Вы тут

Чарговы «першы беларускі фільм» рыхтуецца да пракату


З’яўленне ў сферы нашага незалежнага кіно новай поўнаметражнай карціны – заўсёды добрая навіна. Тым больш калі некалькі кінапрадзюсараў аб’ядноўваюцца, укладаюць прыватныя грошы ў амбіцыйны праект і анансуюць хуткі выхад на вялікім экране “першага беларускага псіхалагічнага трылера”. У сеціве ўжо з’явіўся трэйлер фільма “Унутры сябе”, дзе рэжысёрам стаў аўтар “Слядоў апосталаў” Сяргей Талыбаў, а галоўную ролю выканаў Павел Харланчук.


Нягледзячы на сумніўную магчымасць прэтэндаваць на званне першага псіхалагічнага трылера беларускага кінематографа і спосаб самапрэзентацыі, які ўжо набіў аскому, фільм сапраўды вызывае цікавасць і ў першую чаргу з-за імёнаў, што маюць дачыненне да праекта. Віктар Лабковіч, Андрэй Курэйчык, Сяргей Якубоўскі і Андрэй Клюковіч сталі прадзюсарамі карціны, Сяргей Талыбаў – аўтарам ідэі і рэжысёрам, Аляксандр Алейнікаў – аператарам. Ролі, ад галоўных да эпізадычных, выканалі вядомыя нам асобы – апроч Паўла Харланчука, Вераніка Пляшкевіч, Зоя Белахвосцік, Андрэй Карака, Ігар Сігаў і іншыя. Амаль за кожным іменем стаяць у розных сэнсах паспяховыя работы ў кіно.

Такі альянс павінен быў быць створаны для нечага вялікага і абавязкова “першага”. Галоўны герой фільма – вядомы сталічны фатограф са складаным псіхічным расстройствам. Ён трапляе ў загадкавую гісторую, у якой быццам становіцца сведкам забойства, але ўсё не так адназначна і разам з жонкай, псіхолагам і следчым ён паўдзельнічае ў “канонах жанра”: таямнічых забойствах, нечаканых сюжэтных хадах, загадке, што патрабуе напружанага расследавання, псіхалагічнай гульні, містыцы”.

Ёсць яшчэ некалькі рэчаў, здольных прыцягнуць увагу гледачоў. Важнымі з’яўляюцца арыентаванне ў гісторыі кіно і адсылкі да найцікавейшых яе з’яў і прадстаўнікоў. Аўтары намякаюць на “нуараўскую” атмасферу, адкрыта кажуць пра падобнасць да фільмаў Рамана Паланскі і Андрэя Звягінцава. Адзін толькі трэйлер прымушае ўбачыць сувязь з некалькімі класічнымі стужкамі (з такой колькасцю арыентыраў трэба пастарацца не быць другасным, ці атрымалася гэта ў аўтараў – самае цікавае пытанне перад прэм’ерай).

Фільм прэтэндуе на “сур’ёзнае, глыбокае кіно, цікавае інтэлектуальнай аўдыторыі і кінафестывалям”. Такі накірунак у беларускім кінематографе сапраўды рэдкі, таму папярэдняя інфармацыя ад стваральнікаў выгадна падкрэслівае выключнасць “Унутры сябе”. “Гэта сур'ёзнае даследаванне псіхалогіі чалавека і яго рэальных імкненняў, якое адказвае на пытанне, на што мы часам гатовыя пайсці, каб рэалізаваць свае жаданні, – апісвае карціну Сяргей Талыбаў. – гледачам разам з героямі фільма прыйдзецца разгадваць інтэлектуальную і псіхалагічную галаваломку”.

Мяркуецца, што “Унутры сябе” будзе цікавы і аматарам жанру, і гледачам, што чакаюць ад кіно нечага большага за забаву. Прадстаўленне будучай карціны сапраўды нараджае пэўную інтрыгу. Паглядзець, што з сябе ўяўляе “першы беларускі псіхалагічны трылер” можна будзе ў кінатэатрах ужо восенню.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.