24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Што рабіць, калі дзіця атрымала апёк


Дзе багата нянек, там дзеці бязносыя. Справядлівасць гэтага выразу можа пацвердзіць любы ўрач-траўматолаг, бо колькасць няшчасных выпадкаў з дзецьмі павялічваецца ўвечары, у выхадныя і святочныя дні, калі ўся сям'я ў зборы.


Вось падчас вячэры малы сядзіць у таты на руках за агульным сталом і радуецца магчымасці пабыць разам з усімі. Сваю радасць ён выражае так бурна, што ў адно імгненне татаў вялікі кубак перакульваецца, і гарачая гарбата выліваецца на дзіця. Малое плача ад болю і крыўды, а дарослыя мітусяцца і не ведаюць, чым дапамагчы...

— У параўнанні з мінулымі гадамі колькасць апёкаў у дзяцей скарацілася, але ўсё роўна лічба немалая — ад 6 да 10 % ад усіх дзіцячых траўмаў, — расказвае ўрач-траўматолаг 3-й дзіцячай раённай паліклінікі Мінска Уладзімір Баканоўскі. — Больш за палову апечаных маюць патрэбу ў абавязковай шпіталізацыі, і адзін з дзесяці падвяргаецца аперацыям, нярэдка паўторным. Большая частка дзяцей, якія атрымліваюць апёкі, ва ўзросце 4—5 гадоў. Самыя маленькія найчасцей атрымліваюць апёк падчас перакульвання на сябе кубкаў, талерак з гарачай гарбатай ці малаком у той перыяд, калі яны застаюцца за сталом адны ці з-за няўважлівасці дарослых. У адным з пяці выпадкаў апёкі дзецям наносяць дарослыя. Значна больш небяспечныя апёкі полымем, якія часцей назіраем у дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Іх атрымліваюць падчас гульняў каля вогнішчаў ці з вогненебяспечнымі прадметамі. Бываюць выпадкі, калі ад агню пакутуюць зусім маленькія дзеці. Некаторыя мамы выстаўляюць каляскі з дзецьмі на адкрытыя балконы, падмяняючы гэтым прагулкі на свежым паветры. І на дзіця падае зверху гарачы недакурак, які і выклікае загаранне адзення.

Што рабіць, калі дзіця атрымала апёк? Здаецца, у сям'і ўсе ведаюць, як з імі змагацца. Адзін прапаноўвае пасыпаць крухмалам, другі — прыкласці цёртую бульбу, трэці — памазаць сланечнікавым алеем, нарэшце, нехта ўспамінае, што апёкі лечацца абляпіхавым алеем... Спыніцеся! Пашкадуйце дзіця. Самае лепшае, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі, — прыкласці холад ці патрымаць апёк пад праточнай халаднаватай вадой хвілін 15—20. Але гэта магчыма толькі ў выпадку, калі цэласнасць скурнага покрыва не пашкоджана. Калі гэта хімічны апёк, то важна змыць ці нейтралізаваць актыўнае рэчыва.

— На гэтым этапе нельга прымяняць масленыя мазі і іншыя тлушчазмяшчальныя прадукты, — тлумачыць старшая медыцынская сястра хірурга-траўматалагічна-артапедычнага аддзялення 3-й дзіцячай раённай паліклінікі Мінска Ганна Самсонік. — Вельмі распаўсюджана памылка, што апёк трэба змазаць чымсьці тлустым — напрыклад, смятанай ці алеем. Гэта недапушчальна, бо толькі ўзмоцніць цяжкасць паражэння, а персаналу ў шпіталі давядзецца выдаляць масленую плёнку, прычыняючы дадатковыя пакуты дзіцяці.

Таксама не варта самастойна выдаляць з пацярпелага фрагменты абгарэлага адзення. Гэта можа прывесці да адслаення вялікіх участкаў скуры, кровацячэння, а пасля і да інфіцыравання раны. Не трэба самастойна праводзіць апрацоўку раны. Без абязбольвання гэта прычыніць дзіцяці дадатковыя пакуты і можа справакаваць шок ці ўзмацніць яго

Распаўсюджаныя памылкі

Уводзіць прэпараты, накладваць мазі самастойна нельга. Калі рабіць гэта без спецыяльных ведаў, стан пацярпелага толькі пагоршыцца. Гэтак жа няправільна самастойна ачышчаць апёкавыя раны, асабліва пры адсутнасці перавязачнага матэрыялу і адэкватнага абязбольвання. Накладаць жгут без асаблівай неабходнасці таксама не рэкамендуецца. Гэта прывядзе да ўзмацнення ацёку. Каб не дадаваць пакут і не ўнесці інфекцыю, не праколвайце пухіры, якія з'явіліся на пашкоджанай скуры.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі дзіця атрымала апёк...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.