Вы тут

«Перакладчыку варта адчуваць дух твора...»


Яраслава Шэкера — украінская перакладчыца-кітаістка, паэтэса, літаратуразнаўца, мастак, майстар выцінанак. Пра творчасць, пра Усход, пра тое, чым цікавы славянскім літаратурам кітайскі свет, — наша размова для газеты «Літаратура і мастацтва».


— Яраслава, вы, пэўна, належыце да ліку першапраходцаў у сучаснай украінскай кітаістыцы. У 1998 годзе паступілі на спецыяльнасць «Кітайская мова і літаратура» Інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Чым, якімі зацікаўленнямі менавіта на той час быў абумоўлены ваш выбар?

— Не, зусім не да першапраходцаў я належу... У Шаўчэнкавым універсітэце кітайскую мову пачалі вывучаць яшчэ ў 1992 годзе. А сапраўдным піянерам украінскай кітаістыкі, відавочна, лічаць Івана Карнеевіча Чырка, які, між іншым, пераклаў нямала празаічных твораў кітайскай літаратуры на ўкраінскую...

Што да майго выбару «кітайшчыны»... Гісторыя такая. Яшчэ задоўга да заканчэння школы было зразумела, што мне нашмат бліжэй гуманітарная сфера (мова, літаратура), хаця абодва бацькі матэматыкі. У 11-м, выпускным, класе сталі разам з бацькамі думаць-разважаць: заходняя філалогія? Штосьці не вабіць англійская (хаця вывучала яе з 5 класа). Можа, усходняя?! Так, паспрабаваць бы! Таямнічы неспазнаны Усход — што ведалі пра яго напрыканцы 1990-х ва Украіне?! Тым годам набіралі студэнтаў на кітайскую, карэйскую, турэцкую. Бацькі зазіралі ў будучыню і разумелі, што Кітай падымаецца, эканамічна расце, ды і багатую, тысячагадовую культуру мае! Так і вырашылі: «Кітайская грамата!»

Усе пужалі: якія страшныя іерогліфы, ты ж замучаешся! Не баялася. Да таго ж з дзяцінства захапляюся выцінанкай, а яна сама што ні ёсць падыходзіць да Кітая. Ды і іерогліфы, у нашым тагачасным дзіцячым, дылетанцкім уяўленні, — гэта «малюнкі», а я ж малявала!.. З таго часу і не шкадую пра свой выбар. Гэта сапраўды маё, мой галоўны жыццёвы шлях!..

— Ваша першая стажыроўка ў КНР адносіцца да верасня 2000 — чэрвеня 2001 гг. Тады вы вучыліся ў Чанчуньскім педагагічным універсітэце. Выбар тэмы даследаванняў, задума дысертацыі, якую вы абаранілі па тэме «Генезіс і функцыянаванне мастацкіх вобразаў у кітайскай паэзіі эпохі Тан (VII—X стст.)» адносіцца якраз да таго часу?

— Дзіўнае і нечаканае пытанне. Мне такога ніхто не задаваў!.. Ды ўсё ж не, мабыць. Што ж, на той час кітайскую мову я вучыла толькі два гады! Але вы, пэўна, нешта адчуваеце, паколькі задаяце менавіта такое пытанне. Мы мелі цудоўную выкладчыцу кітайскай — Аксану Яраславаўну Трызуб, і менавіта сама яна першай пазнаёміла нас з паэзіяй эпохі Тан. Прыгадваю, калі далі вершык (чатыры радкі — 20 іерогліфаў) вывучыць на памяць, я вывучыла, зрабіла для сябе падрадкоўны пераклад — і кладуся спаць. А перад сном мроіцца мастацкі пераклад. І клопат адразу паўстае: галоўнае — не забыцца да раніцы!

Так і ўзнікла тады нізка маіх першых перакладаў з кітайскай мовы. Аднак здарылася гэта ўжо пасля Кітая (я ж там стажыравалася ажно два гады), праз пэўны час пасля заканчэння ўніверсітэта, — я іх усе перагледзела і перарабіла, болей «вярнуўшы» да арыгінала...

