Вы тут

«Звязда» ўшанавала пераможцаў конкурсу апавяданняў


У апошнія дні чэрвеня ў рэдакцыю «Звязды» завіталі пераможцы літаратурнага конкурсу, які ўжо шмат гадоў запар праводзіць газета, — каб яшчэ раз пачуць нашу падзяку за цікавыя і змястоўныя творы, абмяняцца ўражаннямі са старшынёй журы — вядомым пісьменнікам, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ, і, нарэшце, прайсці прыемную працэдуру ўзнагароджвання, атрымаўшы дыпломы лаўрэатаў і фірменныя звяздоўскія сувеніры. Праўда, у гарачы перыяд летніх водпускаў атрымалася сабраць толькі частку прызёраў — аднак астатнія некалькі дыпломаў і падарункаў таксама неўзабаве знойдуць сваіх гаспадароў.


Нагадаем, па выніках 2017 года пераможцай конкурсу журы выбрала Кацярыну Захарэвіч з апавяданнем «Морзэ на барвовай труне». «Канешне, прыемна і радасна, калі камусьці яшчэ падабаецца тое, што мы робім, — адзначыла маладая пісьменніца, — гэта матывуе і натхняе ўдасканальвацца, працаваць далей». Дарэчы, конкурсны твор аўтарка напісала ў адказ на выклік — трэба было пачаць аповед з пераліку пэўных рэчаў. «Рыдлёўка, ліхтарык, труна, манетка, жменька хлебных крошак» — з гэтага вырасла «гісторыя пра асацыяльнага хлопца, які, тым не менш, мае багаты ўнутраны свет і пачуцці, на якія таксама трэба звяртаць увагу».

Другое месца заняла Марыя Шэбанец (Бельская) з апавяданнем «Краем вока». Гэты поспех, на думку прафесійных літаратараў, можа стаць добрым крокам да рэалізацыі даўняй мары паэткі і пісьменніцы — напісання вялікага рамана. А навукова-фантастычнае «Спадарожнік» з дэтэктыўна-гістарычнымі дэталямі прынесла брастаўчаніну Сяргею Белаяру трэцяе месца.

Акрамя таго, журы вырашыла прысудзіць і дадатковы заахвочвальны прыз — Святлане Локтыш за апавяданне «Цыркачы», у якім на некалькіх старонках змясціліся лірыка і проза, крымінал і драма, а таксама эфектны фінал. Між іншым, Святлана — наша калега, доўгі час яна працавала журналістам у Ганцавічах і працягвае прафесійную дзейнасць у Мінску, а да напісання конкурснага твора яе падштурхнула таксама журналісцкая цікавасць: «зачапілася вокам» за маленькую заметку з залы суда, дзе маладога хлопца асудзілі за забойства жонкі. «Спачатку я мела іншую задумку, але героі пачалі дыктаваць свае ўмовы, і ў мяне муж аказаўся добры, харошы чалавек», — прызналася аўтарка.

— Што датычыцца конкурсу, я лічу, што гэта наогул вялікая ўдача, і не толькі для аўтараў-пачаткоўцаў, — надрукавацца ў «Звяздзе», грамадска-палітычным выданні, якое, па-першае, мае шырэйшае кола чытачоў, чым выданні літаратурныя, а па-другое, гэта менавіта тыя чытачы, для якіх кожны пісьменнік і працуе, — дадаў Алесь Бадак. — Бо мы пішам не толькі і не столькі дзеля таго, каб пачуць крытыку літаратуразнаўцаў, каб даведацца пра свае перавагі і хібы, а перад усім каб атрымаць водгук чытачоў. Невыпадкова конкурс існуе ўжо шмат гадоў. У свой час у ім удзельнічалі Іван Шамякін, Андрэй Федарэнка і многія іншыя вядомыя пісьменнікі, потым далучыліся не толькі прафесійныя аўтары, конкурс стаў насамрэч народным, і ў гэтым ёсць свая логіка — шукаць новыя таленты ва ўсіх кутках краіны, даць магчымасць чытачу адкрыць для сябе новыя імёны. Асобна адзначу, што ў апошнія гады дасланыя на конкурс творы дэманструюць шматжанравасць беларускай літаратуры: на старонках «Звязды» друкаваліся як класічныя апавяданні, так і гістарычныя, містычныя, дэтэктывы, фантастыка... І гэта, я лічу, стымулюе развіццё сучаснай літаратуры: чым больш разнастайная яна будзе, тым больш да яе будзе гарнуцца чытач.

Таму, шаноўныя чытачы і аўтары, мы не развітваемся, а распачынаем новы этап. Конкурс завершаны. Конкурс працягваецца!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фо­та Кас­ту­ся ДРО­БА­ВА

Увага! Літаратурны конкурс працягваецца

«Той, хто можа напісаць добрае апавяданне, можа напісаць і добры раман, — сцвярджае пісьменнік Алесь Бадак, які разам з нашай рэдакцыяй працягне курыраваць конкурс у 2018 годзе. — А вось той, у каго палёт і маштаб думкі дазваляюць напісаць добры раман, не заўжды здатны напісаць добрае апавяданне».

Вы належыце — альбо толькі збіраецеся ўвайсці — да ліку першых? Тады далучайцеся, калі ласка, да літаратурнага конкурсу «Звязды». Нагадаем яго галоўныя ўмовы:

— прымаюцца апавяданні на беларускай мове, якія раней нідзе не друкаваліся;

— разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара;

— памер дасланага твора не павінен перавышаць 5 старонак (10—12 тысяч знакаў)!

Рэдакцыя пакідае за сабой права не рэцэнзаваць і не вяртаць творы.

Апавяданні, а таксама некалькі слоў пра сябе і асабістыя звесткі (сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, кантактны тэлефон і поўныя пашпартныя даныя — нумар, кім і калі выдадзены пашпарт, асабісты нумар) накіроўвайце на адрас: г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, газета «Звязда» з пазнакай «На літаратурны конкурс». Тэксты таксама прымаюцца ў электронным выглядзе на іnfо@zvіаzdа.bу таксама з пазнакай «На літаратурны конкурс».

Загаловак у газеце: Планка прыгожага пісьменства

Каментары

Шаноўнай "Звяздзе", якая мае сваё выдавецтва, грэх не выдаваць творы лаўрэатаў свойго ўнікальнага літаратурнага конкурсу. Яшчэ і на міжнароднай выставе вызначыцеся!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.