Вы тут

Курортны раман


Сонца, мора, пляж. Анекдот пра ненадзеты заручальны пярсцёнак, бо «ў ім летам горача». Песенька Трафіма пра горад Сочы. Нават фільм «Каханне і галубы». Усё за тое, каб у адпачынку адпачыць ад сямейнага жыцця, каб, як тыя Вася ці Раіса Захараўна, кінуцца з галавой у вір новых пачуццяў і адчуванняў. Прыкладна так у нашай свядомасці малюецца курортны раман. Суцэльнае мі-мі-мі, шашлычок пад каньячок, інтрыжка з чалавекам, аб існаванні якога некалькі дзён назад і паняцця не меў, пра якога не ведаеш насамрэч нічога — нярэдка нават прозвішча яго так і застаецца невядомым. Ніякіх абавязкаў, ніякай адказнасці. Сустрэліся, як у моры караблі, і гэтаксама разышліся.


Хто курортны раман не перажыў хоць раз, яго прыдумляе або імкнецца ўсё ж перажыць. Бо як жа без гэтага? Хто хоць аднойчы перажыў — чамусьці не часта гэтым хваліцца. Асабліва калі пройдзе нейкі час, калі сціхнуць узрушаныя пачуцці, калі хочаш не хочаш, а трэба вяртацца да прывычнага жыцця. І нават калі не будзе бурных скандалаў, а пасля гэткіх самых палкіх прымірэнняў, як у тым вядомым фільме, калі другая палова нават і не даведаецца пра прыгоды на адпачынку (ці зробіць выгляд, што не ведае), ад самога сябе не падзенешся нікуды. Таму што «должен чем-то отличаться человек от кошек и собак», таму што дадзена нам здольнасць аналізаваць і ацэньваць, «капацца ў сабе». І да чаго дакапаешся ў гэтым выпадку — вось у чым пытанне.

Найлепшы варыянт развіцця падзей — гэта калі пасля курортнага рамана пачынаеш разумець, што пастаянны спадарожнік ці спадарожніца — сапраўдны падарунак лёсу і нікога больш табе не трэба. І апраўданне ёсць выдатнае, калі раптам пачуццё віны пачне тузаць, — «Усё спазнаецца ў параўнанні». Паспрабаваў, параўнаў, зрабіў выснову: «сваё — найлепшае». Хэпі-энд, новы віток рамантычных адносін у сям'і, лад і гармонія. Пры адной умове. Калі «свая» ці «свой» ні аб чым не здагадаецца. Або, здагадаўшыся, даруе. Верагоднасць, што будзе наадварот, прыкладна напалову. Адпаведна і верагоднасць хэпі-энду.

Можа здарыцца і так, што на тым курорце сапраўды сустрэнеш «свайго» чалавека. (А да гэтага, высветліцца, жыў з «чужым».) І ён адчувае тое самае. Што ж, у жыцці бывае ўсякае. І калі дзеля новага пачуцця абое гатовыя да цяжкага расставання з тымі, хто чакае дома, да падзелу маёмасці, да змены прывычнага ладу жыцця, да пераезду ў іншы горад (нават у іншую краіну) — што ж, гэта сапраўднае. І хто яго, сапраўднае, аспрэчыць і асудзіць? Але ці шмат такіх выпадкаў вядома? Не ў кіно і кнігах, а ў жыцці?

А вось калі для аднаго з герояў курортнага рамана гэты самы раман — усур'ёз і надоўга, а для другога — чарговая летняя прыгода... Што ж, першаму можна толькі паспачуваць: безнадзейнае чаканне тэлефоннага званка ці паведамлення, успаміны, якія не даюць спакою ні днём, ні ноччу, трывожная насцярожанасць дамашніх, якія пра нешта здагадваюцца, а спытаць не асмельваюцца. І добра, калі хопіць розуму і сіл паставіць у тых курортных перажываннях кропку, і добра, калі ўжо не будзе надта позна...

Зрэшты, можа быць усё значна прасцей — ні адносін сур'ёзных, ні адказнасці, ні абавязкаў. Як у моры караблі — кожны пакіраваў у свой порт, не ўзяўшы на борт ні лішняга грузу, ні пасажыраў... «Без слез, без жизни, без любви...» Але каму і навошта гэта патрэбна?

Які варыянт здарыцца з вамі, калі па курсе вашага летняга падарожжа ўсплыве такі заманлівы і доўгачаканы курортны раман? Ніхто, нават вы самі, не здолее нават прыблізна ўгадаць. Але галоўны выбар — ці станавіцца дзеючай асобай гэтага рамана — усё роўна заўжды застаецца ў кожнага.

Ваша «Сямейная газета»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».