Вы тут

Аршанскі авіярамонтны завод стаў дзяржаўным


Адпаведную заяву ўчора зрабіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы дадзенае прадпрыемства.


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўласніка — акцыянераў украінскага публічнага акцыянернага таварыства «Матор Січ» і беларускай кампаніі «Сістэмы інвестыцый і інавацый» — тут ужо няма. Цяпер уласнікі — гэта дзяржаўныя арганізацыі. «Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня», — цытуе беларускага лідара БелТА.

Працэс вяртання прадпрыемства ва ўласнасць дзяржавы падрыхтаваны, і ўсе пытанні ў гэтай сферы павінны быць вырашаны на працягу бягучага месяца, даў даручэнне Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся наконт Міністэрства транспарту і камунікацый, якое ў папярэдні перыяд самаўхілілася ад таго, што адбываецца на заводзе. Прэзідэнт падкрэсліў: тое, што ў дзяржавы не было акцый, — гэта не апраўданне. На думку беларускага лідара, галоўная задача — нармальная заработная плата ў людзей, і не важна, каму належаць акцыі.

«Завод павінен працаваць, чаго б гэта ні каштавала, — заявіў Прэзідэнт. — Заводу не толькі быць — гэты завод павінен мець перспектыву развіцця. І пакладзіце мне на стол архітэктурны праект і іншае з улікам таго, што тут робіць бізнес для пашырэння аэрапорта і іншае».

Ён дадаў, што сёння вытворчасць і мадэрнізацыя верталётаў, іх аднаўленне і рамонт даюць сапраўды добры кавалак працы, бо ў свеце такіх машын шмат.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сітуацыю з цяжкасцямі пры пастаўках камплектуючых і запчастак ад традыцыйных партнёраў. Па словах беларускага лідара, у такім выпадку трэба шукаць новыя варыянты, а таксама сваімі сіламі ажыццяўляць вытворчасць неабходнага. «Не трэба хадзіць і думаць, што мы нічога не можам. Трэба займацца гэтай справай, калі ёсць рынак і верталёты для рамонту і мадэрнізацыі», — падкрэсліў ён.

Магчыма, пэўная дапамога і падтрымка можа быць аказана прадпрыемству і з боку дзяржавы, дадаў Прэзідэнт.

Аршанскі авіярамонтны завод быў створаны 12 ліпеня 1941 года, са снежня 1956-га атрымаў новае месца дыслакацыі на аэрадроме Балбасава і быў перайменаваны ў 571-ы авіярамонтны завод Міністэрства абароны СССР. За гады работы на ім ажыццяўляўся рамонт верталётаў, самалётаў — як ваенных, так і грамадзянскіх. На дадзены момант прадпрыемства працягвае рамантаваць і мадэрнізаваць ваенную і грамадзянскую авіяцыйную тэхніку, а яшчэ яно займаецца рамонтам абсталявання, камплектуючых, агрэгатаў і кантрольна-праверачнай апаратуры.

З 2015 года на тэрыторыі Балбасава ствараецца мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс — пра гэта таксама гаварылі на сустрэчы. Рэалізацыяй праекта займаецца ТАА «Брэміна груп», тэрмін рэалізацыі — 31 снежня 2023 года.

Зараз будуецца першая чарга — аўтамабільны тэрмінал са складскім будынкам і адміністрацыйна-бытавым корпусам для размяшчэння мытных і іншых дзяржаўных службаў. Аб'ект уключае ў сябе складское памяшканне з прыбудаваным адміністрацыйна-бытавым комплексам, стаянку грузавых аўтамабіляў, а таксама сеткі інжынернай інфраструктуры.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы закрануў тэму развіцця населенага пункта Балбасава, дзе і знаходзіцца завод. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў да 7 лістапада завяршыць работы па яго добраўпарадкаванні, а яшчэ звярнуць увагу на два фактары — сацыяльная інфраструктура і новыя рабочыя месцы. Прэзідэнт даручыў прадставіць план развіцця населенага пункта, які распрацоўваецца.

Каментарый у тэму

Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак:

— Што датычыцца завода, то інвестыцыйны дагавор, які быў заключаны міністэрствам транспарту з інвестарамі, не развіваецца так, як хацелася б, інвестар не выконвае свае абавязацельствы.

У гэтай сувязі паўсталі пэўныя прэтэнзіі да інвестара. У частцы гэтых прэтэнзій ёсць даручэнне кіраўніка дзяржавы, што краіна павінна больш актыўна займацца гэтым заводам.

З улікам таго, што ўзлётна-пасадачная паласа знаходзіцца ў кіраванні завода, а яна павінна сёння працаваць не толькі на завод, як заводскі аэрадром, а працаваць на цэлую групу лагістычных аб'ектаў, якія тут будуюцца. Таксама было прынята рашэнне, што паласа павінна быць дзяржаўнай.

У гэтай частцы пастаўлены задачы ў кароткі тэрмін зрабіць так, каб паласа прымала любыя тыпы паветраных суднаў, у першую чаргу — грузавыя.

Генеральны дырэктар ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» Павел Случак:

— Прэзідэнт ацаніў бягучы стан спраў на прадпрыемстве, паставіў канкрэтныя задачы і тэрміны. Найперш — гэта істотнае павелічэнне загрузкі прадпрыемства, выхад на бясстратную працу, павелічэнне заработнай платы да нарматыўнай. І задача такая: каб да 2020 года гэта быў квітнеючы завод.

Фінансавая сітуацыя складаная, ёсць моцная закрэдытаванасць ад банкаў, ёсць дэбіторская запазычанасць. Таму рэалізацыя праектаў па рамонце тых дзесяці верталётаў, якія ўжо стаяць у ангары, дазволіць знізіць крэдытную нагрузку прыкладна на адзін мільён. Планаваныя праекты, якія таксама былі агучаны Прэзідэнту, дазволяць практычна разлічыцца з банкамі і жыць за ўласныя сродкі.

Уладзіслаў Лукашэвіч

Загаловак у газеце: Ёсць рынак — трэба працаваць

Каментары

Сначала те отжали потом государство обратно.И правильно
Хто "отжимал"? Усе акцыі ў 2011 г., самім Лукашэнкам, і былі прададзены за 20 млрд. бел. руб.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».