А ў Кітаі... вучыла, як усе нашы студэнты, перш-наперш мову... У літаратуру, хаця і была пэўная прага да гэтага, не ўдалося асабліва ўнікнуць. Так, танскую паэзію перакладала, цікавілася ёю, але ўсё гэта было працай някідкай, для сябе, у час адпачынку ад урокаў. А вучыліся настойліва, лекцыі канспектавалі іерогліфамі.

— З 2000 года вы пачалі актыўна перакладаць кітайскую класічную паэзію, пазней прыйшлі да сучаснай паэзіі. Не задумваліся, чаму паэзія ў кітайцаў такая жывучая, вытрымала выпрабаванне многімі стагоддзямі?

— Не, не задумвалася. Паэзія ў прынцыпе жывучая. Калі яна, зразумела, сапраўдная. Паэзіяй гаворыць сама душа... Душа чалавека, душа народа. А душа народа вечна жывая, ёй не страшныя ніякія ліхалецці...

— Хто з класічных паэтаў вам бліжэй за іншых? У Беларусі выдаецца праект «Светлыя знакі: паэты Кітая». Выйшла ўжо адзінаццаць кніг. У ліку аўтараў — Ду Фу, Лі Бо, Мэн Хаажань, Лі Цінчжаа... Каго з паэтаў сярэднявечча вы параілі б беларускім перакладчыкам для падрыхтоўкі новай перакладной кнігі?

— Недзе ўбаку ад плеяды класічных паэтаў стаіць Хань Шань — будыйскі манах, які жыў у VIII стагоддзі. Але каб зразумець яго творчасць, неабходна неабыякавае паглыбленне ў сярэднявечны чань-будызм. Сама асабіста адчуваю з Хань Шанем нейкую таямнічую повязь, нямала яго перакладала і даследавала яго памкненні і творчасць... Буду асцярожная ў сваіх парадах, бо ўсё ж поўнасцю не ведаю, хто беларусамі перакладзены з кітайскай паэзіі.

— Пачынаючы з шостай ці сёмай кнігі серыі, усе зборнікі «Светлыя знакі...» праілюстраваў адзін і той жа беларускі мастак азербайджанскага паходжання Каміль Камал, ці Камал Гаджыеў (гэта яго сапраўдныя імя і прозвішча). Ведаю, што вы захоплены кніжнай графікай. Працуеце ў жанры выцінанкі. Калі б да вас звярнуліся беларускія выдаўцы з прапановай аформіць адну з кніг серыі, вы пагадзіліся б? Каго з паэтаў Кітая вы гатовы былі б прадставіць як мастачка? Ведаю, што беларускія выдаўцы збіраюцца выпусціць кнігу Су Шы. А Мікола Мятліцкі рыхтуе пераклады для вялікай кнігі Ай Ціна (раней зборнік Ай Ціна выйшаў у беларускіх перакладах розных аўтараў у 2015 годзе)...

— Што ж, магчыма, я з задавальненнем і аформіла б якую з кніг кітайскіх паэтаў, выдадзеную па-беларуску. Гатовая падзяліцца і ранейшымі выцінанкамі. У іх хапае кітайскіх матываў. Да таго ж я некалькі гадоў таму назад афармляла трохтомную «Хрэстаматыю кітайскай літаратуры».

— У вашым даследчыцкім, навуковым багажы некалькі артыкулаў, прысвечаных Лі Бо. Які з яго вершаў больш за ўсё вам па душы?

— Прызнаюся, што ўжо даўно не захапляюся кітайскімі вершамі як перанасычаны імі чытач, а толькі «разбіраю» іх як навуковец, як той медык-хірург зазіраю ў іх сутнасць. Таму і не мыслю так, што, маўляў, той верш люблю, а гэты мне меней даспадобы. Таму і не магу выдзеліць нешта канкрэтна. Нават у вялікага Лі Бо...

— Украінская паэзія — класічная і сучасная — багатая на яркія жаночыя імёны. Леся Украінка, Ліна Кастэнка... Вы падрабязна вывучалі творчасць геніяльнай кітайскай паэтэсы Лі Цінчжаа. Ці можна весці размову пра падабенства жаночага паэтычнага мыслення, не зважаючы на краіны і стагоддзі? Чым блізкія, напрыклад, Леся Украінка і Лі Цінчжаа?

