Вы тут

Мясніковіч сустрэўся з кіраўніком місіі МВФ у нашай краіне Жакам Міньянам


Пра гэта казаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з новым кіраўніком місіі МВФ у нашай краіне Жакам Міньянам.


Міхаіл Мясніковіч запэўніў, што Савет Рэспублікі дастаткова сур'ёзна працуе з фондам і яго персаналам, у той або іншай ступені, але заўсёды знаходзіў паразуменне з кіраўнікамі місіі, і выказаў надзею, што работа з новым кіраўніком таксама будзе канструктыўнай і ўзаемакарыснай. Спікер паабяцаў, што ўлады Беларусі будуць гэтаму садзейнічаць.

— Мы, у прынцыпе, рэалізуем класічную праграму фонду, але без фінансавай падтрымкі, — выказаў сваё меркаванне па супрацоўніцтве з МВФ старшыня Савета Рэспублікі. — Хоць і парадаксальна, але гэта факт. Гэта навучанне плаваць не шляхам зразумення спосабаў трымання на вадзе, а, як кажуць у народзе, кінулі ў ваду — і выплывай.

Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што ў выніку ўнутранай збалансаванай палітыкі эканоміка краіны другі год расце досыць хуткімі тэмпамі. Такім чынам, беларускія ўлады, магчыма, крыху адхіляюцца па тэрмінах, але ў прынцыпе прытрымліваюцца матрыцы праграмы МВФ, забяспечваючы рост эканомікі. Пры гэтым кіраўнік верхняй палаты парламента заўважыў, што пры існаванні крэдытнай праграмы з фондам зніжэнне эканамічнага росту ў 2015—2016 гадах было б меншым.

— Адсутнасць праграмы з фондам не азначае адсутнасці рэформаў, мы іх праводзім, — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч. — Ёсць сацыяльная лаяльнасць да пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў нашай краіне. Узгодненая палітыка рэформаў праводзіцца паўсюдна, на ўсіх узроўнях і палітычнага кіравання, і эканамічных інстытутаў.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў асаблівую ўвагу свайго суразмоўніка на шэраг сістэмных дакументаў па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці ў цэлым, якія былі прынятыя кіраўніком дзяржавы, парламентам і ўрадам у канцы мінулага года. Размова ідзе пра вялікі пакет нарматыўна-прававых актаў, прынятых у развіццё Дэкрэта № 7, і пра сам дэкрэт.

— Я заўсёды пазбягаю выразу «рэвалюцыйныя пераўтварэнні або рэформы», але хачу сказаць, што Дэкрэт № 7 і дакументы, якія прымаюцца ў яго развіццё, гэта цалкам новы падыход, новыя ўмовы эканамічнага развіцця, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён выказаў сумненні, што кіраўніцтва і персанал фонду ўдзялілі дастатковую ўвагу гэтым базавым дакументам і іх ацэнцы.

— Стратэгічна мы бачым для сябе найважнейшую задачу — падтрымаць эканамічны рост, знізіць уразлівасць эканомікі, удасканаліць механізмы сацыяльнай абароны, каб гэта стала здабыткам усіх слаёў грамадства, — абагульніў старшыня Савета Рэспублікі. — І менавіта скрозь гэту прызму мы хацелі б развіваць супрацоўніцтва з фондам. І канешне, аптымальны фармат — гэта сумесная праграма.

Міхаіл Мясніковіч даў зразумець, што Беларусь разлічвае на фінансавую дапамогу з боку МВФ. Ён нагадаў, што дзяржава выбудавала добрыя ўзаемаадносіны і адпаведную стратэгію з Групай Сусветнага банка і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. «Але ўсе інвестары ўважліва чытаюць вашы справаздачы, і я думаю, пасля нашай гутаркі, сустрэчы ў Нацыянальным банку, ва ўрадзе будуць дадзены пазітыўныя сігналы міжнародным фінансавым арганізацыям, прыватным інвестарам па рабоце з Беларуссю, — выказаў надзею спікер. — Мы будзем рады бачыць фонд як нашага давернага дарадцу і намераны набліжаць пазіцыі, якія не супадаюць, засяроджвацца на агульным, а не падкрэсліваць адрозненні».

У сваю чаргу Жак Міньян пагадзіўся, што зробленыя Беларуссю намаганні ў грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыцы дазволілі стабілізаваць эканамічную сітуацыю, макраэканамічная палітыка, якая праводзілася ў крызіснай сітуацыі, была правільная і не дазволіла знізіць уразлівасць краіны. Ён адзначыў, што сітуацыя ў беларускай макраэканоміцы працягвае наладжвацца: паступова скарачаецца даларызацыя ў фінансавай сістэме, знешняя пазыка, па прагнозах МВФ, альбо застанецца на стабільным узроўні, альбо зменшыцца.

— Мы ведаем, што Беларусь праводзіць рэформы, магчыма, не такімі тэмпамі, як нам бы хацелася, але ёсць дакладны кірунак, па якім краіна рухаецца ў гэтым плане, — дадаў Жак Міньян.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Выплываем без падтрымкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?