Вы тут

Францыя і Харватыя разыграюць золата чэмпіянату свету па футболе


У другім паўфінале чэмпіянату свету па футболе ў Расіі сустракаліся каманды Англіі і Харватыі.


Такі пачатак гульні каментатары і аглядальнікі звычайна параўноўваюць з халодным душам. Праліўся ён на галовы гульцоў харвацкай каманды, якія ў дэбюце матча парушылі правілы каля сваёй штрафной плошчы і атрымалі аднаіменны ўдар у бок сваіх варот. У цудоўным стылі на 5-й хвіліне яго выканаў Кіран Трып’ер, закруціўшы мяч у “дзевятку”, і Англія павяла 1:0.

Паступова харваты ачунялі і пачалі прыдумваць дзеянні ў адказ. Спачатку ў іх гэта не вельмі атрымоўвалася, тады як англічане востра контратакавалі і мелі магчымасць павялічыць лік на сваю карысць. Асабліва на 30-й хвіліне матча, калі лепшы бамбардзір мундзіяля Хары Кейн з метра трапіў у штангу. Да канца першага тайма Харватыя дацярпела, цудам не атрымаўшы другі гол у свае вароты.

Мала што атрымоўвалася ў балканскай каманды і хвілін дваццаць другога тайма. Мяч яны прыбралі да сябе, але асаблівай небяспекі стварыць не маглі. Англія не жадала фарсіраваць падзеі, атакаваць асабліва не імкнулася, чакала памылкі саперніка, але стварыла сваю. На 68-й хвіліне гульні харваты падалі ў англійскую штрафную, дзе Іван Перышыч апярэдзіў апанента і адправіў мяч у сетку. Варта адзначыць, што у гэтым моманце форвард гуляў відавочна небяспечна – нага харвацкага гульца была побач галавы англійскага абаронцы. Але свісток суддзі прамаўчаў, гол быў залічаны.

Пасля гэтага ў зборнай Харватыі сілы нібыта патроіліся. Цяпер яе футбалісты ўпэўнена вялі ход гульні і прыціснулі англічан да іх штрафной, раз-пораз прымушаючы нервавацца і дапускаць памылкі. Тры-чатыры вельмі вострыя моманты стварылі харваты каля варот саперніка, два з якіх толькі цудам не пераўтварыліся ў галы. Аглічане пужліва адбіваліся, зрэдку атакавалі, і ў выніку асноўны час матча скончыўся ўнічыю.

У экстра-таймах таксама большую актыўнасць праяўлялі гульцы балканскай каманды, яны стваралі больш небяспекі галкіперу брытанцаў. Праўда, англічане не спалі ў шапку, і аднойчы ледзь не забілі – літаральна са стужкі сваіх варот выбіў мяч харвацкі абаронца.

Актыўнасць і напор Харватыі зрабілі сваю справу на 109-й хвіліне гульні: Марыа Манджукіч апярэдзіў англійскіх абаронцаў і зрабіў лік 2:1. Каб аднавіць раўнавагу ў Англіі было амаль 16 хвілін, але праявіць характар і зраўняць лік яе футбалістам не атрымалася. Упершыню на чэмпіянаце свету ў Расіі адна з каманд перамагла ў дадаковы час.

У нядзелю адбудзецца фінал Францыя – Харватыя, днём раней за бронзу згуляюць Бельгія з Англіяй.

Іван Купарвас

Фота championat.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.