Вы тут

У рэжыме жорсткай эканоміі асвятляюцца вуліцы вёсак летам


Нават у народным фальклоры на розныя лады апяваецца, што летнія купальскія ночкі праходзяць хутка, бо зусім маленькія. Апошняя акалічнасць, як высветлілася, цікавіць не толькі маладых ды закаханых, але і мясцовую ўладу, якая размяркоўвае сродкі, выдзеленыя на вулічнае святло, і думае, як іх лепш эканоміць. Але адсутнасць прывычнага святла на вясковых вуліцах часам выклікае нараканні і скаргі грамадзян... Як гэта пытанне вырашаецца ў асобных рэгіёнах Брэстчыны, мы пацікавіліся ў кіраўнікоў Саветаў розных узроўняў.


Аляксандр САРОКА, старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў:

— У летнія месяцы вулічнае асвятленне амаль не ўключаем. Эканомім. Кожны год з раённага бюджэту выдзяляецца пэўная сума грошай, якіх павінна хапіць да наступнага года. Каб не здарылася так, як два гады таму ў Брэсце, калі горад часткова застаўся без святла ў снежні, — гэты ліміт трэба разумна расходаваць. Таму мы і дамовіліся з жыхарамі вёсак на сходах, што летам будзем рабіць перапынак у асвятленні. А першага верасня, калі дзеці пачынаюць хадзіць у школу, на вуліцы па-ранейшаму вяртаецца святло. І павінен сказаць, у абсалютнай большасці сельскія жыхары праяўляюць разуменне. Цяжэй бывае знайсці падтрымку ва ўчастковых інспектараў — яны лічаць, што цемра спрыяе крымінальным учынкам. Але гэта спрэчнае пытанне. Калі хто задумаў благое, ён і ліхтарыкам пасвеціць. А іншы, хто захацеў палазіць па чужых падворках сп'яна, можа, наадварот, пабаіцца цемры...

Старшынь сельскіх Саветаў арыентуем не цалкам пакідаць вёскі без святла. Як правіла, адзін ліхтар гарыць каля клуба альбо СДК, калі там праводзяцца танцы ці іншае мерапрыемства, часам пакідаюць ліхтар каля магазіна. Астатнія ж асвятляльныя прыборы бяруць паўзу.

Апошнім часам раён набыў дарагія рэле для вулічнага асвятлення, таму раённыя электрасеткі трымаюць асобную брыгаду спецыялістаў для абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў. Абслугоўванне складаных прыбораў, заўважу, не таннае, таму даводзіцца эканоміць цяпер, каб позняй восенню і ўзімку не ўзнікала ніякіх надзвычайных сітуацый і звязаных з імі нязручнасцяў.


Аляксандр ЯРАШЭВІЧ, старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў:

— У нас раён даволі вялікі, ёсць буйныя населеныя пункты, таму пытанні асвятлення вырашаюцца па-рознаму. Скажам, у Давыд-Гарадку свой падыход, а ў Альшанах — свой. У Альшанах, дзе нават аптовы рынак сельгаспрадукцыі ёсць, названы аб'ект асвятляецца ўсю ноч. Пытанні вулічнага асвятлення вырашаюцца мясцовай уладай, гэта значыць сельскімі, гарадскім, пасялковым Саветамі на сесіях альбо прэзідыумах выканкамаў.


Таццяна ВАСЮХНЕВІЧ, старшыня Велікамалешаўскага сельскага Савета дэпутатаў Столінскага раёна:

— Гэта адно з галоўных пытанняў жыццядзейнасці сельскай тэрыторыі. Мы падыходзім да яго вырашэння надзвычай сур'ёзна. Схему асвятлення кожнага з пяці населеных пунктаў зацвярджаем на сесіі сельскага Савета, а потым гэтай схемы строга прытрымліваемся. У нас пражывае 5800 чалавек насельніцтва, сельсавет, як бачыце, вялікі. І ў асенне-зімовы перыяд бывае нямала нараканняў, калі дзеці вяртаюцца з заняткаў у другую змену альбо даяркі рана выпраўляюцца на работу, а ліхтар недзе не гарыць. Таму, каб асвятленне працавала бездакорна з восені да позняй вясны, летам яно пераводзіцца ў надзвычай ашчадны рэжым. Але поўнасцю вёскі без святла мы не пакідаем. Асвятленне застаецца на цэнтральных вуліцах, пры гэтым у адной з вёсак у нас летам уключаецца да сямі ліхтароў, у другой — толькі два. Глядзім па сітуацыі, і людзі падказваюць, у якім месцы пакінуць святло на скрыжаванні, у якім, напрыклад, — каля будынка школы.


Іосіф ГУЗІЧ, старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў:

— Да асвятлення ў летнюю пару, як і нашы калегі, падыходзім ашчадна. Праўда, у такіх населеных пунктах, як Пінкавічы, Малоткавічы, вёсках столінскага кірунку, дзе праходзяць дарогі рэспубліканскага значэння, святло гарыць. Гэта патрабаванне правілаў бяспекі. А ў невялікіх вёсках цяпер, калі ў адзінаццаць вечара яшчэ светла, а пасля чатырох раніцы пачынае віднець, траціць дарагую электраэнергію неразумна і нерацыянальна.


Алена СІНЮЦІЧ, старшыня Ласіцкага сельскага Савета дэпутатаў Пінскага раёна:

— Наш сельсавет адзін з самых аддаленых у раёне, мы жывём на мяжы з Украінай у вельмі прыгожай маляўнічай мясціне. Па тэрыторыі сельсавет вялікі, а па насельніцтве, наадварот, маленькі — 1200 чалавек. Адсюль і сціплы бюджэт, і неабходнасць жорсткай эканоміі. Летам мы бяром перапынак у асвятленні вясковых вуліц. Адзін ліхтар пакінулі на ўездзе ў Ласіцк. Тут вельмі небяспечны паварот, былі выпадкі аварый, таму мы вырашылі тут не эканоміць на асвятленні ў цёмны час для бяспекі людзей. Усе астатнія ліхтары на летнія месяцы выключаюцца. Работнікі электрасетак нават забіраюць рэле на гэты час, бо, па-першае, гэтыя прыборы часта церпяць ад маланак, а па-другое, праводзяцца іх рамонт, прафілактыка, перанастройка. А ўжо з восені яны будуць запраграмаваны на пэўны час.


Уладзімір ХВАЦІК, старшыня Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Лічу, што адключэнне асвятлення ў летні перыяд азначае разумную эканомію. Навошта спальваць бюджэтныя грошы там, дзе варта ўсё пралічыць і падысці рацыянальна? У нашым раёне ёсць шэраг буйных населеных пунктаў, праз якія праходзяць рэспубліканскія дарогі. Вядома, цэнтральныя вуліцы гэтых вёсак падсвечваюцца і ў начны час. Гаворка ідзе, напрыклад, пра Страдзеч, Матыкалы, Мухавец, Чарнаўчыцы і іншыя. А невялікія вёскі ўбаку ад вялікіх дарог могуць і не асвятляцца ў летнія месяцы. Колькі цяпер той ночы!

Заўважу, што не заўсёды па гэтых пытаннях мы знаходзім паразуменне з работнікамі міліцыі. Але і сам, як былы супрацоўнік праваахоўнай сістэмы, пры кожным зручным выпадку напамінаю калегам, што грошы ў бюджэт з неба не падаюць, яны зарабляюцца агульнай працай. Таму ставіцца да бюджэтнага рубля трэба з павагай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Святло «на паўзе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».