Вы тут

Летняя школа ў "Брыганціне" збярэ каля 300 адораных школьнікаў


XXIII Рэспубліканская летняя навукова-даследчая школа навучэнцаў і настаўнікаў (матэматыка, фізіка, інфарматыка, астраномія) адкрыецца 16 ліпеня на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу "Брыганціна".


Яе ўдзельнікамі стануць каля 300 школьнікаў: больш за 40 навучэнцаў малодшых класаў, каля ста вучняў 5-7 класаў і каля 160 старшакласнікаў. Сярод слухачоў школы -- пераможцы міжнародных спаборніцтваў па матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы.

Дзятву чакаюць як культурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, так і кансультацыі, навуковыя семінары і практычныя заняткі. Навучанне будзе адбывацца ў 18 групах, з улікам узросту выхаванцаў і ўзроўню складанасці праграмы. У прыватнасці, самыя маленькія навучэнцы будуць наведваць гурток "Уводзіны ў даследчую дзейнасць", заняткі па арыгаметрыі, геаметрыі на мясцовасці і іншыя. Для вучняў 5-7-х класаў будуць арганізаваны заняткі алімпіяднага тыпу па матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы, а для старшакласнікаў - па сучаснай матэматыцы. Акрамя таго, на працягу работы школы, вучні 8-10-х класаў падрыхтуюць навуковыя праекты. Свае даклады юныя навукоўцы прадставяць на заключнай канферэнцыі па выніках працы Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы настаўнікаў і вучняў.

Падрыхтоўкай хлопцаў і дзяўчат будуць займацца больш за 40 выкладчыкаў і маладых навукоўцаў з Мінска, Віцебска, Гродна, Гомеля, Масквы, Растова-на-Доне і Таганрога.

Арганізатарамі Рэспубліканскай навукова-даследчай школы навучэнцаў і настаўнікаў выступаюць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт,  Міністэрства  адукацыі  пры падтрымцы IT-кампаніі "Сістэмныя тэхналогіі".

Работа школы будзе доўжыцца да 30 ліпеня.

Даведка:

Рэспубліканская штогадовая навукова-даследчая школа вучняў і настаўнікаў упершыню прайшла ў 1995 годзе ў п.Лужасна (Віцебская вобл.). Яе ўдзельнікамі тады сталі 65 школьнікаў і 30 педагогаў. Перадумовай арганізацыі мерапрыемства паслужыла актыўнае развіццё ў Беларусі навуковага напрамку ў рабоце са школьнікамі: стварэнне навуковых гурткоў і таварыстваў навучэнцаў, правядзенне канферэнцый юных вучоных, навуковых семінараў па матэматыцы для школьнікаў і настаўнікаў пры БДУ і Ліцэі БДУ. За ўсе гады існавання школы праз яе прайшлі больш за 3000 навучэнцаў і больш як 300 педагогаў з Беларусі, Расіі, Францыі, Балгарыі і Літвы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.