Вы тут

У сталіцы адзначылі юбілей беларускага пламбіру


Нягледзячы на тое, што доўгія выхадныя выдаліся даволі халодныя і дажджлівыя, свята дня нараджэння айчыннага марожанага сабрала мноства гасцей і ўдзельнікаў. Як адзначылі арганізатары, 15 тысяч наведвальнікаў атрымалі адмысловыя беларускамоўныя пашпарты грамадзян «Краіны марозіва», а за 6 гадзін фестывалю было з'едзена паўтары тоны нарыхтаванага загадзя ласунку.


Тэматычны парк забаў «Краіна марозіва» разгарнуўся на адзін дзень у наваколлі «Мінск-Арэны». Дарэчы, гасцямі яго сталі не толькі жыхары сталіцы. Пра гэта яскрава сведчыла спецыяльна ўсталяваная 3-метровая карта Беларусі: на выяве, дзе кожны ахвотны мог звязаць каляровымі стужкамі Мінск і свой родны горад ці малую радзіму сваіх бацькоў, акрамя беларускіх гарадоў і вёсак, з'явіліся Ніжні Ноўгарад, Варкута і нават Нью-Ёрк...

Адгукнуліся наведвальнікі і на прапанову арганізатараў не толькі пакаштаваць эка-марожанае (лімітаваная серыя «Белага полюса 1938» зроблена па аўтэнтычным рэцэпце без «Е» сярод складнікаў), але і скарыстацца эка-транспартам. Так, на фэст завітала больш за 1000 веласіпедыстаў і скейтараў, кожны з якіх у якасці заахвочвання атрымаў пачак пламбіру «Белы полюс». Што цікава, дарослыя пераважна выбіралі эскімо, а маленькія госці — вафельныя кубачкі. Карысталіся попытам і іншыя гатункі марожанага і малочныя кактэйлі з яго, а таксама... дранікі з марожаным, якія замаўлялі так часта, што ў сярэдзіне дня спатрэбілася дадаткова завозіць бульбу.

Ну, а непасрэдна на святочных пляцоўках кожны выбіраў сабе занятак для душы: малеча з задавальненнем гуляла ў канструктары і лялькі, каталася на стылізаванай надзіманай снежнай горцы і «ўзыходзіла» на самую сапраўдную — пад вечар ад двухметровай горкі, на якой фатаграфаваліся і гулялі ў снежкі цэлымі сем'ямі, застаўся толькі сціплы ўзгорак. Акрамя таго, дзеці розных узростаў ахвотна ўдзельнічалі ў заездах на бегавелах і веласіпедах, скачках на батутах, квэстах і творчых майстар-класах. Дарослыя з не меншым імпэтам спаборнічалі ў кёрлінгу, настольным тэнісе, адкрытых уроках танцаў, падпявалі выступоўцам падчас вялікага музычнага марафону. А ўвечары тыя, хто загадзя прайшоў рэгістрацыю ў арганізатараў і меў з сабой канькі, змаглі трапіць на галоўны каток краіны, дзе зазвычай трэніруюцца толькі прафесійныя спартсмены.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Кёрлінг, снег і 1,5 тоны марожанага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?