Вы тут

Знакамітая галерэя «Ў» пачала працаваць на новым месцы


Не, гэта з'ява з іміджам — іміджам галерэі, якая не проста знаёміла з мастакамі і стварала канцэптуальныя праекты, але і ўцягвала ў дыялог пра мастацтва — праз прызму соцыуму, пераважна нашага, беларускага, з яго адметным стаўленнем да жыцця. Часам было нават крыўдна, што з-за абмежаванага памяшкання (яшчэ паўгода таму яно было даволі камернае) у размову ўцягваецца так мала людзей. Годзе!..


Цяпер усё будзе інакш. Не толькі адрас, па якім мастацкая галерэя «Ў» працуе пасля пераезду. Іншая прастора — вялікае памяшканне з высокімі столямі. Іншыя магчымасці — у тым ліку для маштабных праектаў. На новым этапе жыцця галерэя стала прасторай для дыялогу ўсіх з усімі. Для пачатку трэба было абраць і прадставіць праект, які не проста нагадаў бы пра магутнае жаданне жыць (што не дазваляе складваць рукі нават у самых непрадказальных сітуацыях), але і падкрэсліў імпэт развіцця, засвоіў вялікую прастору і паказаў яе адкрытасць. Ну і стаў сімвалічны.

Усе вышэйазначаныя задачы рашае праект «Без выключэнняў! У працэсе». Пра адкрытасць — нікога ўжо агітаваць не трэба: тут у чыстым выглядзе безбар'ернае асяроддзе (з пад'ёмнікамі для калясачнікаў). Таму што сучаснае мастацтва — для ўсіх. Ніякіх абмежаванняў у тым, каб да яго далучыцца, няма. Наадварот, сучаснае мастацтва якраз працуе на гэта далучэнне: адным з яго прынцыпаў з'яўляецца інтэрактыўнасць, уцягненне ў размову і мастацкая правакацыя (у пазітыўным сэнсе), якая падштурхоўвае чалавека мяняцца і спрыяць развіццю свету вакол сябе. Дзейсны пачатак важны.

У падачы Міхаіла Гуліна гэта працуе менавіта так. Адзін з самых актыўных сучасных мастакоў Беларусі практыкуе такую рэдкую для нашай мастацкай прасторы форму, як акцыі. Таму выбар куратара для першага праекта на новым месцы гаворыць сам за сябе. Яго суаўтарам стаў Элтадж Зейналаў з Баку, у чым ёсць дэманстрацыя адкрытасці і дыялогавасці. Бо насамрэч ёсць што абмяркоўваць, а не проста разглядаць работы ў фокусе «я так змагу». Таму што «сучаснасць» — паняцце шматслаёвае. А такая яго частка, як contemporary art, для беларускага гледача ўвогуле яшчэ загадка. У ім вельмі важны кантэкст, актуальнасць, жаданне ставіць пытанні і шукаць падставы для паразуменняў, нават калі яны датычацца розных поглядаў на кружкі ці кропачкі на белым фоне. Таму адразу ж, ад самага пачатку гледача імкнуцца ўключыць у праект «Без выключэнняў! У працэсе» праз інклюзіўныя творчыя майстэрні, якія будуць праводзіць самі аўтары. Рэдкія (але, відаць, неабходныя ў нашых умовах) выпадкі ў мастацкіх пректах, калі творцы могуць расказаць сваю перадгісторыю і растлумачыць сутнасць канцэпцыі самі, не думаючы: я стварыў — няхай хто як хоча, так і разумее. Хоць і апошняе не выключаецца, тым больш, калі гаворка пра Міхаіла Гуліна...

Так і хочацца назваць гэта асветнай працай — вось яна дзе пра сябе заяўляе, наша славутая беларуская традыцыя, тут яна ў дзеянні! Зрабіць мастацтва зразумелым і паказаць, што яно насамрэч для ўсіх, а не для выбраных і падрыхтаваных. І можна навучыцца разумець мастакоў, якія выказваюцца ў самых розных формах (не толькі праз «карціны алеем»).

Адной з самых жывых формаў сучаснага мастацтва з'яўляецца перформанс. І ў рамках праекта адна з яго ўдзельніц Ірына Ануфрыева правяла пяцігадзінны перформанс-прысвячэнне Людміле Русавай. «Замест танцаў» — гаваркая назва. Таму што ў свядомасці трэба размежаваць гэтыя два віды мастацтва. Сама Ірына Ануфрыева мае добрую практыку ў выказванні праз пластыку — яшчэ з часоў працы ў тэатры ІnZhest. Але, прыехаўшы са Швецыі, дзе яна цяпер жыве, скіроўваецца ўсё ж на свае карані і ў бок беларускага мастацтва. Колерава-знакавая сімволіка — таму пацвярджэнне.

Але ў любым перформансе наперадзе ідзе сэнс, які трэба разгадаць цягам дзеі. Жыццё і смерць — не толькі таму, што вечная тэма. Яна тут абумоўлена менавіта прысвячэннем, бо мастачка Людміла Русава (якой ужо некалькі гадоў няма сярод жывых) была тым апантаным чалавекам, які на сваёй практыцы яшчэ ў 1980-я і 1990-я даказваў, што праз новыя формы мастацтва можна гаварыць пра важныя рэчы. На іх прыкладзе можна даказаць: Беларусь мае быць жывой да ўспрымання жывога перформанса. Яна мае быць жывой да ўспрымання мастацтва наогул. Беларускае мастацтва патрабуе «гарэння» ад творцаў (як у Русавай) і здольнасці запаліць тым самым жыццём, якое не сыходзіць у зямлю, не знікае з прасторы з-за пераезду галерэй ці куратараў. Яно проста ёсць, таму што ёсць грамадства, з якім хочацца размаўляць так жа адкрыта.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Перазагрузка: з літарай «Ў»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».