Вы тут

Як працуюць нарыхтоўшчыкі чарніц у сезон


«Сплю па пяць гадзін на суткі. Максімум. Мінулай ноччу толькі тры з паловай паспаў», — прызнаецца загарэлы Анатоль ГАРБАЦЭВІЧ. Мужчына жыве ў Беразіне і кожнае лета працуе нарыхтоўшчыкам. Уладкоўваецца па дагаворы падраду ў райспажыўтаварыства і ездзіць па вёсках скупляць у людзей ягады і грыбы. Цяпер тавар нумар адзін — чарніцы.

Па якой цане іх прымаюць сёлета, ці шмат можна зарабіць на дарах лесу і куды прадаюцца беларускія чарніцы — у нашым рэпартажы.


Ма­шы­ны ка­а­пе­ра­цыі ча­ка­юць лю­дзей на вы­ха­дзе з ле­су.

Ураджайны год

На чырвоным бусе Анатоль аб'язджае раён. Маршрут на сёння — 120 кіламетраў. Яшчэ ў шэсць раніцы завёз зборшчыкаў у лес пад вёскай Гацец, у гадзіну паедзе забіраць. «Таксуе» бясплатна, але з умовай, што ягады здадуць яму. Кажа, што за гэты час людзі па 15—16 кілаграм чарніц у вёдрах выносяць.

— Мы нашых зборшчыкаў цэнім і аберагаем. Нарыхтоўшчыкаў жа шмат — людзі могуць да іншых пайсці, — заўважае Анатоль. І ўспамінае, як аднойчы вяскоўцам маскітныя сеткі купляў: столькі мошак у лесе развялося, што не было паратунку.

Канкурэнцыя сапраўды вялікая. У тым жа Беразіне, акрамя сваіх, працуюць нарыхтоўшчыкі з іншых раёнаў — Бабруйскага, Бялыніцкага, Быхаўскага. «У іх больш брудныя зоны, вось і едуць да нас, — тлумачыць мужчына. — Хоць і тут ёсць мясціны, дзе ягады «фаняць». Напрыклад, вёска Жарамец — у жыцці туды не паеду. Там заўсёды была радыяцыя, яшчэ ў 1990-х».

Нарыхтоўшчыкам Анатоль працуе гадоў 20. Раней займаўся ўстаноўкай камер відэаназірання, потым быў у ахове ў міліцыі. Але на нарыхтоўках, кажа, заробак большы.

— Мы пачынаем з чэрвеня і заканчваем практычна ў лістападзе. Ужо першыя замаразкі, снег падае, а мы з журавінамі разбіраемся. Хутка грыбы пойдуць — буду імі займацца. Баравічкамі, апенькамі, груздамі. Сёлета, думаю, сезон будзе ўдалы, багаты, — мяркуе Анатоль. Мінулы год, уздыхае ён, выдаўся зусім неўраджайны, мужчына нарыхтоўваў 700 кілаграмаў ягад у тыдзень. А сёлета за два тыдні здаў больш за шэсць тон! Заробак за гэты час — 1400 рублёў. Але і работы шмат. «Сястра з Мінска, якая на пенсіі, прыязджае дапамагаць, маці таксама, бо я не паспяваю».

Грошай, атрыманых за сезон, хапае, каб спакойна пражыць да наступнага лета. Яшчэ і ў будоўлю дома частку ўкласці.

Жартуем: напэўна, Анатоль ужо глядзець не можа на тыя ягады?

— Наадварот, чарніцы вельмі люблю, але няма часу іх есці. Толькі калі прыязджаю ў райспажыўтаварыства здаваць іх, магу пакаштаваць са скрыні. Апошні раз там быў два дні таму.

У ягадах — уся вёска

На­рых­тоў­шчык Ана­толь ГАР­БА­ЦЭ­ВІЧ раз­ліч­ва­ец­ца за яга­ды.

Мужчына заязджае ў вёску Жорнаўка. Каля машыны хутка з'яўляюцца вяскоўцы з ягадамі. Муж і жонка Леанід і Яўгенія Калатухіны, напрыклад, ходзяць у лес штодня.

— Якраз водпуск бяром на ягады, — расказваюць. — Але сёння нядоўга ў лесе былі, з 6 да 8.30 раніцы, нямнога назбіралі.

Вёдры заважылі на сем кіло. Закупачны кошт на чарніцы — 3,50 рубля. А значыць плюс 24,5 рубля ў сямейны бюджэт. Грошы звычайна ідуць на корм скаціне (у Калатухіных вялікая гаспадарка) і на тое, каб сабраць дзяцей у школу.

— Мы ў турцэнтры ў Беразіне працуем, муж — рабочым па абслугоўванні, я — прыбіральшчыцай. У мяне заробак 300 рублёў. На ягадах магу ў два разы больш атрымаць. Пакуль ёсць чарніцы, можна месяц жыць нябедна, — дзеліцца Яўгенія.

— Галоўнае  — не ленавацца. А ўраджай сёлета добры: кусты пад цяжарам ягад на зямлі ляжаць, — дадае Леанід.

