Вы тут

Хто «частуецца» антыфрызам?


У канцы сакавіка краіну ўзрушыла здарэнне, якое адбылося ў Слуцку. Адзін за адным у цэнтральную раённую бальніцу горада былі шпіталізаваны пяць чалавек. Яны паспелі расказаць, што знайшлі на звалцы бутэльку з невядомай вадкасцю, якую і распілі. І праз некалькі гадзін памерлі...


Здавалася б, праблема атручэння алкагольнымі сурагатамі павінна адысці ў мінулае. Татальнага «сухога закону» ў Беларусі няма, ды і для таго, каб купіць спіртное, таксама не трэба шмат грошай ці прыходзіць да крамы пасля абеду, як у часы перабудовы. Але, нягледзячы на гэта, і цяпер некаторыя аматары моцнага «частуюцца» тэхнічнымі вадкасцямі. Праўда, гэты «ласунак» з вялікай доляй імавернасці становіцца апошнім у жыцці.

А пасля яго рэшткі трапляюць на разбор да спецыялістаў. Адзін з іх — дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт аддзела агульных экспертыз № 2 Упраўлення судовых экспертыз па горадзе Мінску Наталля Глінская, якая даследуе небяспечныя вадкасці ўжо каля дваццаці гадоў.

— Яны складаюць прыкладна дзясятую частку ад агульнай колькасці атручэнняў. Пераважная большасць такіх здарэнняў прыходзіцца на этылавы спірт і рэшта — на сурагаты алкаголю. Увогуле ж яны — гэта спіртазмяшчальныя вадкасці, якія ўжываюцца ў побыце і выкарыстоўваюцца для тэхнічных патрэб. Яны не прыдатныя для спажывання і дзеляцца на сапраўдныя і несапраўдныя. Сапраўдныя — тыя, якія змяшчаюць этылавы спірт. Гэта — настойкі пустырніку, глогу. У склад несапраўдных жа ўваходзяць або метылавы спірт, або этыленгліколь. Метылавы спірт, напрыклад, змяшчаюць растваральнікі, антыфрыз, шклоамывальнікі. А вось этыленгліколь — адзін з кампанентаў тармазной вадкасці аўтамабіляў і антыфрызу.

Раней у гэты сумны спіс уваходзіла таксама і палітура. Гэтая вадкасць выкарыстоўвалася падчас аддзелкі мэблі. Распазнаць яе вельмі проста — дзякуючы савецкай мэблі, якая пры належным доглядзе мае ледзь не люстраны бляск. Палітура мае складаны хімічны састаў — фактычна гэта смалістыя рэчывы ў спіртавым растворы. Гэта і спакушала тых, хто працаваў на мэблевай вытворчасці, спажываць палітуру не толькі для націрання мэблі, але і ўнутр.

Але цяпер спажыванне палітуры, як кажуць, пераральным шляхам адышло ў нябыт. Як, зрэшты, і ласьёнаў з адэкалонамі. На змену ім прыйшлі «фуфырыкі» з настойкамі лекаў.

Клін клінам выбіваюць

— Сурагаты і алкаголь процілеглыя па часе дзеяння. Этылавы спірт усмоктваецца ў кроў павольней за сурагаты. І распадаецца хутчэй, у той час як сурагаты там могуць цыркуляваць вельмі доўга. Больш за тое, менавіта прадукты распаду сурагатаў і атручваюць арганізм. Каб выклікаць сур'ёзныя парушэнні, патрэбна ўсяго толькі 7 мілілітраў метылавага спірту. Смяротная доза пачынаецца ад 50 мілілітраў. У этыленгліколю «запас трываласці» крыху большы — пры 50 мілілітрах чалавек атрымае атручэнне, пры ўжыванні ста — не выжыве.

Цікава, што антыдотам метылавага спірту з'яўляецца... звычайны этанол. Таму пры атручэнні метанолам менавіта яго «зарадзяць» у кропельніцу. І будуць перапампоўваць, пакуль канцэнтрацыя не дойдзе прыкладна да трох праміле. Вядома ж, пры гэтым пастаянна будуць браць кроў на аналізы. Менавіта з-за гэтай «канкурэнцыі» метылавага і этылавага спірту і назіраецца цікавая сітуацыя, калі ў адных людзей смяротнае атручэнне, напрыклад, пасля распіцця шклоамывальніка адбываецца хутка, а іншыя могуць пражыць і некалькі дзён. Свой адбітак, канешне, накладваюць хуткасць метабалізму і камплекцыя чалавека.

— Быў выпадак, калі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі прывезлі адразу трох чалавек, якія распівалі нейкую вадкасць. Аналізы паказалі наяўнасць метылавага спірту. З гэтай кампаніі двое памерлі — адбылося кровазліццё ў мозг, а трэці ўсё-такі выжыў.

Сам метылавы спірт падобны да этылавага — ён такі ж бескаляровы, мае амаль такі ж пах. А вось этыленгліколь — вадкасць вязкая.

— Якая самая моцная ступень ап'янення была вамі зафіксавана?

— Калі мы яшчэ працавалі стажорамі, то была прызначана судова-медыцынская экспертыза па двайным забойстве. Нехта забіў маці і дачку. Як правіла, эксперт мусіць адказаць — ці ўжывала ахвяра незадоўга перад смерцю алкаголь? І вось адна проба паказала нейкія фантастычныя вынікі, другая... Адным словам, усе пробы паказалі адно і тое ж — у маці было зафіксавана 11,5 праміле алкаголю, у дзяўчыны — 7. Што менавіта і колькі яны пілі, так і засталося загадкай.

— Што не рэкамендавана рабіць пры атручэнні спіртам або сурагатамі?

— Выклікаць рвоту, калі парушана прытомнасць. Рвотныя масы могуць трапіць у дыхальныя шляхі. Для гэтага і выкарыстоўваецца прамыванне страўніка ў стацыянары з зондам. Таксама нельга пацярпелага абліваць халоднай вадой. Алкаголь павышае тэмпературу цела, і з-за рэзкага кантрасту чалавек можа проста знепрытомнець.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.