Вы тут

Каму патрэбна гарбарная сыравіна?


У Савеце Рэспублікі ў дзень завяршэння вясновай сесіі разгледзелі дзевяць пытанняў, у тым ліку зацвердзілі справаздачы аб выкананні леташняга бюджэту і пазабюджэтных фондаў.


Досыць негатыўную рэакцыю выклікала ў сенатараў выступленне першага намесніка старшыні дзяржаўнага канцэрна «Беллегпрам» Вячаслава Мірусіна, які прадстаўляў Дэкрэт кіраўніка дзяржавы ад 20 чэрвеня 2018 года № 2, які ўносіць змяненні ў Дэкрэт № 6 ад 7 мая 2012 года. Апошні накіраваны на стымуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці ў сярэдніх і малых гарадскіх пасяленнях і ў сельскай мясцовасці. Новы дакумент устанаўлівае абмежаванні на экспарт неапрацаваных скур буйных рагатых жывёл.

Новую норму прадстаўнік канцэрна растлумачыў мэтазгоднасцю перапрацоўкі ўсёй беларускай гарбарнай сыравіны на айчынных заводах. «Гарбарная сыравіна, гэтаксама як і лён, — гэта ўсе сыравінныя рэсурсы Рэспублікі Беларусь, неабходныя для вытворчасці тавараў лёгкай прамысловасці» (маецца на ўвазе, што іншай айчыннай сыравіны для лёгкай прамысловасці краіны няма. — «Зв.»), — аргументаваў дакладчык пункт гледжання распрацоўшчыкаў дэкрэта. У сувязі з гэтым, а таксама па прычыне скарачэння пагалоўя жывёл, абмежаванні на экспарт гарбарнай сыравіны былі ўстаноўлены ў нашай краіне ў 2008 годзе, а ў 2010-м падобная мера была распаўсюджана на краіны Мытнага саюза (абмежаванне датычыцца прода-
жу за яго межы). Ужо двойчы «Беллегпрам» прапаноўваў увесці забарону на экспарт скур буйных рагатых жывёл за межы ЕАЭС, але пакуль не дабіўся тут поспеху. Зараз вялікія партыі неапрацаваных скур прадаюцца ў Расію, прычым па цэнах, якія значна ніжэйшыя за тыя, за якія купляюць сыравіну беларускія заводы.

Аднак у членаў Савета Рэспублікі ўзнікла пытанне, што ў выпадку ўвядзення абмежавання на экспарт рабіць вытворцам у аграрным сектары са скурамі жывёл, якія беларускія заводы альбо не бяруць, альбо за якія не плацяць. «Куды нам падзець гэтыя скуры? — запытваў выступоўцу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Агракамбінат Сноў» Мікалай Радаман. — У прыватнасці, нават у мяне на сённяшні дзень шэсць машын са скурамi стаяць і, натуральна, тыя псуюцца... Што нам рабіць?»

Члены Савета Рэспублікі прынялі да ведама прадстаўлены дэкрэт, але разам з тым звярнулі ўвагу кіраўніцтва «Беллегпрама» на праблему своечасовай перапрацоўкі скур жывёл, разлікаў з пастаўшчыкамі і вырабу з гэтых скур запатрабаванай на рынку прадукцыі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?