— Як бы гэта банальна ні гучала, напэўна, перш за ўсё яны падобныя тым, што яны — жанчыны. І ў Кітаі, і ва Украіне, і ў Беларусі жанчыны ў паэзіі застаюцца жанчынамі... Жаночае пісьмо — «завуалявана-далікатнае» пісьмо (гэта адзін са стыляў, у якіх пісалі вершы жанру ці з эпохі Сун — Х—ХІІІ стст.), калі жыла Лі Цінчжаа. Так, тэматыкі ў Лесі Украінкі і ў Лі Цінчжаа шмат у чым падобныя. Гэта і з-за таго, што абедзве шмат нацярпеліся, аднак мужна выстаялі, выпакутавалі. Супрацьстаялі нязгодам. Дэманстравалі выключную мужнасць, якая не пад сілу і мужчынам. Так, можна гаварыць пра падабенства, можна іх творчасць разглядаць з дапамогай кампаратывісцкага аналізу. Але я па гэтым шляху не ішла і ў такі аналіз заглыбляцца пакуль што не збіраюся.

— Што б вы параілі пачынаючым перакладчыкам кітайскай літаратуры?

— Перш-наперш — максімальна пранікнуць у сутнасць мастацкага твора, адчуць яго аўру, дух. І, відавочна, трэба зразумець, дзеля чаго ён быў напісаны, зразумець яго аўтара, прыняць на сябе ўсю боль, усю радасць, выкладзеную тым ці іншым паэтам альбо празаікам. Без разумення і адчування духу мастацкі пераклад наўрад ці будзе адэкватны арыгіналу па сіле ўздзеяння на чытача. Парада гэтая ў тым — каб не шкадавалі часу, сіл на ўніклівасць, не ленаваліся зазіраць у глыбіню, шукалі ўсе фарматы інтэрпрэтацыі!.. І, вядома ж, у перакладчыкаў павінна быць жылка паэта ці празаіка. Перакладчыкі не могуць быць абыякавыя да мастацкіх праяў, павінны ўмець самастойна мысліць, выяўляць свой уласны мастацкі характар!

— Вы добра вядомыя сваімі арыгінальнымі паэтычнымі творамі. Наколькі сур’ёзна аказвае ўплыў на вашу творчасць веданне кітайскай паэзіі?

— Мяркую, што надта сур’ёзныя ўплывы здзейсніліся... У мяне ўвогуле — як, пэўна, і ў кожнага ці ў большасці паэтаў — творчасць ідзе перыядамі. Пачала пісаць у 12 гадоў: прырода, далей каханне, філасофія жыцця...

Нешта і патрыятычнае прабівалася. Некаторы год — і ніводнага радка. «Адпачывала»... Трохі было і прозы — спярша нешта кшталту апавяданняў, а апошнімі гадамі захапілася дарожнымі нататкамі (маю іх недзе звыш 20). Паўсюль — дзе б ні была — пішу па свежых слядах. Часта такія падарожныя рэчы «перабіваю» вершамі (якія народжаны ў тых самых падарожжах). А гадоў з пяць назад пачалося пісанне нечага медытатыўна-медытатыўнага. Такія вось пульсацыі думкі (здаецца, у адной з кіеўскіх паэтэс так і зборнік называецца — «Пульсацыя думкі». Салодкае ўсведамленне моманту: тут і цяпер. А сёння...

А сёння пісаць не хочацца. Здаецца, што ўжо ўвесь свой досвед пераказала ў вершах! А як будзе далей — не ведаю. Можа, ізноў год «творчага адпачынку»... Ці хутчэй — адпачынку ад творчасці... Я сказала б яшчэ і так: хутчэй не сама кітайская паэзія ўплывае на маю творчасць, а ўвогуле ўплываюць дух і філасофія кітайскія... З часам усведамляю, што мой уласны светапогляд — на добрую палову ўсходні...

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Кіеў — Мінск 

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва".

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».