Вы тут

«Боль памяці аб страшных падзеях Другой сусветнай сабраў нас»


Ёсць боль, які не мае часавых і фізічных межаў. Перадаецца праз пакаленні. Нагадвае пра памылкі, які апякаюць сваёй маштабнасцю і бесчалавечнасцю. Рэха вайны, якое Беларусь дагэтуль адчувае, у сучасных геапалітычных умовах, на жаль, не так востра чуецца па ўсім свеце, а вось напружанне паміж краінамі і іх аб'яднаннямі — выразна. Адным з месцаў, дзе водгук Другой сусветнай ажно «звініць», з'яўляецца былы лагер смерці «Трасцянец», што пад Мінскам. Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з федэральнымі прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Аляксандрам Ван дэр Беленам наведаў гэты мемарыяльны комплекс, дзе адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр нацызму. Гэта чацвёрты па колькасці загінулых нацысцкі лагер смерці ў Еўропе.


Кіраўнікі дзяржаў па дарозе да мемарыяльных могілак «Благаўшчына» прайшлі міма архітэктурна-скульптурных збудаванняў. Яны сімвалізуюць вагоны, у якіх прывозілі людзей у канцлагер. У іх вокнах можна пабачыць запаленыя лампады і кветкі. Ганна Аксёнава, галоўны архітэктар праекта, расказвае, што перш, чым пачаць работу, тут былі праведзены комплексныя навуковыя пошукі. З іх дапамогай стала зразумела, дзе менавіта знаходзяцца магілы. Былі вывучаны і друкаваныя матэрыялы.

«Нам давялося некалькі разоў перарабіць праект, каб найбольш дакладна вызначыць месцазнаходжанне магіл. Выязджалі сюды, у Благаўшчыну, дзе раней усё было парослае травой, нават ямы было складана распазнаць. Калі пачаліся работы, мы задумаліся: як лепей аформіць два асноўныя пахаванні. Вырашылі не ставіць гранітныя барты вакол магіл, а тактычна абысці іх стальнымі лістамі. Яны адлюстроўваюць неба, рэчаіснасць і аб'ядноўваюць тое, што было ў той перыяд часу, з тым, што адбываецца зараз. Загінулыя тут людзі маглі б бачыць зараз тое, што мы бачым цяпер», — раскрывае ідэю помніка архітэктар праекта.

Мітынг-рэквіем распачаў кіраўнік беларускай дзяржавы: «Боль памяці аб страшных падзеях Другой сусветнай вайны сабраў нас сёння разам. Я гляджу ў гэту імправізаваную залу: мы як адна сям'я. Лічу, што гэта галоўны сімвал нашай сённяшняй сустрэчы. Мы — прадстаўнікі розных народаў, веравызнанняў, жыхары розных дзяржаў, палітыкі і грамадскія дзеячы — знаходзімся тут, таму што памятаем трагічныя ўрокі агульнай гісторыі. Ведаем, як абясцэніла чалавечае жыццё ідэалогія нацызму, што перавярнула свет злачынствамі, якім няма роўных па сваёй жорсткасці».

На думку беларускага лідара, самай неспасцігальнай з'явай Другой сусветнай вайны сталі лагеры смерці. На тэрыторыі аднаго з іх, аднаго з самых буйных па колькасці ахвяр, і адкрываецца новы мемарыяльны аб'ект. Тут дарогай смерці наканавана было прайсці яўрэям з Берліна, Брэмена, Вены, Дортмунда, Прагі і іншых еўрапейскіх гарадоў. Тут жа спачывае прах і беларускага мірнага насельніцтва, падпольшчыкаў і савецкіх ваеннапалонных, якія былі знішчаны.

«У нашых архітэктараў атрымалася ўвасобіць у мемарыяле тонкую мяжу паміж жыццём і смерцю, пераступаючы якую жывы чалавек ператвараўся ў прыгаршчы попелу, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Немагчыма змірыцца з тым, што такое адбывалася на беларускай зямлі. Аднак гэта было. І гэта не наша стварэнне, не беларусаў. І таму гэта выглядае яшчэ больш трагічным для нашай краіны, для беларускага народа».

Маючы ўнікальную магчымасць ведаць праўду той вайны з расказаў відавочцаў, галоўнае, што мы павінны зрабіць — захаваць яе, не дапусціць адраджэння страшнага мінулага, упэўнены Прэзідэнт Беларусі. Бо гісторыя жорсткім чынам паказала, што нельга ігнараваць зло, нават існуючае на стадыі ідэі. Яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу — пытанне часу.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў шчырыя словы падзякі прысутным прэзідэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячам, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый, кіраўніцтву і жыхарам еўрапейскіх гарадоў, усім неабыякавым людзям, агульнымі намаганнямі якіх захавана і працягвае заставацца памяць аб ахвярах «Трасцянца». Беларускі лідар заклікаў падтрымаць ініцыятыву беларускага боку па стварэнні электроннай кнігі памяці «Трасцянец». Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да сваякоў загінулых, вучоных, усіх, хто неабыякавы: «Давайце разам напішам гісторыю лёсаў забітых і пахаваных тут людзей».

