Вы тут

Якія праблемы з пітной вадой ёсць у Гродзенскай вобласці?


Многія сельскія жыхары занепакоены станам пітной вады. Аб гэтым сведчаць шматлікія звароты ў розныя інстанцыі. І работа ў гэтым кірунку вядзецца. На ўзроўні абласных улад зацверджаны праграмы добраўпарадкавання аграгарадкоў з улікам паляпшэння водазабеспячэння. Разам з тым выяўлена нямала фактаў неналежнай эксплуатацыі такіх аб'ектаў. У выніку пагаршаецца якасць вады, а нярэдка гэта прыводзіць і да аварыйных сітуацый.


Каб станцыі не выходзілі са строю

Санітарныя службы ажыццяўляюць пастаянны кантроль за якасцю вады. Як паказалі праверкі, мікрабіялагічныя паказчыкі нават ніжэйшыя за норму, што забяспечвае санітарна-біялагічную бяспеку. А вось па хімічным стане ёсць пытанні. Асабліва многа скаргаў ад насельніцтва на ржавую ваду. Як растлумачыў намеснік галоўнага санітарнага ўрача Гродзенскай вобласці Аляксандр Руфкін, прыродная вада сама па сабе змяшчае жалеза, а пасля праходжання праз водаправоды ўтрыманне гэтага рэчыва яшчэ больш узрастае.

Палепшыць стан вады дапамагаюць станцыі абезжалезвання. Дзякуючы ім, за дзесяць гадоў у два разы знізіўся хімічны парог проб. У сельскай мясцовасці працуе 68 такіх станцый, яшчэ 58 запланавана пабудаваць на Гродзеншчыне да 2020 года. Кожны год уводзіцца ў строй 5-6 аб'ектаў.

Найбольш прыкра, што шэраг новых станцый не працуе. Сёлета зафіксавана восем аб'ектаў, якія выйшлі са строю. Удалося адрамантаваць палову, астатнія пакуль спынілі падачу вады, гэта значыць, што насельніцтву зноў паступае такая ж іржавая вада.

Не ўсе ўласнікі аб'ектаў сістэм пітнога водазабеспячэння (а гэта сельгаспрадпрыемствы і ЖКГ) належным чынам іх абслугоўваюць. Па словах Аляксандра Руфкіна, было абследавана амаль 640 водаправодаў — пітных і гаспадарчых. Санітарна-эпідэміялагічныя парушэнні ўстаноўлены на большасці камунальных і амаль на ўсіх ведамасных аб'ектах.

Занядбанымі можна назваць некалькі дзясяткаў свідравін. Хоць яны перададзены на баланс ЖКГ, парадак на іх так і не наведзены. Як санітарныя, так і тэхналагічныя нарматывы не выконваюцца.

У камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выявілі праблемы з улікам вады на свідравінах, парушэнні правілаў эксплуатацыі пасялковых ачышчальных збудаванняў. Не ўсе прадпрыемствы маюць дазвол на карыстанне свідравінамі. Адсутнасць такога спецыяльнага дазволу цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць. І такія справы разглядаліся з удзелам пракуратуры. Але пакуль 30 суб'ектаў гаспадарання з 450 карыстаюцца свідравінамі самавольна.

Далучыць да праблем мясцовыя ўлады

У Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці агучылі такі факт: кожны трэці метр водаправода ў сельскай мясцовасці працуе больш за 30 гадоў. Сеткі даволі зношаныя, але не толькі яны. Маніторынг выявіў нездавальняючы стан аб'ектаў водазабеспячэння — свідравін, ачышчальных збудаванняў.

Як зазначыў старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, такі стан уплывае і на якасць вады, і на эканоміку. З-за гэтага летась у 10 раёнах адбыліся значныя страты вады, а ў некаторых яны даходзілі да 27 %. Зафіксавана амаль 80 аварый. Большасць з іх адбылася ў Смаргонскім, Дзятлаўскім, Карэліцкім, Зэльвенскім, Ваўкавыскім раёнах. На ліквідацыю аварый уласнікі трацяць значныя сродкі. Пры гэтым праграмы па замене зношаных сетак не існуе, работы вядуцца хаатычна. На думку Анатоля Дарожкі, трэба распрацаваць мерапрыемствы па замене водаправодаў у сельскіх населеных пунктах вобласці і на гэтыя мэты выдзяляць неабходныя сродкі. Пад канкрэтныя аб'екты — канкрэтнае фінансаванне. Гэту работу неабходна праводзіць з удзелам мясцовых улад — райвыканкамаў і сельскіх Саветаў, якія зацвердзілі б комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні сітуацыі.

Накіроўваць сродкі па прызначэнні

Генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання ЖКГ Гродзенскай вобласці Алег Шафранскі растлумачыў: у камунальнікаў ёсць магчымасць палепшыць сітуацыю ўласнымі сіламі. Прыток фінансаў забяспечваюць высокія тарыфы за ваду. У вобласці насельніцтва плаціць за кубаметр вады 80 капеек, не хапае толькі чатырох капеек, каб поўнасцю «пагасіць» субсідыі. Але і гэта хутка адбудзецца. У згаданай цане прадугледжаны і адлічэнні за амартызацыю. У год яны складаюць амаль 10 мільёнаў рублёў. Такіх сродкаў магло б хапіць на перакладку 10 % водаправодаў. Але грошы не заўсёды ідуць на ўзнаўленне аб'ектаў, бо іх накіроўваюць на іншыя патрэбы. Напрыклад, у Карэліцкім раёне, дзе высокая аварыйнасць сетак, атрымліваюць амаль 100 тысяч у год такіх адлічэнняў, а правесці замену старых участкаў не могуць. Такая сітуацыя недапушчальная, лічыць Алег Шафранскі.

На яго думку, пытанне трэба вырашаць на ўзроўні дзяржавы. Ён адзначыў, што ўжо распрацоўваецца праект указа па стварэнні амартызацыйнага фонду. У гэты фонд будуць паступаць сродкі, якія не былі выкарыстаны па прызначэнні, у тым ліку і па аднаўленні сістэмы водазабеспячэння. Калі гаспадары сетак не правядуць такія работы, сродкі за амартызацыю пяройдуць у агульны фонд. Вось тут і патрэбна дапамога дэпутатаў, якія ўлічвалі б гэты факт пры размеркаванні бюджэту і наогул на месцах далучыліся б да мерапрыемстваў па падрыхтоўцы абласной праграмы добраўпарадкавання аб'ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення.

Пакасіць траву, пафарбаваць і пачысціць ад смецця...

Навесці парадак можна і без асаблівых затрат. Праверкі дзяржкантролю паказалі, что шэраг аб'ектаў знаходзіцца ў занядбаным стане. Абсталяванне водазаборных свідравін не пафарбавана, яго раз'ядае ржа, люкі пашкоджаны, на санітарных зонах пасецца жывёла, тэрыторыя зарастае бур'яном. Факты сведчаць пра тое, што за важнымі воднымі аб'ектамі не вядзецца кантроль, што і прыводзіць да падобнага стану. А гэтыя работы не патрабуюць нейкіх сродкаў, хутчэй увагі. Трэба толькі арганізаваць сістэмную работу: своечасова абкошваць тэрыторыю, убраць смецце, пачысціць ад пылу і адключыць ад сеткі электраабсталяванне. У дзяржкантролі лічаць, што дэпутаты таксама павінны сачыць за парадкам на такіх аб'ектах і ўплываць на падтрыманне іх у добрым стане.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Як атрымаць «правільную» ваду?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».