Вы тут

Беларус – у тройцы лідараў конкурсу эстраднай песні «Віцебск-2018»


У ноч на 15 ліпеня ў Летнім амфітэатры адгучалі апошнія акорды першага дня ХХVII міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”. Па суме ацэнак міжнароднага журы беларус  Яўген Курчыч увайшоў у тройку лідараў.


Яўген Курчыч.

Але спачатку расстаноўка сіл была невідавочнай, асабліва для гледачоў: абсалютную большасць маладых артыстаў з 15 краін свету ў Віцебску бачылі і чулі ўпершыню. Тым не менш, публіка падтрымлівала апладысментамі кожны нумар і прымала да сэрца міні-гісторыі, якія расказвалі пра ўдзельнікаў нязменныя вядучыя конкурсу Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі. Жанчыны ў зале ледзь стрымлівалі слёзы і жадалі абавязковай удачы і літоўцу Гражвідасу, які марыць перамагчы праблемы са зрокам і калі-небудзь навучыцца вадзіць машыну, і малдаваніну Саміру Логінаву, які прысвяціў конкурсную песню “Абдымі” маме – яна некалькі месяцаў таму ляжала ў коме… З цеплынёй прынялі гледачы грузінку Тамрыко, чый строгі тата доўгі час не верыў у дачку і лічыў яе захапленне музыкай пустой справай – а пасля выступлення дачкі на ўвесь голас прызнаў, што памыляўся, і блаславіў на далейшы творчы шлях.

Тамрыко (Грузія).

Прадстаўніца Кыргызстана Ажар Чолушава была перакананая, што беларусы вельмі мала ведаюць пра яе родную краіну, і зладзіла міні-віктарыну, пераможцу якой падрыхтавала спецыяльны падарунак. Аднак у зале сталіцу Кыргызстана назвалі практычна адразу і ледзь не хорам, чым прыемна парадавалі дзяўчыну. Яшчэ адзін падарунак перадала са сцэны ўкраінка Міла Ніціч – тэхнічнаму персаналу, а дакладней, аператарам, якія здымаюць маштабнае шоу: “Кожнай артыстцы хочацца выглядаць на экране прыгожа, так што мы з вамі дамовіліся, праўда?” – пажартавала дзяўчына.

А Валодзя Антанесян з Арменіі, які цікавіцца культурнымі традыцыямі і звычаямі розных краін, атрымаў ад вядучых купальскі вянок і пажаданне паспрабаваць выбраць са шматтысячнай залы суджаную. Артыст даверыўся лёсу і проста запусціў вянок у людскую раку, а потым паўжартам-паўсур’ёзна спытаў у дзяўчыны, якой дасталіся кветкі: “Хочаце паехаць са мной у Арменію?”.

Зрэшты, усё гэта быў толькі антураж вакол асноўнай падзеі – жывога выступлення 15 канкурсантаў, якія выконвалі хіты славянскіх аўтараў у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. З першых нот рабілася відавочна, хто на што рабіў стаўку: адны выбіралі вядомыя, многімі любімыя кампзіцыі савецкага часу – “Чырвона рута”, “Каханне, падобнае на сон”, “Каханне настала”, “Маналог” на вершы Марыны Цвятаевай і іншыя хіты, другія здзіўлялі смеласцю і нечаканым выбарам  (да прыкладу, некаторыя ўдзельнікі запісалі ў славянскія аўтары Віктара Цоя і Канстанціна Меладзе), трэція арыентаваліся на сучаснасць – так, прадстаўніца італіі Гая выканала рускую версію пазалеташняга хіта “Еўрабачання” ад Паліны Гагарынай “Мільён галасоў”… Беларускі спявак замахнуўся ні многа ні мала, як на “Крык птушкі” Уладзіміра Мулявіна – і, што нямала ўразіла суддзяў і публіку, нават за адведзеныя па рэгламенце 4 хвіліны здолеў раскрыць і драматычны змест, і нерв, і прыгажосць уласнага голасу. Напэўна, нават калі б студэнты ўніверсітэта культуры і мастацтваў не так горача падтрымлівалі свайго выкладчыка, нізкіх ацэнак тут быць не магло.

 

У прынцыпе, так яно і здарылася. Беларус, які выступаў пад дзявятым нумарам, першым з удзельнікаў атрымаў ад журы 77 балаў. Следам гэтую ж планку ўзялі Сільвія з Польшчы і Амрэ з Казахстана.Крыху менш – 76 балаў – у Марчэла Рошкі з Румыніі, 74 у Мілы Ніціч з Украіны, 72 балы набрала знойная кубінка Рэбека Эмбіль і грузінка Тамрыко, 70 – у армяніна Валодзі Антанесяна. Астатнія канкурсанты набралі менш як 70 балаў.

Марчэл Рошка (Румынія).

Зрэшты, сёння – другі, ён жа заключны, дзень конкурсу, які цалкам мржа ператасаваць гэтыя вынікі і вывесці ў лідары іншых людзей. “Звязда” сочыць за падзеямі і жадае артыстам удачы і поўнай залы прыхільнікаў!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».