Вы тут

У БДУ падала дакументы абітурыентка з агульнай сумай балаў 400!


У прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта поўным ходам ідзе падача абітурыентамі дакументаў. У першы дзень яе работы сюды завітаў ужо 1121 чалавек, сярод іх 50 пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і 2 лаўрэаты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай  моладзі.


Першымі афіцыйна аформіць намер стаць студэнтам прыходзяць маладыя людзі з вельмі высокімі баламі, якія не сумняваюцца ў сваіх шанцах. Так, напрыканцы першага дня абітурыенты, якія маюць у суме больш як 391 бал, падалі дакументы на факультэт міжнародных адносін (ФМА), факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і юрыдычны факультэт. Традыцыйна лідыруе па колькасці ўладальнікаў максімальных вынікаў факультэт міжнародных адносін, якому належаць леташнія рэкорды па прахадных балах: 384 балы -- на спецыяльнасцях "міжнароднае права" і "міжнародныя адносіны" і 381 -- на  спецыяльнасці "лінгвакраіназнаўства".

І вось новы абсалютны рэкорд ФМА: выпускніца пінскай гімназіі № 3 Анастасія ЖАЎНЕРЫК, якая падала сюды свае дакументы, мае ў суме 400 балаў! ЦТ па англійскай мове і грамадазнаўстве  дзяўчына здала на сто балаў. Плюс у яе залаты медаль і дыплом рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. 

Між іншым, адказны сакратар прыёмнай камісіі Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ лічыць, што прахадныя балы застануцца на ўзроўні мінулага года: "Рост прахадных балаў летась быў звязаны з пэўнымі карэкціроўкамі, што ўносіліся ў заданні цэнтралізаванага тэсціравання. Паводле ацэнак многіх выкладчыкаў, якія працуюць у сістэме даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і былі задзейнічаны ў перыяд правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання, узровень складанасці заданняў гэтага года не адрозніваецца ад леташніх заданняў, таму мы мяркуем, што асноўныя паказчыкі цэнтралізаванага тэсціравання будуць супастаўныя з вынікамі ЦТ 2017 года. Адпаведна, прахадныя балы сёлета не павінны істотна змяніцца".

У маладых людзей, якія збіраюцца паступаць у Белдзяржуніверсітэт, ёсць магчымасць загадзя запоўніць і раздрукаваць заяву і электронную анкету, а таксама загрузіць сваю фатаграфію. Выкарыстанне асабістага кабінета скарачае час падачы і прыёму дакументаў. Абітурыент наўпрост звяртаецца ў сакратарыят прыёмнай камісіі абранага факультэта з гатовым пакетам, абыходзячы папярэднія этапых афармлення дакументаў

Да таго ж абітурыент, які стварыў на сайце БДУ асабісты кабінет, на працягу прыёмнай кампаніі ў анлайн-рэжыме можа адсочваць на сваім камп'ютары, планшэце або смартфоне інфармацыю аб бягучым прахадным бале на абраную спецыяльнасць.  Акрамя таго, уладальнікам асабістага кабінета прадастаўляецца свабодны і бясплатны доступ да інфармацыйных рэсурсаў прыёмнай камісіі і факультэтаў БДУ -- на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка БДУ даступная бесправадная Wi-Fi-сетка ABIT.

Усяго БДУ плануе прыняць на навучанне сёлета 5142 чалавекі, у тым ліку 2 122 --  на дзённую бюджэтную форму навучання і 226 -- на завочную бюджэтную форму. На скарочаны тэрмін атрымання адукацыі для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі выдзелена 404 месцы, з іх на дзённую форму - 46 і 358 - на завочную.

Да 17 ліпеня з выбарам спецыяльнасці павінны вызначыцца ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты. 17 ліпеня ў 18 гадзін дзверы прыёмнай камісіі зачыняцца.

А з 18 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання. Уступныя іспыты арганізаваныя толькі ў адну сесію: як для асоб, што паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове, вось чаму і першым, і другім трэба падаць свае дакументы да 17 ліпеня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.