Прэзідэнт Беларусі канстатаваў, што пасляваеннае ўладкаванне свету на многія дзесяцігоддзі гарантавала баланс бяспекі і міру на кантыненце. І падавалася, што ўрокі Другой сусветнай вайны, агульныя для ўсіх, назаўжды засвоены чалавецтвам. «Але сёння мы бачым, што мінулае нас не пакідае. Многія не прызнаюць дзяржаўных межаў. Сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з «дэманамі нецярпімасці», якія распаляюць нянавісць і правакуюць гвалт», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Таму Беларусь пераканана ў неабходнасці пачаць новы маштабны міжнародны дыялог, накіраваны на пераадоленне ўсіх супярэчнасцяў, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў сённяшніх геапалітычных адносінах. Толькі праз давер, павагу і адкрытую, шчырую размову можна прыйсці да рэальнага ўмацавання міжнароднай бяспекі, супольна супрацьстаяць варожасці, нянавісці і фанатызму, забяспечыць наступным пакаленням шчаслівую будучыню.

«І няважна, дзе адбудзецца гэты дыялог. І нават няважна, у межах якой арганізацыі — якая дзейнічае ці ў наноў створанай намі — адбудзецца гэты дыялог. Бо ён нам вельмі патрэбны. І ўсе мы гэта разумеем, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы адчуваем холад ужо не халоднай вайны. Нам трэба спыніцца. І тое, што мы сёння пра гэта кажам, — залог таго, што мы навучыліся засвойваць урокі з гісторыі. Ніколі больш не павінна паўтарыцца ў свеце трагедыя, якая паставіла пад пагрозу існаванне чалавецтва».

У ходзе выступлення на мітынгу-рэквіеме Прэзідэнт Беларусі аб'явіў хвіліну маўчання. Пра важнасць таго, каб памятаць урокі гісторыі, гаварылі прэзідэнты Германіі і Аўстрыі, было агучана пасланне Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Асабліва эмацыянальным атрымалася выступленне кіраўніка Германіі, які згадаў адзін з найбольш моцных фільмаў пра падзеі Другой сусветнай «Ідзі і глядзі» (зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» Элемам Клімавым па сцэнарыі Алеся Адамовіча). Ён прыкладна з такім жа лозунгам — па назве кінастужцы — заклікаў ставіцца да памылак тых часоў, як бы складана гэта ні было. Памятаць пра іх і ніколі не паўтараць.

З Германіі, дарэчы, прыехала даволі вялікая дэлегацыя. Напрыклад, Ігар Шкляр, член прадстаўніцтва сінадальнай супольнасці Кёльна, сам беларус, таму не мог не скарыстацца магчымасцю наведаць Радзіму. «Мая задача — пасля ў Кёльне расказаць пра тое, як тут, на Беларусі, клапоцяцца пра памяць аб вайне, пра гісторыю. Тое, што тут робіцца, звышкаштоўнае. Бо чалавек без гісторыі, з аднымі інстынктамі, — жывёла, не больш», — лічыць ён.

Увогуле сустрэча аб'яднала прадстаўнікоў самых розных канфесій. Арцыбіскуп Рымска-каталіцкай царквы на Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, лічыць, што кожная вайна — гэта бяда, якая не дзеліць людзей па веравызнанні, нацыянальнасці, палітычных поглядах. І тое, што адкрываецца мемарыяльны комплекс, сведчыць аб нашай памяці пра памылкі мінулых гадоў. «Памятаем не для таго, каб, скажам, раны, якія загаіліся, пасыпаць соллю, але каб памятаць сваю гісторыю — маці-настаўніцу, — кажа мітрапаліт. — Гэта яна мусіць перасцерагчы чалавецтва, каб такога болей ніколі не было».

Але больш за ўсё аптымізму выклікаюць тыя, хто прайшоў жахі вайны і пры гэтым не згубіў жыццялюбства. Валянціну Талкачову, які дзіцем перажыў канцлагер і нямецкі палон, зараз 79 гадоў, а ён працягвае займацца зімовым плаваннем, выкладаў, пісаў кнігі, ладзіў бізнес. І ў сваім узросце жартуе, што плануе пражыць 150 гадоў: за сябе і за свайго бацьку, якога даўно не стала... «А ўнукам пра тыя жахі, што мы прайшлі ў канцлагерах разам з маці, лепей не ведаць. Што пужаць? Можа, калі падрастуць... Галоўнае, каб тая страшная памылка, якая абярнулася такімі стратамі, больш ніколі не паўтарылася».

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Ідзіце і глядзіце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.