Вы тут

Як зніжэнне стаўкі рэфінансавання паўплывае на эканоміку


У краіне стаўка рэфінансавання знізілася з 10,5 % да 10 %. На яе памяншэнне станоўча ўплывае зніжэнне тэмпаў гадавой інфляцыі. Таксама варта адзначыць, што зніжэнне ключавога індыкатара адбываецца на фоне працяглага забеспячэння аб'ёмаў крэдытавання насельніцтва. Ці варта зніжаць кошт крэдытаў у такіх умовах? На думку эканамічнага аглядальніка Аляксея Аўдоніна, кантраляванае зніжэнне працэнтнай стаўкі па крэдытах павінна паспрыяць паскарэнню тэмпаў эканамічнага росту.


Паскорыць тэмпы росту

«Зніжэнне стаўкі рэфінансавання адпавядае заяўленым методыкам і механізмам, якія цяпер ужываюцца Нацбанкам. Яны закліканы рэгуляваць грашовую масу і працэнтную стаўку», — адзначыў эксперт.

На думку Аляксея Аўдоніна, казаць пра тое, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання на фоне закрэдытаванасці насельніцтва можа негатыўна паўплываць на эканоміку, — не зусім правільна.

«Нізкая працэнтная стаўка арыентавана паскорыць тэмпы эканамічнага росту. Яна стымулюе рост унутранага попыту і фінансаванне даўгоў, якія былі набраныя і насельніцтвам, і прадпрыемствамі раней. Гаворка ідзе пра 2014—2015 гады, калі стаўкі былі дастаткова высокія. Гэта дазваляе знізіць пазыковую нагрузку і паскорыць тэмпы росту прадпрыемства, павялічвае аб'ёмы спажывання насельніцтва», — лічыць эксперт.

Ён таксама адзначыў што аналагічную палітыку праводзяць краіны ЕС, ЗША, Кітай, дзе стымулююць эканамічны рост за кошт унутранага спажывання.

Гадавы мінімум інфляцыі

Перадумовы для зніжэння стаўкі рэфінансавання таксама ёсць. У Нацыянальным банку адзначаюць, у маі абноўлены гістарычны гадавы мінімум інфляцыі: прырост спажывецкіх цэн запаволіўся да 4,4 % у гадавым вымярэнні. Адносна красавіка ў маі спажывецкія цэны знізіліся на 0,3 %. Адбылося гэта ў першую чаргу за кошт запаволення росту цэн на плодаагароднінную прадукцыю, а таксама цэн, на якія не ўплывае сезонны фактар і адміністрацыйнае рэгуляванне.

Зніжэнне ключавога індыкатара павінна таксама ў найбліжэйшай перспектыве зменшыць кошт крэдытаў. Аднак, з пачатку года жыхары краіны ўжо набралі іх вялікую колькасць. Паводле статыстыкі рэгулятара, агульная запазычанасць фізічных асоб у краіне на 1 мая склала больш за 9,75 мільярда рублёў. Павелічэнне колькасці ўзятых крэдытаў расце на працягу пяці месяцаў. З пачатку года яна павялічылася на 718,5 мільёна рублёў (у студзені сума набраных крэдытаў складала 9031,9 мільёна рублёў).

Варта адзначыць, што каля траціны даўгоў складаюць крэдыты на спажывецкія патрэбы. Аб'ём іх з пачатку года вырас больш чым на 10 %.

Крэдытны фільтр

Крэдытны бум, які пачаўся раней, у Нацыянальным банку з 1 мая сталі рэгуляваць за кошт уводу новых правілаў крэдытавання насельніцтва. Згодна з імі, выплаты па ўсіх даўгавых абавязацельствах грамадзяніна не павінны перавышаць 40 % ад яго сярэднямесячнага даходу. Гэтая мера павінна знізіць рызыку некантралюемага крэдытавання.

Разам з тым сярэдняя працэнтная стаўка для фізічных асоб па новых крэдытах банкаў у нацвалюце на тэрмін да 1 года ў маі склала 9,3 % (паменшылася за месяц на 0,3 %), на тэрмін больш за 1 год — 11,7 % (паменшылася за месяц на 0,2 %). Зніжэнне працэнтнай стаўкі на «кароткія грошы» ў маі паказвае гатоўнасць працягваць крэдытаваць насельніцтва, нягледзячы на ўжо рэкордныя сумы набраных крэдытаў.

Здымаюць валюту з рахункаў

Цікавая сітуацыя адбываецца і на рынку ўкладаў. На 1 мая тэрміновыя валютныя дэпазіты фізічных асоб у банках краіны зменшыліся з пачатку года больш чым на 4 % і склалі 6,4 млрд долараў. Насельніцтва працягвала здымаць з рахункаў валюту з прычыны нізкай прыбытковасці.

Для даведкі: сярэдняя працэнтная стаўка ў замежнай валюце па новых банкаўскіх укладах для фізічных асоб на тэрмін да 1 года ў маі склала 0,6 % (павялічылася на 0,1 % за месяц), а больш за 1 год — 1,5 % (за месяц павялічылася на 0,2 %). Месячны рост сапраўды назіраецца, але ён усё яшчэ застаецца нязначны.

Што датычыцца сярэдняй працэнтнай стаўкі ў нацыянальнай валюце, то яна па новых банкаўскіх укладах для фізічных асоб на тэрмін да 1 года ў маі склала 8,1 % (павялічылася на 0,4 % за месяц), на тэрмін больш за 1 год — 11,1 % (знізілася за месяц на 0,2 %). За месяц адбыўся рост стаўкі на «кароткія грошы» і нязначнае падзенне на «доўгія».

Таксама вядома, што на 1 мая 70 % рынку тэрміновых валютных дэпазітаў фізічных асоб кантралявалі ўсяго тры банкі — Беларусбанк (46 %), Белаграпрамбанк (18,2 %) і БПС-Ашчадбанк (5,8 %). Астатнія банкі абслугоўвалі 30 % укладаў грамадзян.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Крэдыты яшчэ патаннеюць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».