Вы тут

Як у Магілёўскім раёне ўдасканальваюць сацыяльныя стандарты


Яны, у прыватнасці, адзін цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на раён, выконваецца ў Беларусі бездакорна, усе, хто мае патрэбу ў сацыяльным работніку, могуць разлічваць на яго дапамогу. Ветэраны вайны, малалетнія вязні абслугоўваюцца бясплатна. Маладыя маці, на выхаванні якіх знаходзяцца двайняты, трайняты, забяспечваюцца няняй. Няма чаргі на паслугі сацработнікаў і па іншых катэгорыях. Але самой службе трэба пастаянна шукаць новыя спосабы, каб яшчэ больш пашырыць спектр паслуг, зрабіць жыццё найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва камфортным і якасным. Каб гэтыя людзі не адчувалі сябе нікому не патрэбнымі.


Воль­га Ер­ма­ко­ва,  Ін­эса Чэкс­тэрс,  Тац­ця­на Пу­зы­рэў­ская  (зле­ва на­пра­ва)  дэ­ман­стру­юць но­вую па­слу­гу.

Мабільная паслуга

Апошняя з распрацовак тутэйшага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — «Жывы ліст у родны дом». Намеснік дырэктара цэнтра Інэса Чэкстэрс расказала, што на гэтую ідэю яе натхнілі пошукі ў інтэрнэце новых формаў работы з насельніцтвам. Не ўсе «навінкі» карыстаюцца поспехам, а гэта прыжылася. Яе карыстальнікі — пацыенты ўчастковых бальніц, якія месяцамі і нават гадамі жывуць на сацыяльных ложках і амаль цалкам страчваюць сувязь з родным домам.

— На тэрыторыі Магілёўскага раёна 15 сельскіх саветаў, 11 сацыяльных пунктаў, чатыры бальніцы сястрынскага догляду — у Княжыцах, Сухарах, Дашкаўцы і Нядашаве. Там ёсць медыка-сацыяльныя ложкі, дзе ляжаць адзінокія, інваліды, састарэлыя, — расказвае дырэктар Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Пузырэўская. — Адна жанчына, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца ў Сухарэўскай бальніцы больш за 10 гадоў. Ужо і родных у яе не засталося. Але ў дом-інтэрнат адмаўляецца ісці. Як і многія іншыя. Так бліжэй да дому і ў бальніцы прасцей сустрэць сваіх землякоў. Ахвотных трапіць на гэтыя ложкі болей чым дастаткова — каля 100 пры плане 60.

Прынцып дзеяння новай паслугі вельмі просты. Спачатку сацыяльны работнік запісвае на мабільны тэлефон відэапрывітанне ад пацыента, а потым «перакідвае» яго свайму калегу па месцы прызначэння. Той, у сваю чаргу, рыхтуе адказ. У старых часцей за ўсё, мабільнікаў няма, і такая дапамога ім вельмі дарэчы.

На жаль, магчымасці мінімальныя. Экран мабільнага тэлефона не вельмі вялікі, а ў старых не той зрок, каб нешта там добра разглядзець. Іншая справа — планшэты, але ж дзе іх узяць? Адны спадзяванні на спонсараў. Больш мабільнымі зрабіць сацыяльных работнікаў маглі б і скутары. У Магілёўскім раёне 265 населеных пунктаў, дзе жыве каля 40 тысяч чалавек. І прыкладна чацвёртая частка з іх — пенсіянеры, непасрэдныя карыстальнікі паслуг цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб дайсці да кожнага трэба шмат часу і сіл. У цэнтры былі б вельмі ўдзячны за дапамогу мабільнымі сродкамі сувязі. Пакуль прыходзіцца спадзявацца толькі на свае ногі або ў лепшым выпадку на веласіпед.

Віртуальныя сустрэчы

У Княжыцкім сельсавеце ўкараненнем новай паслугі займаецца спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Тамахова. Першай яе кліенткай стала 83-гадовая Ніна Самкова. Жанчына ўжо некалькі гадоў правяла на сацыяльным ложку, не ведае, што сталася з яе домам, чым жывуць суседзі. Вёска аддаленая і маланаселеная. Спачатку жанчына ездзіла дадому на лета, а зараз сіл на гэта няма. Дзеці яе ўжо памерлі. Толькі і радасці засталося — пагутарыць з суседкай. Віртуальна.

