Вы тут

Міхаіл Лоўгач, салдат Перамогі


Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Міхаілу Якаўлевічу Лоўгачу было 35 гадоў. Жылі яны з жонкай Ганнай Міхайлаўнай у вёсцы Хісцецкі Бор Жыткавіцкага раёна. Працаваў Міхаіл у мясцовым лясгасе. Ужо падрасталі тры сыны — Арсень, Валодзя і Міша.


Пер­шы па­рад Пе­ра­мо­гі ў Бер­лі­не 4 мая 1945 го­да.  У ім удзель­ні­чаў са сва­ім ба­таль­ё­нам і Мі­ха­іл Якаў­ле­віч.

Любімай справай Міхаіла Якаўлевіча было цяслярыць, будаваць дамы. Вакол яго хаты ўсюды на дрэвах стаялі калоды з пчоламі. Ён умеў з імі размаўляць, як з людзьмі, і яны яго разумелі і ніколі не кусалі.

Міхаіл Якаўлевіч мог пабудаваць сабе дом і ў Жыткавічах, але ён вельмі любіў лес, сваіх працаўніц-пчол, таму і жыў са сваёй прыгажуняй жонкай у гэтай ціхай лясной вёсачцы. Жылі, гадавалі трох сыноў, а тут — вайна...

На фронце Міхаіл служыў у сапёрным батальёне. Справа была знаёмая, толькі даводзілася намнога цяжэй, чым у мірным жыцці. Фашысты, калі адступалі, стараліся па магчымасці знішчаць масты, каб затрымаць наша наступленне. А сапёрам прыходзілася іх аднаўляць і вельмі часта пад моцным агнём праціўніка, пад ударамі іх авіяцыі.

«Было, мы працавалі па пояс, па шыю ў халоднай, часам ледзяной вадзе, але на гэта не звярталі ўвагі, — успамінаў Міхаіл Якаўлевіч. — Будавалі вялікі мост на рацэ Вісла, на рацэ Одэр, на Шпрэе ў самым Берліне. Калі пачалася Берлінская аперацыя, фашысты ўзарвалі шмат мастоў на каналах, якія знаходзіліся ў самым горадзе, і нам, сапёрам, прыходзілася іх хутка аднаўляць — наступленне не павінна было затрымлівацца.

Па загадзе Гітлера фашысты адчынілі шлюзы і пусцілі воды ракі Шпрэе ў Берлінскае метро, нягледзячы на тое, што там знаходзіліся тысячы мірных жыхароў, дзяцей, параненых салдат вермахта. Гэта была ўжо агонія — агонія «тысячагадовага» рэйха...

Нашы штурмавыя атрады імкліва набліжаліся да рэйхстага. Нішто ўжо іх не магло затрымаць... 30 красавіка на даху рэйхстага быў узняты сцяг Перамогі. 2 мая Берлін капітуляваў, але і пасля гэтага ў асобных падвалах будынка супраціўляліся эсэсаўцы».

Бер­лін 28 мая 1945 го­да.  Мі­ха­іл Якаў­ле­віч ста­іць па­ся­рэ­дзі­не  з ка­ра­бі­нам. По­бач — яго ба­я­выя сяб­ры.

4 мая ў Берліне адбыўся парад Перамогі. У ім удзельнічаў і сапёрны батальён Міхаіла Якаўлевіча. Пасля вайны Міхаіл вярнуўся ў родную вёску. На палінялай гімнасцёрцы красаваліся баявыя ўзнагароды — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».

Міхаіл зноў пачаў працаваць у лясгасе... Займаўся любімымі пчоламі і цяслярствам.

Разам з жонкай выгадавалі і выхавалі чатырох сыноў і чатырох дачок.

На жаль, Міхаіл Якаўлевіч рана пайшоў з жыцця — адбіліся франтавыя раны, халодная, ледзяная вада рэчак Польшчы і Германіі.

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.