— Ды ўся вёска практычна цяпер у лесе! Каму грошы патрэбныя, заўсёды ходзяць. У асноўным моладзь чарніцы збірае, — падмячае жанчына.

У дзень Анатолю здаюць ягады да ста чалавек. Мужчына расказвае, што часта падзарабляюць настаўнікі. «У дзень па 50—60 рублёў маюць. А як у гэтым годзе чарніц шмат, за месяц людзі могуць атрымаць па дзве-тры тысячы рублёў — сур'ёзна!»

Планы на экспарт

Усяго ў Бярэзінскай кааперацыі працуе 12 нарыхтоўчых перасоўных пунктаў.

— Зручна. Выдаткі мінімальныя, — адзначае намеснік старшыні райспажыўтаварыства па нарыхтоўках, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Віктар ГРУЗД. — Калі напрыклад, сельская крама, якая за 30 кіламетраў, ягады прымае, дык трэба ж паспець іх яшчэ забраць у сховішча. А тут нарыхтоўшчыкі самі прывозяць.

Чар­ні­цы для вяс­коў­цаў — доб­рая пад­мо­га.

Ім, у сваю чаргу, кампенсуюць транспартныя расходы і дадаюць па шэсць капеек з кожнага кілаграма здадзеных чарніц. Справа даходная, таму ўладкавацца спрабуюць многія. Але бяруць не ўсіх. У райспажыўтаварыстве агучваюць крытэрыі: нарыхтоўшчыкі мусяць быць прыстойнымі, непітушчымі. «Удакладняем усю паднаготную пра іх. Важна, каб і з насельніцтвам ветліва працавалі. Гэта нашы падначаленыя, мы за іх адказваем».

Цэны на чарніцы сёлета высокія, лічыць Віктар Грузд. Калі прымалі па тры рублі, вяскоўцы не надта актыўна здавалі. А ў некаторых раёнах Міншчыны, у тым жа Клецкім і Капыльскім, людзям прапануюць па чатыры рублі за кіло: лясоў там мала, таму і ягада цэніцца.

Нарыхтаваныя чарніцы загружаюць у «халадзільнік» — памяшканне з тэмпературай мінус 24 градусы. Пры глыбокай замарозцы яны захоўваюцца восем месяцаў. Практычна ўсё потым пойдзе на экспарт — у Польшчу і Літву.

— Цяпер ёсць кантракты па 2,3 еўра за кілаграм. Але цана будзе расці. Мінулы год быў неўраджайны, усе засекі распрадалі. А да канца года чарніцы яшчэ даражэйшыя стануць, — прагназуе Віктар Грузд.

Замежныя скупшчыкі пасля ачышчаюць прадукцыю ад лісця, аддзяляюць буйныя ягады ад дробных і прадаюць у Іспанію ці Францыю ўжо па 5 еўра за кіло. На пытанне, чаму б адразу не рабіць гэта ў нас, у кааперацыі тлумачаць: устаноўка такой сартавальнай сістэмы вельмі дарагая. У Глуску, напрыклад, яна ёсць — пабудавалі гадоў 10 таму. Там па транспарцёрнай стужцы едуць чарніцы, прадзімаюцца ад смецця і адразу замарожваюцца. Такія ягады пасля на працэнтаў 15—20 даражэй прадаюцца.

Бярэзінскі раён лічыцца рэсурсным па чарніцах. Але летась праз замаразкі за сезон райспажыўтаварыства нарыхтавала ўсяго шэсць тон гэтых ягад. Сітуацыя сёлета адназначна больш спрыяльная.

— На сёння мы закупілі 30 тон чарніц і яшчэ столькі ж дакладна будзе, — дзеліцца планамі намеснік старшыні. — Галоўнае — выканаць заданне, атрымаць вялікі прыбытак для райспажыўтаварыства і зрабіць план па экспарце.

Толькі лічбы

  • Мінскі аблспажыўсаюз павялічыў нарыхтоўку чарніц у шэсць разоў у параўнанні з мінулым годам. Сёлета закупілі ўжо 270 тон ягад (супраць леташніх 44 тон). Аб'ём павялічыўся дзякуючы спрыяльным умовам надвор'я. Найбольшы ўклад унеслі Любанскі (49 тон чарніц), Салігорскі (36 тон), Бярэзінскі (30 тон), Лагойскі (25 тон) і Старадарожскі (21 тона) раёны.
  • Усяго ў вобласці працуе каля 180 нарыхтоўшчыкаў. Закупачны кошт вагаецца ад 3,5 да 4,5 рубля за кілаграм.
  • Акрамя чарніц, прымаюць і садовыя ягады: маліны, вішні, чырвоныя і чорныя парэчкі. Так, кааперацыі вобласці нарыхтавалі ўжо 36 тон чорных парэчак і 40 тон чырвоных. Прыём клубніц у рэгіёне ўжо завяршыўся: сабрана 133 тоны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Бярэзінскі раён

Загаловак у газеце: «За два тыдні зарабіў 1400 рублёў»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».