— Прывет табе вялікі, жадаю табе моцнага здароўя, — перадала яна відэапасланне сваёй сяброўцы па вёсцы Марыі Бондаравай. Спыталася, як там яе дом, якія наогул навіны. У канцы зрывістым ад хвалявання голасам дадала: «Можа яшчэ сустрэнемся... Вельмі б гэтага хацелася».

Такіх кранальных відэасюжэтаў у скарбонцы цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ўжо некалькі. Глядзець іх без слёз немагчыма. Столькі горычы ў словах старых людзей, столькі схаванай надзеі ў няўпэўненых выказваннях аб сустрэчы, як балюча сумуюць яны па родных сценах, па звыклых месцах, аднавяскоўцах.

Ні­на Са­мко­ва пе­рад­ае пры­ві­тан­не.

— Летась мы запісалі зварот Марыі Раманаўны Ільюшынай з вёскі Прокшанічы да яе прыяцелькі Надзеі Самалазавай, яны так спадзяваліся сустрэцца вясной, пагутарыць пра ўсё. Наша падапечная — шматдзетная маці, вырасціла чацвярых дзяцей, але ў старасці месца ў дамах яе сыноў і дачок не знайшлося. Засталася адна. Радавалася вестцы ад сяброўкі, але ні тая, ні другая вясны не дачакаліся — памерлі. А запіс вось застаўся, — уздыхае дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.

Дайсці да кожнага

Ёсць і іншыя паслугі, якія ўкаранілі тутэйшыя сацыяльныя работнікі. Напрыклад, «санаторый дома». Для аздараўленчых працэдур былі закуплены спецыяльныя прыстасаванні. Сацработнік можа нават іх і дадому прынесці. А яшчэ тут вырошчваюць кветкі, якія потым сушаць і робяць лячэбную гарбату. На розных фестывалях арганізоўваюць дэгустацыю гэтых напояў. Нядаўна частавалі народ на Купаллі ў Александрыі. І некаторыя ахвотна куплялі травяныя зборы. Для цэнтра гэта і капейка на развіццё, і клопат пра тых людзей, якіх ён абслугоўвае. Самі падапечныя шыюць, вяжуць, плятуць кошыкі, робяць дамскія аксесуары і сувеніры. Даход ад гэтага невялікі, але пенсіянерам падабаецца. Яны адчуваюць сябе патрэбнымі.

— Сацыяльныя стандарты прапісаны, а вось формы — не. Мы шукаем іх самі, потым абменьваемся на семінарах, калегіях, — кажа Таццяна Пузырэўская. — Каму трэба, той пераймае. Не ўсюды ўсё яшчэ прыжывецца.

Але ёсць паслугі, дзе ўсё распісана да дробязяў на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, цэлы пералік умоў існуе па крызісным пакоі, дзе жывуць людзі, якія перанеслі гвалт. Гэты пакой таксама на ўзбраенні сацыяльнай службы. Да паслуг пацярпелых — аднапакаёўка з мэбляй, кухняй і цэлым наборам бытавой тэхнікі. Чалавек знаходзіцца там, пакуль крызісная сітуацыя ў яго сям'і не вырашыцца. Нядаўна там жыла бабуля, з якой здзекаваўся сын. Пасля таго як ён трапіў пад крымінальную адказнасць і быў арыштаваны, жанчына вярнулася дадому. Зараз там часова «прапісалася» маладая маці, якая пакутавала ад жорсткіх дзеянняў свайго мужа. Міліцыя зрабіла для яе абаронныя прадпісанні, а яе мучыцель хутка сядзе за краты. Апошнім часам меры да такіх людзей сталі больш жорсткімі.

Яшчэ адна катэгорыя, пра якую трэба клапаціцца, — бамжы. У іх ні грошай, ні пашпартоў. Каб яны атрымалі від на жыхарства, прыходзіцца клапаціцца сацыяльным работнікам. Яны звяртаюцца ў пашпартна-візавую службу, падрыхтоўваюць для іх медыцынскія даведкі. Усе гэтыя паслугі нятанныя, але выдаткі на іх не прадугледжаны.

— Штогод да нас звяртаецца па некалькі такіх чалавек. Як ім дапамагчы, невядома, — паціскае плячыма загадчыца аддзела першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Ермакова. — Спонсары адмаўляюцца. Дапамагаюць хворым дзецям, абяздоленым, а гэтым — не. Кажуць, яны ўсё жыццё пілі і гулялі, чаму мы ім будзем дапамагаць. Мы ў тупіку. Вось для каго не існуе ніякіх стандартаў. Але ж такія людзі ёсць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».