Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра «сурагатнае» мацярынства


Жыхарка беларускага мястэчка, не забруджанага радыяцыяй, замужам, мае дзіця, узрост ад 20 да 35 гадоў, здаровая, не асуджалася за злачынства і не была падазраванай у крымінальнай справе, не п'е, не курыць, не займаецца сексам падчас цяжарнасці.

Гэтым і мноству іншых крытэрыяў павінна адпавядаць, згодна з законам і патрабаваннямі заказчыкаў, айчынная сурагатная маці. Каб атрымаць дзіця, патэнцыйныя бацькі ў сваю чаргу абавязваюцца мець медыцынскую даведку, што не могуць нарадзіць сваё немаўля, забяспечваць сурагатную маці ўсім неабходным да родаў і заплаціць на 30 % больш, калі народзіцца не адно малое, а два.


Дазвол ад мужа на цяжарнасць

Большасць пар, якія хочуць атрымаць дзіця ад беларускай сурагатнай маці, — гэта расіяне, хоць сустракаюцца і грамадзяне Украіны, Казахстана. Беларусаў-заказчыкаў, дарэчы, вельмі няшмат. Для замежнікаў гэтая паслуга ў нас і таннейшая, чым дома, і гарантыі на яе большыя. Бацькамі немаўляці ад сурагатнай маці, згодна з беларускімі законамі, могуць быць толькі генетычныя — тыя, хто даваў матэрыял для апладнення або выкарыстоўваў донарскую яйцаклетку і сперму патэнцыйнага бацькі. Узрост заказчыкаў дзіцяці пры гэтым не мае значэння. Важны юрыдычны момант пры гэтым: сурагатная маці не можа быць адначасова і донарам яйцаклеткі. Акрамя таго, патрэбна абавязковая згода мужа сурагатнай маці на такую паслугу.

— Пры заключэнні дагавора акрамя абавязковых прапісваюцца і дадатковыя ўмовы. Напрыклад, змена месцажыхарства сурагатнай маці на час цяжарнасці, бо, пэўна, не кожнай жанчыне хочацца тлумачыць суседзям, куды дзеўся яе «цяжарны» жывот. Прадугледжаны дадатковыя выплаты, калі маці раптам спатрэбіцца кесарава сячэнне ці аперацыя, пасля якой нельга будзе захаваць цяжарнасць ці прыйдзецца пазбавіцца нейкай часткі сваёй дзетароднай сістэмы. Заказчыкі таксама аплачваюць адзежу для цяжарных, харчаванне і іншае, — заўважыла Валянціна СТРЭХ, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі.

У выніку набягае кругленькая сума, бо толькі сама паслуга сурагатнага мацярынства (непасрэдна выношванне) каштуе прыкладна 10 000 долараў. А дадайце сюды дадатковыя даплаты і штомесячныя расходы на ўтрыманне маці і кошт працэдуры ЭКА...

У сваю чаргу патэнцыйныя бацькі патрабуюць ад маці не займацца сексам падчас цяжарнасці, каб не справакаваць выкідыш ці нейкія іншыя медыцынскія праблемы. Калі заказчыкі жывуць у іншай краіне, частай умовай становіцца штотыднёвая справаздача сурагатнай маці пра стан здароўя і наведванне ўрачоў.

Сёння — малое, заўтра — грошы

Апладняюць «жывы інкубатар» не толькі ў Мінску, але і ў Санкт-Пецярбургу ці Маскве, аднак выношваць цяжарнасць і нараджаць жанчына павінна ў Беларусі. Нават калі яна не грамадзянка нашай краіны, але мае від на жыхарства. Заказчыкі, у тым ліку і замежныя, перш чым атрымаць права на паслугу сурагатнага мацярынства ў Беларусі, павінны прайсці ў нашай краіне абследаванне, якое пацвердзіць іх немагчымасць мець сваё дзіця. Апраўдаць сваё нежаданне цяжарыць і нараджаць страхам болю ці сапсавання фігуры немагчыма, прымаюцца пад увагу толькі медыцынскія паказчыкі.

Беларускія загсы без праблем рэгіструюць «сурагатнае» дзіця (калі ў Беларусі няма пасольства краіны заказчыка), прычым у раддоме выдаецца даведка на імя генетычных бацькоў, а не парадзіхі, якая павінна ўзяць з сабой на роды дагавор, што пацвярджае яе стан сурагатнай маці. У Расіі, дарэчы, каб зарэгістраваць дзіця на заказчыкаў, трэба атрымаць згоду на гэта сурагатнай маці. Таму расіяне і аддаюць перавагу Беларусі, бо ў гэтым плане адчуваюць большыя юрыдычныя гарантыі на прыналежнасць ім дзіцяці. Немаўля адразу ў радзільні перадаецца генетычнай маці, якая разам з мужам можа прысутнічаць і на родах.

— Бываюць заказчыкі, якія хочуць унесці ў дагавор умову, што пры нараджэнні хворага дзіцяці ці інваліда яны яго не возьмуць. Такое немагчыма прапісаць. Сурагатная маці не можа пакінуць сабе вынашанае дзіця, аднак і генетычныя бацькі павінны абавязкова забраць немаўля і аплаціць паслугі маці. Калі ж дзіця ім не патрэбна, то прыйдзецца аформіць працэдуру адмаўлення ад правоў на малога, — абазначыла натарыус. — З іншага боку, заказчыкі могуць увесці пункт, што маці застанецца без аплаты, калі народзіцца дзіця з венерычным захворваннем, хоць яна ў гэтым можа быць і не вінаватая. Ну як можна даказаць віну, калі жанчына пад кантролем урачоў знаходзіцца? Тым не менш ёй прыходзіцца на гэта пагаджацца.

Дагаворам прадугледжваецца таксама колькасць эмбрыёнаў для апладнення і лік яго спроб. Калі ж яны ўсе нездавальняючыя, сурагатная маці не атрымлівае грошай, а заказчыкі шукаюць іншую жанчыну. Грошы за паслугу выношвання дзіцяці жанчына можа атрымаць толькі пасля яго нараджэння. Колькасць «сурагатных» дзяцей, якіх яна можа нарадзіць, не абмяжоўваецца. Скасаваць дагавор паміж заказчыкамі і маці можна толькі да наступлення цяжарнасці.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Кошт «сурагатнага» немаўляці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».