ўзаемадапамога, выручка. Будзеце праходзіць паласу перашкод – падайце руку, дапамажыце вылезці свайму калегу. І памятайце: залік ставіцца па апошнім чалавеку. У любым выпадку, незалежна ад выніку – сваіх не кідаюць.

“Зарніца” - гэта спартыўная эстафета ваенна-палявой скіраванасці. І таму ўсе яе складнікі так ці інакш маюць дачыненне да спецыфікі вайсковай службы. Праўда, праграма яе была даволі спрошчана, паколькі ўсё-такі дзеючыя асобы - школьнікі, а не салдаты.

Цікавімся ў Сяргея Корнева: што ж чакае падлеткаў на паласе перашкод?

- Ім трэба будзе перабрацца праз двухметровы роў, прабегчы праз лабірынт, пераадолець разбураную лесвіцу і вылезці з падземнага пераходу. А яшчэ – сабраць і разабраць аўтамат Калашнікава, аказаць параненаму першую дапамогу, апрануць агульнавайсковы абарончы камбінезон, знайсці міну, выканаць сілавыя практыкаванні... Праграма для ўсіх адзіная. Дзяўчынкі пройдуць тыя ж выпрабаванні, як і хлопчыкі. Якіхсьці ільгот для іх не будзе.

Да старту застаюцца лічаныя хвіліны, але мы паспяваем пагутарыць з некаторымі ўдзельнікамі “Зарніцы”.

- Выбраў гэты кірунак, таму што лічу гэта годнай магчымасцю ў будучыні праявіць сябе, - кажа вучань класа ваенна-патрыятычнага кірунку сярэдняй школы 27 горада Бабруйска камандзір узводу кадэт Ягор Раўнейка. – Я ўжо ў адзінаццатым класе, і таму трэба выбіраць далейшы шлях у жыцці. Дзед мой – падпалкоўнік, служыў у органах унутраных спраў. Збіраюся ў Акадэмію МУС і я. А “Зарніца” – гэта цудоўная  магчымасць праверыць сваю фізічную падрыхтоўку і маральныя якасці. Ну і, канешне ж, паступаць трэба ўжо з некаторымі ведамі, якія спатрэбяцца ў далейшым.

Кадэт, віцэ-малодшы сяржант Мікіта Сяледчык прыехаў са Слоніма.

- У нас працуе кадэцкі корпус, заснаваны на базе сярэдняй школы №9. У мяне брат вучыўся ў кадэцкім класе, я пайшоў па яго слядах. Там фарміруецца дысцыпліна, выпраўка, і хлопчык становіцца мужчынам. Садзейнічае гэтаму і “Зарніца”. Думаю паступаць на ваенны факультэт пасля школы, як гэта і зрабіў мой брат.

Гучыць каманда – “На старт!” “Увага!” “Марш” – і першыя дзве каманды ўжо бягуць на паласу перашкод…

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».