Вы тут

«Лістапад» стаў часткай буйнога альянсу міжнародных кінафестываляў


Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» разам з яшчэ трыццаццю міжнароднымі кінафестывалямі падпісаў мемарандум аб супрацоўніцтве, што, па словах праграмнага дырэктара нашага форуму Ігара Сукманава, «адкрывае перад фестывалем бязмежныя магчымасці».


Цырымонія адбылася на адкрыцці ХХІ Шанхайскага міжнароднага кінафестывалю, аднаго з найбуйнейшых кінафорумаў Кітая, які выступіў ініцыятарам такога кшталту аб'яднання і стаў у пэўным сэнсе пляцоўкай для кааперацыі. Слоган «Адзін пояс — адзін шлях», пад якім стварыўся новы альянс, нагадвае пра Вялікі шаўковы шлях, што ў свой час аб'ядноўваў Усход з Захадам: мемарандум, апроч «Лістапада», падпісалі прадстаўнікі кінафестываляў Канады, Егіпта, Грэцыі, Індыі, Лівана, Новай Зеландыі, Філіпінаў і больш блізкіх нам Літвы, Польшчы і Расіі.

Падпісаны дакумент заклікае да культурнага абмену сродкамі кіно, дапамагаць разуменню нацыянальных традыцый, арганізоўваць адпаведныя мерапрыемствы на кінафестывалях, што падпісалі мемарандум, запрашаць калег па альянсе да членства ў журы альбо ў якасці гасцей кінафестываляў, садзейнічаць распаўсюджванню нацыянальнага кіно.

«Мемарандум дае нам магчымасць напрамую стукацца ў дзверы, — кажа Ігар Сукманаў, які ўласнаручна падпісаў дакумент на шанхайскім кінафестывалі, — пашыраць кантакты і наладжваць больш інтэнсіўнае і «наварыстае» супрацоўніцтва. Нейкія намёткі, хоць яны і носяць рабочы характар, ужо ёсць: мы навялі масты з Новай Зеландыяй і Кітаем, ёсць перспектыва арганізаваць сумесныя спецыяльныя праграмы. Стварэнне альянсу аб'ядноўвае фестывалі, робіць іх больш згуртаванымі і дае ім неабмежаваныя магчымасці. Пашырэнне кантактаў, напрыклад, палегчыць атрыманне патрэбнага нам кіно, якое не мае еўрапейскага дыстрыб'ютара. Або дазволіць запрашаць на «Лістапад» прадстаўнікоў Балгарыі, Кітая, Польшчы ў якасці членаў журы, лектараў і прафесіяналаў для майстар-класаў. Адпаведна, мы папулярызуем ва ўсім свеце і свой фестываль».

Важна звярнуць увагу, што падпісаны дакумент карысны не толькі «Лістападу», а беларускай кінаіндустрыі ўвогуле — тэкст мемарандума заклікае ствараць працоўныя адносіны па кінапрадукцыі і дыстрыбуцыі.

Стварэнне альянсу пакажа ўсе свае магчымасці толькі з часам — такога кшталту фарміраванне наўрад ці здольна даць імгненны вынік, затое можа прапанаваць пэўную стратэгію, накіраваную на міжнароднае супрацоўніцтва. Так ці інакш, «шаўковы шлях» у кіно створаны, і ўдзел у ім «Лістапада» ў пэўным сэнсе датычыцца кожнага кінааматара, які шукае на вялікім экране нешта незвычайнае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Шаўковы шлях у кіно

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».